5 траўня 2024, Нядзеля, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Піянткоўскі: Мірная ініцыятыва Захаду не ўдалася

17
Андрэй Піянткоўскі: Мірная ініцыятыва Захаду не ўдалася

Прэзідэнт Расеі ўспрыняў нядаўні візіт заходніх лідараў у Маскву як праяву слабасці, таму на перамовах у Менску заняў жорсткую пазіцыю.

У Расеі для ўнутранай аўдыторыі прыезд да Пуціна прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель - стаў вялікім палітычным поспехам. Пачынаючы з Брысбэнскага саміту, ішла нарастальная тэндэнцыя палітычнай ізаляцыі Пуціна: яго не запрасілі на гадавіну вызвалення Асвенцыма, у Лондане пачаўся працэс, што прама вінаваціць яго ў забойстве Літвіненкі, піша расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі на сайце «Новы час».

Так што на гэтым фоне візіт Аланда і Мэркель быў неадкладна падхоплены прапагандай і адпрацоўваўся як поспех і ледзь не поўная перамога Пуціна над Захадам.

Усе дыпламатычныя рухі цела еўрапейцаў выгадныя расейскаму прэзідэнту - дзякуючы ім ён, звяртаючыся да сваёй аўдыторыі, нібы кажа: «Пра якую ізаляцыю можа ісці гаворка, калі яны з'явіліся да мяне на паклон?».

Таму Пуцін успрыняў прыезд заходніх лідараў у якасці праявы слабасці, і цяпер зойме жорсткую пазіцыю на перамовах у Менску.

Сёння раніцай я бачыў заявы праз расейскую тэлебавізію пра тое, што кантроль над мяжой нават не будзе абмяркоўвацца, і што пра гэта можа ісці гаворка толькі пасля палітычнага ўрэгулявання канфлікту. Ясна, што Пуцін не пагодзіцца ні на здачу кантролю над мяжой, ні на вывад расейскіх войскаў. Ён, як раней міністр замежных спраў Лаўроў, заявіць, што войскаў РФ у Данбасе няма.

Больш за тое, Пуцін можа рызыкнуць пайсці далей: выступіць з патрабаваннем аб увядзенні ў рэгіён міратворчых войскаў, асноўным кампанентам якіх павінны стаць расейскія вайскоўцы. Такім чынам яны паспрабуюць легалізаваць прысутнасць вайскоўцаў РФ у Данбасе - магчыма, Крамлю проста надакучыла хлусіць.

Натуральна, Пуцін уважае не да абмеркавання той факт, што ўтрымліваць гэтыя тэрыторыі павінна менавіта Украіна. Калі яму ўдасца гэтага дамагчыся, то расклад будзе куды горшы прыднястроўскага - Малдова, прынамсі, Прыднястроўе не фінансуе.

Сёння ў Менску шмат што залежыць ад еўрапейскіх лідараў: ці будуць яны імкнуцца ўгаварыць Парашэнку прыняць непрыемныя для Украіны ўмовы.

Перадумовы для гэтага ёсць: думаю, сама паездка Мэркель у Маскву была выкліканая тым, што канцлерка спалохалася гатоўнасці амерыканцаў прадаваць Украіне зброю і таго, што гэта можа справакаваць новы віток эскалацыі з боку РФ, і цяпер Мэркель хоча любым коштам дасягнуць хоць бы бачнасці мірнага пагаднення. Бо Масква, акрамя агрэсіі ва Украіне, увесь год займалася яшчэ і ядзерным шантажом, у прыватнасці, пасылала цалкам сур'ёзныя сігналы аб тым, што ў выпадку продажу ўзбраення Украіне Расея пойдзе на выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі.

Вынікаў можна дасягнуць толькі ў выпадку сур'ёзных саступак з боку Украіны, на якія наўрад ці гатовы пайсці Парашэнка - у тым ліку, і з унутрыпалітычных сітуацыі. Бо на наступны дзень яму давядзецца тлумачыць свае дзеянні ў Радзе, а затым - і звычайным украінцам.

Цяпер найбольшай папулярнасцю карыстаюцца дзве тэорыі што да перамоваў - здача Захадам Украіны альбо ж ультыматум Пуціну. Ісціна, як заўсёды, ляжыць дзесьці пасяродку.

Еўрапейцы вельмі хочуць дасягнуць хоць бы фармальных дамоўленасцей - бясспрэчны факт. Але ўсе прапановы, вылучаныя Пуціным, настолькі невыгодныя Украіне, што я не бачу магчымасці для ўкраінскага кіраўніцтва на іх пагадзіцца. Добрым вынікам было б, калі б і еўрапейцы зразумелі гэта - і прызналі, што іх мірная ініцыятыва не ўдалася.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках