2 траўня 2024, Чацвер, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэзэрвовы фонд РФ: на колькі яго выстарчыць?

2
Рэзэрвовы фонд РФ: на колькі яго выстарчыць?

Нізкі кошт нафты можа прычыніцца да радыкальнага перагляду бюджэту Расеі.

Прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў распарадзіўся скарыстаць 500 млрд рублёў з Рэзэрвовага фонду краіны з мэтай замяшчэння недаатрыманых у скарб даходаў і выканання бюджэтных абавязанняў, паведамляюць расейскія мэдыі. Пра гэта ён заявіў, выступаючы 11 лютага на нарадзе, дзе абмяркоўваўся прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця РФ на 2015 год, перадае «Голас Амэрыкі».

Яшчэ ў снежні мінулага года кіраўнік Міністэрства фінансаў Расеі Антон Сілуанаў меркаваў, што пазначанай Мядзведзевым сумы, мусіць, будзе недастаткова.

У сераду ж кіраўнік Мінэканамразвіцця Аляксей Улюкаеў паведаміў, што даходы бюджэту Расеі знізяцца сёлета на 2,34 трыльёна рублёў, інфармуе ТАСС. На думку міністра, дэфіцыт бюджэту можа быць цалкам кампэнсаваны сродкамі з Рэзэрвовага фонду.

Узнікае натуральнае пытанне, як доўга можна чэрпаць з гэтага калодзежа?

Паводле звестак старшага навуковага супрацоўніка Інстытута эканамічнай палітыкі імя Гайдара Сяргея Жаваранкава, Рэзэрвовы фонд на 1 студзеня складаў 4,3 трыльёна рублёў.

«Прыкладна такім жа ён быў і ў 2008-2009 гадоў, скараціўшыся на піку крызісу да менш чым трыльёна рублёў, - дадаў экспэрт, - Але потым кошт нафты пачаў расці, і сітуацыя стабілізавалася».

Наколькі разумее Жаваранкаў, расейскія ўлады разлічваюць менавіта на такі ж сцэнар развіцця падзей.

«Гэта значыць, за кошт рэзэрвовага фонду на працягу, скажам, як мінімум года прафінансаваць дэфіцыт бюджэту, пасля чаго спадзявацца на тое, што кошт нафты падрасце», - канстатаваў ён.

У сувязі з гэтым эканаміст нагадаў пра асаблівасць коштаўтварэння на нафту.

«Яна складаецца ў тым, што хоць падзенне кошту можа быць даволі імклівым, але трывае не вельмі доўга, - растлумачыў ён. – Цяпер ён упаў у два разы, а ў 2008-м нават больш. Аднак з досведу мінулых гадоў такое становішча зазвычай працягваецца не больш за паўтары гады, пасля чаго статус-кво аднаўляецца».

Жаваранкаў прызнаўся, што не ахвочы надта крытыкаваць урад канкрэтна за факт выкарыстання Рэзэрвовага фонду.

«Ён увогуле ж для гэтых патрэб і прызначаны, - заўважыў ён. - Хоць, вядома, урад мог бы скарачаць і выдаткі - перш за ўсё, суздром разадзьмутыя выдаткі на абарону і бяспеку, якія складаюць траціну бюджэту. У суме гэта больш за пяць трыльёнаў рублёў».

Паводле ягонай ацэнкі, такія бюджэтныя прапорцыі рэдка сустракаюцца.

Дырэктар Інстытута «Цэнтр развіцця» НДУ ВШЭ Наталля Акіндзінава ўпэўненая, што Рэзэрвовы фонд Расеі цяпер не папаўняецца, а толькі растае.

«За мінулы год быў атрыманы вялікі прыбытак ад пераацэнкі, - падкрэсліла яна. - Тым не менш, паводле прагнозу ў нас падзенне даходу бюджэту ацэньваецца сумай ад 2 да 2,5 трыльёнаў рублёў».

Што да 500 мільярдаў, то, на думку эканаміста, гэта толькі першы крок.

«Гэтая сума была закладзеная ў законе аб бюджэце на 2015-ы год, які пакуль яшчэ не перагледжаны, і гэта толькі пачатак працэсу, - сцвярджае яна. - Калі такая сітуацыя захаваецца налета, то на працягу двух гадоў Рэзэрвовы фонд будзе вычарпаны».

Што ж тады? Наталля Акіндзінава думае, што працягнецца скарачэнне бюджэтных выдаткаў.

«Але, магчыма, пойдуць на нейкія захады, звязаныя з манетарным фінансаваннем, што зноў жа негатыўна адаб'ецца на эканамічнай сітуацыі ў краіне, на інфляцыі, - выказала здагадку яна. - Напраўду і тое, і іншае дрэннае выйсце, але з нізкім коштам нафты ў сярэднетэрміновым плане патрабуюцца радыкальныя крокі, каб збалансаваць бюджэт».

У гэтай сітуацыі, як ёй уяўляецца, перад краінай з усёй шчырасцю паўстае праблема выбару: гарматы або масла?

«Цяпер (ва ўрадзе) прыярытэт - абаронныя выдаткі, - працягнула Акіндзінава. - Таму, відаць, будзе адбывацца скарачэнне сацыяльных артыкулаў. Ужо ўзнімаецца пытанне аб рэфармаванні пенсійнай сістэмы. Таксама чарговы раз могуць пацярпець праграмы адукацыі і аховы здароўя».

Акрамя таго дырэктарка Інстытута «Цэнтр развіцця» зазначыла, што яшчэ ёсць рэзэрвы, звязаныя з нацыянальнай эканомікай.

«Але, я мяркую, што тут гаворка болей можа ісці аб частковым фінансаванні гэтых выдаткаў за кошт праектаў з ФНД (Фонд нацыянальнага дабрабыту) Расеі, які, увогуле ж, таксама вычэрпны», - выснавала яна.

Зрэшты, брытанскі штотыднёвік The Economist выказаў сумнеў наконт даступнасці сродкаў ФНД для пільных патрэб расейскага ўрада. Паводле звестак выдання, на лістапад 2014 усе сродкі фонду (блізу 80 млрд даляраў) былі ўкладзеныя ў розныя доўгатэрміновыя праекты.

Раней незалежныя аналітыкі назвалі прыкладныя тэрміны вычарпання валютных рэзэрваў Расеі. Згодна з аналітычнай нататкай даследчай кампаніі Capital Economics, сума запасаў знізіцца да «непрымальных» $100 млрд пад канец 2016-га ці пачатак 2017 года. І гэта ў тым выпадку, калі сітуацыя ў эканоміцы не пагоршыцца, ўдакладнілі экспэрты.

З пачатку 2014 да сярэдзіны студзеня 2015-га золатавалютныя рэзэрвы краіны знізіліся з $510 млрд да $379 млрд, што стала самай нізкай адзнакай з вясны 2009 года.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках