Супраць журналісткі Хадзіжы Ісмаілавай выставілі новыя абвінавачванні
- 15.02.2015, 12:30
- 5,125
У Азербайджане выставілі новыя абвінавачванні супраць карэспандэнткі «Радыё Свабода» Хадзіжы Ісмаілавай. Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.
Журналістка займалася расследаваннямі, у тым ліку карупцыі ў асяроддзі прэзідэнта гэтай краіны Ільхама Аліева.
Адвакат журналісткі паведаміў, што яе абвінавачваюць у крадзяжах, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, нелегальным прадпрымальніцтве і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Ёй пагражае да 12 гадоў турмы, паведамляе «Радыё Свабода».
Са слоў адваката, Ісмаілава адхіляе ўсе выстаўленыя супраць яе абвінавачванні.
Хадзіжа Ісмаілава была арыштаваная летась 5 снежня паводле падазрэння ў давядзенні да самагубства былога калегі. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» абвясціла Ісмайлаву «вязнем сумлення».
У снежні 2014 года ў бакінскім бюро «Радыё Свабода» прайшоў ператрус, пасля чаго офіс быў апячатаны. Дзясяткі работнікаў бюро і пазаштатных карэспандэнтаў былі выкліканыя на допыты, звязаныя з іх працоўнай дзейнасцю.