29 красавiка 2024, панядзелак, 20:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У чылійскіх Кардыльерах ушанавалі памяць Ігната Дамейкі

3

Мемарыяльная дошка-прысвячэнне Ігнату Дамейку з'явілася на гары Сэра-Кімаль дзякуючы беларусу Паўлу Гарбунову і кампаніі "Будзьма беларусамі!"

"З падзякай ад беларусаў грамадзянам Чылі, якія дапамаглі Ігнату Дамейку знайсці ў Чылі другую радзіму", - цяпер гэтыя словы сустрэнуць кожнага на гары Сэра-Кімаль. Беларускі турыст Павел Гарбуноў 24 студзеня ўсталяваў мемарыяльную дошку на вышэйшай кропцы Кардыльеры-Дамейка, якая знаходзіцца ў чылійскіх Андах, побач з пустыняй Атакама. Сваё ўзыходжанне Павел прысвяціў нашаму земляку Ігнату Дамейку невыпадкова. Разам з кампаніяй "Будзьма беларусамі!" ён хоча прыцягнуць увагу беларусаў да знакамітых у свеце асоб, якія нарадзіліся ў Беларусі, але не так добра вядомыя сёння на радзіме, піша budzma.by.

Ігнат Дамейка - у свеце асоба паважаная і вядомая (чаго, на жаль, не скажаш пра Беларусь). Імем Дамейкі названа шмат чаго ў свеце: вуліцы ў многіх гарадах, порт, гара, хрыбет і нават невялікі горад у Чылі. Мінерал і астэроід. Хтосьці падлічыў, што больш за 80 розных аб'ектаў. Чылі ўдзячнае Дамейку, які працаваў тут больш за 40 гадоў і з'яўляецца нацыянальным героем гэтай краіны.

"Калі я наважыў павандраваць па Чылі, мне захацелася наведаць і звязаныя з Дамейка месцы. Мяне заўсёды цікавіла, ці ведаюць чылійцы пра Дамейку і што яны ведаюць", - кажа Павел.

"Сваю "Дамейкініяну" я толькі пачынаю. Першыя апытанні сведчаць, што Дамейку ў Чылі ведаюць. Вядома, далёка не ўсе. Але прынамсі палова з тых, хто навучаўся ў ВНУ або неяк звязаны з гарамі, некалькі слоў пра яго сказаць могуць.

Ведаюць яго, на жаль, менавіта як паляка паводле паходжання. Нарадзіўся Ігнат Дамейка ў вёсцы Вялікая Мядзведка каля Міра - у той час у Расейскай імперыі, вучыўся ў Вільні, усё жыццё ўважаў сябе за ліцвіна, гаварыў па- польску і гішпанску, пісаў лісты свайму сябру Адаму Міцкевічу, ізноў жа па-польску. Дамейка быў вымушаны эміграваць, большую частку жыцця пражыў у Чылі і ўжо ў сталым узросце вярнуўся ў Беларусь.

Трэба сказаць, што і самая краіна Беларусь выклікае ў мясцовых здзіўленне. Польшчу ведаюць. Дарэчы, у Чылі ёсць польская амбасада. Са зразумелых сумных прычын цяпер ведаюць Украіну. Ведаюць Расею: о-о-о, кажуць, гэта так далёка. Вось так і тлумачым мы звычайна: паміж Польшчай, Украінай і Расеяй", - распавёў ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках