6 траўня 2024, панядзелак, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька ўдзельніка МММ: Сям'я пазбавілася карміцеля, жонка працуе прыбіральшчыцай

23
Бацька ўдзельніка МММ: Сям'я пазбавілася карміцеля, жонка працуе прыбіральшчыцай

Анатоль Зайцаў мяркуе, што дзяржава крадзе больш моцна за сам МММ, а пакутуюць толькі простыя людзі.

У рэдакцыю charter97.org прыйшоў ліст ад пенсіянера, ветэрана педагагічнай працы Анатоля Зайцава. Ягоны сын стаў адным з тых, каго затрымалі супрацоўнікі КДБ 16 сакавіка 2012 года ў офісе МММ. Пазней ён атрымаў 6 гадоў паводле артыкула 233 часткі 3 Крымінальнага кодэкса, «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры». Цяпер ён знаходзіцца ў турме, а ягоны бацька вымушаны дапамагаць ягонай жонцы і дзвюм дочкам, якія засталіся без сродкаў да існавання. Прапануем тэкст ліста цалкам.

«У 2012 годзе мой сын наважыў паўдзельнічаць у МММ, бо гэтая фінансавая піраміда на тэрыторыі многіх рэспублік былога Саюза забароненая не была, у тым ліку і ў Беларусі, - піша ён, - у сродках інфармацыі і па тэлевізары даводзілі, што гэта не супрацьзаконная сістэма і ўся адказнасць за страту грошай кладзецца на саміх укладчыкаў. Гэта значыць, прагарэў - сам ведаў, на што ішоў. Праз год мой сын стаў «тысячнікам» - і на ягоным рахунку акумулявалася амаль 400 мільёнаў беларускіх рублёў укладаў. З гэтай сумы яму выставілі нявыплату падатку з «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці».

Скаргаў з боку ўкладчыкаў (у далейшым - сведак) не паступала, і артыкул «махлярства» прымяніць не атрымалася. У выніку «намалявалі» незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, а справу вяло не МУС, а КДБ.

З Бабруйска ён адзін, а іх усяго - 13 чалавек, якіх прысудзілі 21 красавіка 2013 года да шасці гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, да таго ж прыпісалі яшчэ «змову асобаў». Калі ён і быў з кімсьці знаёмым, то па перапісцы. Частка грошай на ўкладзе была ягонай, астатнія ён паспеў зняць і раздаць укладчыкам. Паводле заключэння адвакатаў, да якіх нават не прыслухаліся ні пракурор, ні суддзя менскага гарадскога суда, прадпрымальніцкай дзейнасці тут ніякай не фігуруе.

Цяпер мой сын «адпачывае» на нарах у ВК-15 горада Магілёва. Сям'я пазбавілася карміцеля. Жонка працуе прыбіральшчыцай памяшканняў з мізэрнай зарплатай. Дзве дачкі 12 і 14 гадоў засталіся без бацькоўскай апекі - штучна створаная няпоўная сям'я. Дапамогі з боку дзяржавы да пражытковага мінімуму няма, а працаздольны грамадзянін прыроўнены да хабарніка або забойцы і знаходзіцца ў месцах зняволення. Нам з жонкай з нашай настаўніцкай пенсіі даводзіцца вазіць сыну перадачы і дапамагаць ягонай сям'і.

Пры развале СССР нас пакінулі з абясцэненымі ўкладамі на ашчадкніжках і з нізкім настаўніцкім заробкам. Мы спадзяваліся, што калі выйдзем на пенсію, нам кампенсуюць нашы зніклыя ўклады, Лукашэнка ў сваёй праграме абяцаў кампенсаваць уклады пры дасягненні пенсійнага ўзросту. Але абяцанага мы чакаем ад яго ўжо 20 гадоў. Вось так у нас атрымліваецца, што аддаць запазычанасці сваім грамадзянам не жадаем або не можам, бо мы - проста біялагічны матэрыял, а калі чалавек своечасова не выплаціў крэдыт ці не заплаціў падатак з фіктыўнай сумы, то яго ў турму або на плаху. Незразумела толькі: чаму гэта судзілішча прайшло ціха, без агалоскі ў сродках масавай інфармацыі? Можа таму, што суддзя і пракурор у перапынках разам пілі гарбату, і таму, што ўсё ішло па запланаваным сцэнары? Замоўленая справа? Застаецца толькі гадаць», - піша чытач.

Нагадаем, 16 сакавіка 2012 спецназ узяў штурмам офіс фінансавай піраміды МММ ў Менску, былі затрыманыя некалькі чалавек. Тады ж Камітэт дзяржаўнай бяспекі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да арганізатараў фінансавай піраміды ў Беларусі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках