7 траўня 2024, aўторак, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Небяспечныя гульні Орбана

7
Небяспечныя гульні Орбана

Прэм'ер-міністр Вугоршчыны стараецца захаваць добрыя стасункі з Масквой.

Сярод украінскага крызісу ён дае Пуціну трыбуну, тым самым аслабляючы пазіцыі ЕЗ, мяркуе аглядальнік Deutsche Welle Робэрт Шварц.

Візіт Ангелы Мэркель два тыдні таму ў Будапэшт змяніў не шмат. Прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана, відавочна, мала турбуюць ліберальныя каштоўнасці еўрапейскай дэмакратыі, і ён мае намер пільнавацца ўласнай лініі. Прымаць у сябе прэзідэнта Расеі ў цяперашнім геапалітычным кантэксце ўжо само сабой вельмі спрэчна. Аднак даваць Уладзіміру Пуціну трыбуну для заяў аб капітуляцыі ўкраінскага войска на ўсходзе краіны - гэта проста цынічна. Прычым усё гэта адбываецца на фоне таго, што прарасейскія сепаратысты далей наступаюць на Дэбальцава, нягледзячы на пагадненне аб спыненні агню.

Орбан вядзе вялікую гульню, але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не прывядзе ні да чаго добрага. Ягоныя гульні ўсё больш нагадваюць торганне ліны, на якой балансуе Брусэль у ролі канатаходца. То ён вельмі неахвотна абяцае падтрымаць палітыку ЕЗ у дачыненні да Расеі, то дазваляе Пуціну - Орбан называе яго сваім "прыкладам для пераймання" - тупаць вакол сябе. Альбо ж, калі гаворка ідзе пра эканамічныя інтарэсы, нават маніпуляваць сабой, як стала вядома ад ягонага асяроддзя. Усё гэта падаецца пад падлівай, што такім чынам ён, маўляў, стараецца выбіць найлепшыя ўмовы для газавых паставак для сваёй краіны.

Пуцін, які нясе раскол у ЕЗ

Такая палітычная лінія паводзін была б цалкам зразумелая ў больш спакойныя часы - урэшце, Вугоршчына сур'ёзна залежыць ад паставак энэрганосьбітаў з Расеі. Аднак на фоне ўкраінскага крызісу кожнае такое адхіленне асобных краін-чальцоў ЕЗ ад агульнага курсу азначае чарговы крок у бок паслаблення ўлады Еўразвязу. І менавіта гэта прыяе Пуціну. Пасля таго, як падчас апошніх перамоваў у Менску - якія дагэтуль не прычыніліся да стабілізацыі становішча на ўсходзе Украіны - Пуцін адназначна застаўся з найбольшым здабыткам, ён старанна забівае чарговы клін, расколваючы еўрапейскую супольнасць.

Брусэлю больш не варта проста назіраць за тым, як Пуцін дыктуе ўласныя правілы гульні. Спыніць Орбана - гэта адная справа. Значна важней стала б, нарэшце, выпрацаваць агульнаеўрапейскую энэргетычную палітыку, якая дазволіла б знізіць залежнасць ад Расеі. Еўразвяз стаіць на мяжы фіяска, прычым гэта тычыцца не толькі пытанняў энэргетыкі. У галіне фінансавай палітыкі сітуацыя таксама вельмі кепская - дастаткова ўспомніць Грэцыю, якая таксама абрала сабе "асобны шлях". Што да замежнай і абароннай палітыкі, Еўразвяз цяпер папускаецца Расеі - паглядзіце на Украіну. У такой сітуацыі ЕЗ зусім не зашкодзіла б звярнуцца да Орбана з просьбай перанесці візіт Пуціна.

Без сур'ёзнага пратэсту

Але цяпер Брусэль проста з раздражненнем глядзіць у бок Будапэшта, і Орбан можа і далей марыць аб сваёй "неліберальнай" дэмакратыі. Танныя газ і нафту з Расеі ён атрымае. Таксама, як і выгадныя крэдыты ў суме дзесяці мільярдаў еўраў з Масквы для будаўніцтва двух новых ядзерных рэактараў.

Падтрымка з боку пераважнай большасці вугорцаў дадае Орбану ўпэўненасці. Толькі блізу дзвюх тысяч чалавек выйшлі з пратэстамі на вуліцы Будапэшта ўвечары напярэдадні візіту Пуціна. Масавы пратэст супраць палітыкі свайго ўрада выглядаў бы інакш.

Фота: AP

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках