29 красавiка 2024, панядзелак, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск зробіць справаздачу перад ААН аб захаванні правоў чалавека

11
Менск зробіць справаздачу перад ААН аб захаванні правоў чалавека

У 2015 годзе Менск павінен падаць у ААН два даклады аб захаванні правоў чалавека.

Пра тое, як да гэтай працэдуры рыхтуецца ўрад Беларусі і праваабаронцы - у матэрыяле Deutsche Welle.

У траўні 2015 у рамках Рады ААН правоў чалавека Беларусь павінна будзе прайсці працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду. А на ліпень прызначаны разгляд дакладу Беларусі ў Камітэце ААН правоў чалавека (КПЧ ААН). Менск упершыню за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі збіраецца адправіць усе неабходныя дакументы, якія запатрабавала ААН.

Дзве справаздачы

Леанід Судаленка, кіраўнік гомельскага Цэнтра стратэгічных цяжбаў, які спецыялізуецца на працы з КПЧ ААН, нагадвае, што Камітэт ААН правоў чалавека з сядзібай у Жэневе застаецца адзінай міжнароднай структурай, куды беларусы могуць звяртацца за абаронай. Беларусь не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы і дагэтуль не ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека, таму яе грамадзяне не могуць скардзіцца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбургу.

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк у сваю чаргу звяртае ўвагу на тое, што ў ААН цяпер адразу дзве структуры займаюцца тэмай правоў чалавека: акрамя КПЧ ААН яшчэ і Рада ААН правоў чалавека. Апошняя прызначыла на 4 траўня працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду для Беларусі. Рада, тлумачыць праваабаронца, была створаная ў 2006 годзе, яна фармуецца Генеральнай асамблеяй ААН, і яе мандат значна шырэйшы, чым у КПЧ ААН. На сёння ў яе ўваходзяць прадстаўнікі 47 краін, а асноўнымі дакладчыкамі што да Беларусі прызначаныя Парагвай, Пакістан і Алжыр.

Універсальны перыядычны агляд - гэта механізм, што ацэньвае ступень выканання ў кожнай з 192 краін-сябраў ААН іх міжнародных абавязанняў у сферы правоў чалавека. Раз у пяць гадоў агляд робіцца на аснове адразу трох дакументаў. У афіцыйны нацыянальны даклад урада краіны ўваходзяць звесткі аб нарматыўных і інстытуцыйных рамках абароны правоў чалавека. Другі даклад рыхтуе Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН правоў чалавека. Трэцяй стараной выступаюць праваабарончыя арганізацыі, прафсаюзы і рэлігійныя аб'яднанні, якія рыхтуюць альтэрнатыўныя даклады.

Другое месца ў свеце

Што ж тычыцца КПЧ ААН, працягвае Леанід Судаленка, то туды накіроўваецца два даклады (ад уладаў і альтэрнатыўны), і ён будзе разглядаць пытанні выканання ў Беларусі за перыяд з лістапада 1997 года да сакавіка 2015 г палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Апошні раз краіна падавала ў КПЧ ААН свой даклад васемнаццаць гадоў таму, пасля чаго стасункі Менска з гэтай структурай сталі больш стрыманыя.

У КПЧ ААН з Беларусі паступіла 172 скаргі, гэта другі паказчык у свеце

За гэты час, тлумачыць Судаленка, у Камітэт з Беларусі паступіла 172 скаргі, гэта другі паказчык у свеце. 77 скаргаў былі разгледжаныя і па іх прынятыя пастановы і рэкамендацыі, 17 прызнаныя непрымальнымі для разгляду, а ў двух выпадках парушэнні правоў чалавека не былі ўстаноўленыя. Яшчэ 76 скаргаў чакаюць разгляду. Між тым беларускія ўлады дагэтуль не выканалі ні адной пастановы КПЧ ААН, бо ўважаюць, што яны носяць не абавязковы, а рэкамендацыйны характар.

Больш за тое, з лютага 2011 года Менск стаў ігнараваць пастановы КПЧ ААН і нават адмовіўся даваць на іх каментары. Толькі з верасня 2014 г беларускія ўлады зноў аднавілі супрацоўніцтва, і гэта выклікана, на думку Судаленкі, неабходнасцю збліжэння з Захадам праз глыбокі эканамічны крызіс.

Таямніцы дакладаў

Першымі свае альтэрнатыўныя даклады ў адрас абедзвюх структур ААН накіравалі беларускія няўрадавыя арганізацыі (НУА). Рада ААН атрымала іх дакумент яшчэ летась ў верасні, кажа намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч. Даклад падрыхтавалі адзінаццаць беларускіх НДА - ад Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) да Ініцыятывы за свабоднае веравызнанне і Офіса правоў людзей з інваліднасцю.

Яны, са слоў Стэфановіча, прадстаўляюць інтарэсы самых розных слаёў грамадства. У тэксце альтэрнатыўных дакладаў выказваецца занепакоенасць адсутнасцю ў Беларусі рэальнага прагрэсу ў ключавых праблемных сферах у галіне правоў чалавека. Што ж тычыцца пазіцыі ўлад краіны, то паводле працэдуры, Беларусь 19 студзеня накіравала ў Раду ААН правоў чалавека афіцыйны даклад, тэкст якога пакуль праваабаронцам невядомы.

Намеснік старшыні БХК Гары Паганяйла адзначае, што эксперты гэтай арганізацыі былі запрошаныя ў МЗС на папярэднія кансультацыі даклада і ведаюць ягоныя асноўныя тэзісы. "Там гаворыцца, што ў нас "праблемы маладой дэмакратыі", пра прарыў у абароне правоў дзяцей і жанчын, але замоўчваюцца праблемы ў сферы палітыкі", - распавёў Паганяйла. Канчатковага варыянту афіцыйнага краінавага дакладу, кажа ён, ні ў каго няма.

Народ у недасведчанасці

Такая ж сітуацыя, сцвярджае Леанід Судаленка, і са справаздачамі для КПЧ ААН. У канцы кастрычніка Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН накіраваў на імя Генеральнага сакратара ААН ліст з неафіцыйным дакладам Беларусі аб сітуацыі з правамі чалавека за апошнія два гады, але змест дакладу грамадскасці не вядомы.

На жаль, адзначае Леанід Судаленка, у самой Беларусі аб цяжбах у ААН мала хто ведае: людзі не цікавіцца правамі чалавека, так як улада фактычна замоўчвае гэтую тэму. "З пункту гледжання дзяржавы, правы чалавека - гэта жыць, працаваць і гадаваць дзяцей", - дадаў Судаленка. Таму ў ААН ідзе ў імя будучых пакаленняў стратэгічная дыскусія праваабаронцаў і ўрада.

У канцы снежня, кажа яшчэ адзін заснавальнік Цэнтра стратэгічных цяжбаў Васіль Палякоў, грамадзяне, звярталіся ў КПЧ ААН, стварылі сваё грамадскае аб'яднанне "Пакт", якое атрымалася зарэгістраваць у Літве. Спробы легалізавацца ўнутры краіны не ўвянчаліся поспехам, так як Беларусь не прызнае сваіх грамадзян пацярпелымі. Але ў траўні і ліпені, упэўнены Васіль Палякоў, ураду як мінімум прыйдзецца выслухаць з вуснаў міжнародных экспертаў тыя непрыемныя словы, якія ён не хоча чуць ад беларусаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках