3 траўня 2024, Пятніца, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На радзіме Лукашэнкі прастойвае лядовы даўгабуд

29

У Шклове спынілася будаўніцтва лядовай арэны.

Чыноўнікі абяцалі, што ў красавіку яна прыме першых наведвальнікаў. Будаваць яе пачалі ў другой палове 2010 года, перадае «Радыё Свабода».

Са слоў жыхароў райцэнтра, будаўнічыя працы лядовай арэны спыніліся месяцы тры таму. Цяпер на аб'екце ні душы. Пашпарт аб'екта з тэрмінамі яго здачы і звесткамі аб арганізацыях, якія адказныя за будоўлю, не вывешаны.

Жыхары райцэнтра мяркуюць, што зноў скончылася фінансаванне, таму работы і спыніліся.

«Чатыры гады будуюць. Калі б грошы былі, то, мабыць, гэты аб'ект на радзіме прэзідэнта найперш скончылі б, - кажа сталага веку жыхар Шклова, дом якога размяшчаецца каля будаўнічай пляцоўкі. - Хтосьці тады хацеў пахваліцца перад прэзідэнтам. Лепш бы для моладзі сямідзесяцікватэрны дом пабудавалі. Перш за ўсё патрэбен кут, а потым забавы. Для такога горада, як наш, лядовая арэна - вельмі вялікая раскоша».

Будаваць лядовую арэну ў Шклове пачалі ў другой палове 2010 года. Праз год абяцалі аб'ект здаць у эксплуатацыю. Напачатку будаўніцтва ацэньвалася больш як у сто мільярдаў рублёў. Але цягам чатырох год яно то спынялася, то аднаўлялася. У мінулым годзе кіраўніцтва райвыканкама пасля аднаўлення будоўлі заяўляла: да красавіка 2015 года арэна прыме першых наведвальнікаў.

Малады жыхар Шклова Яраслаў Фяско сумняваецца, што закончыць будоўлю ўдасца за два месяцы. Бо чыноўнікі абяцалі хуткую здачу аб'екта, каб супакоіць жыхароў райцэнтра, на вачах якіх не адзін год выдаткоўваюцца сродкі:

«Да лета лядовую арэну не дабудуюць, а магчыма, і да канца гэтага года. Не знойдуць яны грошай. Дробязь нейкую будуць там рабіць, а напоўніцу брацца ніхто не будзе».

Два гады таму Яраслаў разам з сябрамі сабраў блізу сотні подпісаў, каб паскорыць будаўніцтва арэны. Тады моладзь ахвотна падпісвалася. Неўзабаве пасля здачы подпісаў у райвыканкам будаўніцтва арэны аднавілася. Цяпер зноў прастой. Яраслаў адзначае, што шклоўская моладзь хоча мець лядовы палац - такі, як у Магілёве, Бабруйску ці Горках:

«Калі грунтавацца на меркаванні «хай будзе», то хай будзе. Аднак, калі браць эканоміку Шклова, то ўкладваць грошы ў нерэнтабэльны праект - гэта ж глупства».

У Шклоўскім райвыканкаме атрымаць каментар аб чарговым прыпыненні работ на лядовай арэне не ўдалося. У прыватных размовах чыноўнікі запэўнівалі: як толькі будзе фінансаванне, будаўніцтва адновіцца.

У 2012 годзе будаўнікі не хавалі, што выдадзеныя на арэну грошы змарнаваліся праз высокую інфляцыю.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках