7 траўня 2024, aўторак, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антытытунёвы закон зноў паклалі на паліцу

13
Антытытунёвы закон зноў паклалі на паліцу

Праект дакумэнта не ўключаны ў план законапраектнай дзейнасці на 2015 год.

Праект антытытунёвага закона быў распрацаваны з ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя ў 2013 годзе і прадугледжвае поўную забарону курэння ў закрытых грамадскіх месцах, падвышэнне кошту тытунёвай прадукцыі, забарона на стоеную рэкламу цыгарэт, у тым ліку іх выкладванне над касамі ў крамах, забарона на рэкламу электронных цыгарэт ды іншае, нагадвае Naviny.by.

Законапраект планавалася ўнесці на разгляд парламэнта яшчэ ў 2014 годзе, аднак прасунуць дакумэнт не выпала ні летась, ні сёлета.

Міністэрства аховы здароўя неаднаразова заяўляла пра патрэбу прыняцця ў Беларусі такога закону. Медыкі адзначалі, што поўная забарона на курэнне ў грамадскіх месцах эфектыўна дзейнічае, напрыклад, на супрацоўнікаў бараў, кавярняў і рэстарацый, якія падпадаюць пад пасіўнае курэнне большую частку працоўнага дня.

Падчас грамадскага абмеркавання дакумэнта ў Міністэрства аховы здароўя паступалі прапановы аб увядзенні нават больш жорсткіх абмежаванняў для курцоў, у прыватнасці, забароны на курэнне ў кватэрах і на балконах жылых дамоў, але ў міністэрстве прынялі гэтыя прапановы за цяжкія для рэалізацыі.

На думку намесніцы галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людмілы Наройчык, марудзіць з прыняццем законапраекта не варта, асабліва з улікам таго, што антытытунёвае заканадаўства ёсць у шмат якіх краінах, у тым ліку ў Расеі.

У кожным выпадку, мяркуе спецыялістка, «заканадаўства ў дачыненні да курэння тытуню трэба рабіць больш жорсткім, бо адной інфармацыйнай дзейнасці недастаткова, і насельніцтва да гэтага гатовае».

Як уважае кіраўнік краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Ягор Зайцаў, неўключэнне законапраекта ў план законатворчай дзейнасці другі год запар можа тлумачыцца, па-першае, лабіяваннем у Беларусі інтарэсаў тытунёвых кампаній, а па-другое, недастатковай чыннасцю недзяржаўных арганізацый у гэтым пытанні.

«Калі паглядзець на нашы краіны-суседзі - Расею, Украіну, Літву, Латвію, то Беларусь вельмі моцна адстае ва ўкараненні Рамкавай канвенцыі СААЗ у барацьбе супраць тытуню. Беларусь падпісала і ратыфікавала рамкавую канвэнцыю ўжо 10 гадоў таму, а прагрэс пакуль што недастатковы», - адзначыў Ягор Зайцаў.

Так, паводле ягоных слоў, Беларусь недастаткова прасунулася ў пытанні забароны курэння ў закрытых грамадскіх месцах, а таксама падвышэння кошту тытунёвых вырабаў.

«Міністэрства аховы здароўя праводзіла грамадскае абмеркаванне, і людзі, у тым ліку курцы, падтрымалі забарону на курэнне ў рэстарацыях і кавярнях без псэўдападзелу на зоны для тых курцоў і некурцоў, якія суздром не дзейнічаюць. Я думаю, што краіна лёгка магла б гэта зрабіць найбліжэйшым часам», - адзначыў кіраўнік краінавага бюро СААЗ.

Паводле звестак СААЗ, падвышэнне падаткаў на тытунь на 10% прычыняецца да зніжэння яго спажывання на 4%. У Беларусі ўдзельная вага падатку ў кошце тытунёвых вырабаў складае крыху больш за 40%, у той час як у Польшчы і Латвіі - 80%, у Літве - 75%, ва Украіне - 60%.

Летась СААЗ прапанавала правесці ў Беларусі ацэнку імплемэнтацыі тэзісаў Рамкавай канвэнцыі, і, са слоў Зайцава, у сувязі з адтэрміноўкай прыняцця антытытунёвага закона гэты працэс можа прыспешыцца.

У законапраекце, паводле экспэртнай ацэнкі СААЗ, адлюстраваныя асноўныя кірункі Рамкавай канвэнцыі - коштавая палітыка, забарона на курэнне ў грамадскіх месцах, папераджальныя надпісы на пачках, дапамога ахвочым кінуць паліць.

«Закон добры і мог бы дапамагчы нашым людзям атрымліваць менш рызыкі ад тытунёвага дыму, бо рызыкуюць не толькі тыя, хто паліць, але і навакольныя», - сказаў Ягор Зайцаў.

Медыкі ўважаюць курэнне тытуню за адзіную рэальна адхільную прычыну смерці, з якой гіне прыкладна палова ўсіх асоб, якія паляць на працягу доўгага часу. Штогод у Беларусі ад хвароб, звязаных з тытунекурэннем, паміраюць 20 тысяч чалавек. З курэннем звязваюць траціну выпадкаў анкалагічных захворванняў, 90% выпадкаў раку лёгкіх, амаль чвэрць смерцяў ад ішэмічнай хваробы сэрца.

Паводле звестак праведзенага ў 2012 годзе сацапытання, у Беларусі курыць 30,5% насельніцтва. Сярод мужчын дзель курцоў складае 46,8%, сярод жанчын - 16,2%. Рэгулярна паліць 20,5% насельніцтва, зрэдзьчасу - 10%. Палова насельніцтва падпадае пад пасіўнае курэнне. У той жа час за апошнія гады колькасць курцоў у краіне значна знізілася, бо ў 2001 годзе іх дзель складала 41,6%.

Як растлумачыў Ягор Зайцаў, нягледзячы на агульнае скарачэнне колькасці курцоў сярод мужчынскага насельніцтва, колькасць курцоў зніжаецца вельмі павольна, і амаль палова беларускіх мужчын усё яшчэ паліць. Сярод жанчын наогул назіраецца тэндэнцыя да росту колькасці курцоў, што спецыяліст звязвае з арыентаваннем маркетынгавай палітыкі тытунёвых кампаній на маладых жанчын.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках