29 красавiка 2024, панядзелак, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барак Абама: Пуцін дрэнны стратэг і наносіць шкоду Расеі

5
Барак Абама: Пуцін дрэнны стратэг і наносіць шкоду Расеі

Уладзімір Пуцін прымаў спантанныя і непрадуманыя пастановы.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу CNN, што эскалацыя канфлікту на ўсходзе Украіны з'яўляецца «сведчаннем дрэнных пастаноў, якія спадар Пуцін прымае ад імя Расеі», паведамляе BBC. Таксама ён зноў падкрэсліў, што «анэксія Крыма абернецца для Расеі не выгадай, а вялікімі стратамі». «Прайшлі тыя дні, калі заваёва зямель была формулай вялікай нацыі», - заявіў Барак Абама.

На думку амерыканскага лідэра, апошні год Пуцін прымаў спантанныя і непрадуманыя пастановы, паколькі падзеі ва Украіне летась узімку заспелі расейскага лідэра знянацку.

«Пуцін прыняў гэтую пастанову з нагоды Крыма і Украіны не праз нейкі грандыёзны стратэгічны план, а таму што ён быў заспеты знянацку пратэстамі на Майдане і наступнымі ўцёкамі Януковіча пасля таго, як пры нашым пасярэдніцтве было заключанае пагадненне аб пераходным перыядзе ва Украіне» , - сказаў Барак Абама.

«Імправізацыі, якімі ён (Пуцін) займаўся з гэтага моманту, зацягвалі яго глыбей і глыбей у сітуацыю, якая з'яўляецца парушэннем міжнароднага права, якая парушае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, гэтая сітуацыя дыпламатычна ізалявала Расею, прымусіла Еўропу з асцярожнасцю і неахвотай весці бізнэс з Расеяй і прывяла да санкцый, якія наносяць шкоду расейскай эканоміцы ў той час, калі падаюць нафтавыя даходы», - заявіў прэзідэнт ЗША.

Барак Абама сказаў у інтэрв'ю амерыканскай тэлевізіі, што расейскі лідэр ігнаруе прапановы Вашынгтона. З ягоных слоў, існуюць абмежаванні ў тым, што ЗША могуць зрабіць у вайсковай сферы для развязання канфлікту, улічваючы памер расейскай вайсковай машыны і той факт, што Украіна не з'яўляецца чальцом NATO.

«Мы можам рабіць так, каб кошт (для Расеі) станавіўся вышэйшы і вышэйшы, менавіта гэта мы і робім. Мы можам весці дыпламатычны ціск. Я не думаю, што было б разумна для ЗША і свету ўвязвацца ў вайсковы канфлікт з Расеяй», - сказаў Барак Абама.

Са слоў амерыканскага прэзідэнта, ён не мае асаблівага аптымізму з нагоды поспеху ў перамовах з Пуціным, асабісты рэйтынг якога ў Расеі застаецца высокім.

«Ці гатовы Пуцін да ўгоды? Пакуль што мы бачым шмат гутарак - з канцлеркай Мэркель, прэзідэнтам Аландам і з намі - у якіх ён кажа адно, а ягоныя наступныя дзеянні кажуць пра іншае», - кажа Барак Абама.

Барак Абама паўтарыў абвінавачванні ў тым, што сепаратысты на ўсходзе Украіны атрымліваюць з Расеі «фінансаванне, зброю і вайсковых інструктараў», і заўважыў, што «пакуль з Крамля не паступала ніякага сігналу аб тым, што там уважаюць, што дыпламатычнае развязанне ўкраінскага крызісу адпавядала б расейскім інтарэсам». «Так што ён глядзіць назад, а не наперад. Магчыма, у будучыні ён зменіць свой пункт гледжання. А пакуль мы павінны займаць цвёрдую пазіцыю», - сказаў прэзідэнт Злучаных Штатаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках