5 траўня 2024, Нядзеля, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турбізнэс шакаваны: Нацбанк забараніў прымаць валюту за туры

13
Турбізнэс шакаваны: Нацбанк забараніў прымаць валюту за туры

Кампаніі вымушаныя будуць закладваць у туры ўсе дадатковыя выдаткі, звязаныя з канвертаваннем валюты.

З 1 сакавіка беларускія турфірмы не здолеюць прымаць замежную валюту ад кліентаў. Забарона прапісаныя ў пастанове ўправы Нацбанка, якая будзе дзейнічаць да пачатку 2017 года. Экспэрты прагназуюць, што прыбыткі беларускіх турфірм істотна знізяцца. Акрамя таго, узнікнуць ценявыя схемы разлікаў, паведамляе Naviny.by.

Мінулы год быў надзвычай складаным для турыстычнага бізнэсу ў Беларусі - анэксія Крыма, складаная палітычная абстаноўка на постсавецкай прасторы, фінансавы крызіс у Расеі, дэвальвацыя беларускага рубля...

Некаторыя фірмы былі вымушаныя на некалькі месяцаў адправіць сваіх супрацоўнікаў у адпачынак за свой кошт. У гэтым годзе, відавочна, беларускія турыстычныя кампаніі наважылі прыціснуць канчаткова.

Ад новаўвядзення страціць бюджэт

Чуткі пра тое, што турфірмам забароняць валютныя аперацыі, з'явіліся напрыканцы мінулага года. Са слоў выканаўчага дырэктара Рэспубліканскага звязу турыстычных арганізацый (РЗТА) Валянціна Цэхмейстэра, прадстаўнікі турбізнэсу накіравалі ў Нацбанк, Камітэт дзяржкантролю і ўрад зварот, у якім падрабязна патлумачылі, якія негатыўныя наступствы выклічуць зробленыя захады.

Аднак чыноўнікі да меркавання прадпрымальнікаў не прыслухаліся, як вынік - Нацыянальны банк прымае пастанову №47.

«Калі ва ўрадзе разлічваюць, што абмежаваўшы падарожжы, можна ўтрымаць валюту ў краіне, то гэта памылка. Турысты знойдуць спосаб з'ехаць на адпачынак за мяжу - праз расейскія, украінскія ці еўрапейскія турфірмы. Або як самастойныя вандроўнікі, бо сёння большасць імкнецца атрымаць шматразовую візу. А вось хто страціць, дык гэта беларускія тураператары, іх прыбытак, натуральна, зменшыцца», - кажа экспэрт.

Паводле ягоных слоў, кампаніі вымушаныя будуць закладваць у туры ўсе дадатковыя выдаткі, звязаныя з канвертаваннем валюты. Бо разлікі з партнёрамі праводзяцца ў еўра або ў далярах. Як вынік - страта кліентаў. Беларускі турыст умее лічыць грошы. І зніжка 10 даляраў часам становіцца вызначальнай у выбары аператара.

Экспэрт таксама адзначае, што праз новаўвядзенні могуць узнікнуць ценявыя схемы разліку за паслугі. «У выніку страціць бюджэт, бо паступленні зменшацца», - падсумоўвае ён.

Турфірмы могуць перайсці на «дынамічнае коштаўтварэнне»

Намеснік дырэктара кампаніі «Увесь свет» Таццяна Булатава мяркуе, што ў гэтай сітуацыі здабудуць толькі банкі.

«Вядома, што большасць беларусаў захоўваюць свае ашчаджэнні ў замежнай валюце. Спачатку яны прынясуць грошы ў абменнік. Потым з рублямі прыйдуць да нас. Мы гэтыя грошы зноў панясём у банк, - тлумачыць яна. - Разлікі будзем праводзіць паводле курсу Нацбанка плюс пэўны адсотак, нам жа трэба ўключыць выдаткі на тое, каб потым купіць даляры ці еўра на біржы, закласці рызыку, улічваючы нестабільнасць курсу ў краіне. У выніку туры, вядома, падаражэюць».

Якім будзе адсотак да курсу Нацбанка? Гэта будзе залежаць ад сітуацыі на валютным рынку. Са слоЎ намесніка дырэктара кампаніі «Экатур-6» Ігара Барана, цяпер турфірмы дадаюць да афіцыйнага курсу 4-5%.

Тым часам значныя тураператары ўжо перайшлі на «дынамічнае коштаўтварэнне» - кошты мяняюцца нават падчас рэзервавання тура, у залежнасці ад сітуацыі на валютным рынку. Даходзіць да таго, што кошт тура можа павялічыцца проста на вачах у турыста.

Спецыялісты тлумачаць, што гэта вымушаны захад - усе разлікі з партнёрамі праводзяцца ў замежнай валюце, таму турфірмы павінны загадзя быць гатовыя да павелічэння курсу даляра ці еўра.

Са слоў топ-мэнэджараў, магчыма, што на такую схему разлікаў будуць вымушаныя перайсці і іншыя кампаніі.

Што да разлікаў за авіяпералёты, то тут пакуль без змен, - квіткі прадаюць як за беларускія рублі, так і за замежную валюту.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках