6 траўня 2024, панядзелак, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канадскі палітолаг: Пуцін хоча ва Украіне такога прэзідэнта, як Кадыраў

21
Канадскі палітолаг: Пуцін хоча ва Украіне такога прэзідэнта, як Кадыраў

Падпісанне менскіх пагадненняў - гэта гульня.

Вядомы заходні экспэрт, прадстаўнік Цэнтра палітычных і рэгіянальных даследаванняў універсітэта Альберта (Канада) Тарас Куз’ё ў інтэрв'ю "Обозревателю" распавёў, якія мэты пераследуе прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін ва Украіне.

Падчас каментавання новых менскіх дамоўленасцей, Куз’ё адзначыў: «Я не веру, што яны будуць выконвацца. Калі яны (Расея, «ДНР», «ЛНР» - Рэд.) не прытрымліваліся пагаднення «Менск-1», то чаму яны будуць прытрымлівацца умоў «Менску-2?».

Са слоў палітолага, цяпер Уладзімір Пуцін не дасягнуў сваёй мэты: «А ягоная стратэгічная мэта - гэта знішчэнне Украіны. У гэта вельмі складана паверыць заходнім дзяржавам, яны проста не хочуць у гэта верыць. А Пуцін хоча знішчыць Украіну, ператварыўшы яе ў калонію Расеі».

«Ён, па-першае, імкнецца дамагчыся такой формы федэралізацыі, якой нідзе ў свеце больш няма, - яна прадугледжвае, што адна частка федэрацыі, Данбас, будзе мець права вета ў пытаннях міжнароднай палітыкі. Па-другое, ён хоча прарасейскага прэзідэнта ва Украіне - такога, як Рамзан Кадыраў у Чачні. ён хоча мець прарасейскую, а не празаходнюю Вярхоўную Раду», - мяркуе ён.

Акрамя таго, адзначыў Куз’ё, Пуцін хоча, каб Вярхоўная Рада вярнулася да пазаблокавага статусу і на паперы засведчыла, што Украіна ўжо не плануе інтэгравацца ў NАТO і ЕЗ.

Аднак, падкрэсліў палітолаг, стратэгічныя мэты Пуціна - са сферы фантазій: «Ніводзін лідар на гэта ніколі не пагодзіцца, бо гэта будзе азначаць капітуляцыю краіны».

«Можа, цяперашняе падпісанне менскіх пагадненняў - гэта гульня, можа, яны хочуць цяпер павялічыць тэрыторыю «ДНР» і «ЛНР» гэтак жа, як яны павялічылі тэрыторыю пасля Менску-1. У той жа час, Расея хоча супакоіць Захад, каб супраць РФ не ўвялі яшчэ больш жорсткія эканамічныя і фінансавыя санкцыі накшталт тых, якія выкарыстоўваліся супраць Ірака і Ірана, - напрыклад, не адключылі Расею ад сістэмы SWIFT. З іншага боку, Крэмль хоча, каб ЗША не пачалі перадаваць Украіне вайсковую тэхніку», - растлумачыў Куз’ё.

Экспэрт выказаў здагадку, што Мэркель, Аланд і Абама «жудасна хацелі, каб пагадненне ў Менску было падпісанае, і каб яны не былі вымушаныя ісці па шляху ўзмацнення санкцый».

«Пуцін глядзіць на еўрапейскіх лідараў і на Абаму досыць цынічна, ён не паважае іх. І пастаянна думае, што можа іх падмануць: вось падпішам Менск-2, мы павялічым тэрыторыю, яны не ўвядуць супраць нас новыя санкцыі, а там, можа, праз некалькі месяцаў падпішам Менск-3, і гэтак далей. Але я не думаю, што будзе Менск-3. Прэзідэнта Парашэнку ўжо цяпер крытыкуюць за тое, што ён падпісаў цяперашні дакумент. Я, напрыклад, наогул не разумею, чаму падпісалі дакумент, дзе сказана, што ваенныя дзеянні павінны скончыцца ў нядзелю, а не неадкладна», - рэзюмаваў ён.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках