29 красавiка 2024, панядзелак, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дакладчыка ААН не пускаюць у Беларусь

5
Дакладчыка ААН не пускаюць у Беларусь

Беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з Міклашам Харашці і не прызнаюць ягонага мандату.

У траўні будзе развязвацца пытанне аб падаўжэнні паўнамоцтваў спэцдакладчыка ААН правоў чалавека ў Беларусі.

Сёння беларускія праваабаронцы сустрэнуцца з адмысловым дакладчыкам ААН правоў чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці.

Пра гэта паведаміў "Радыё Свабода" намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Харашці будзе кансультавацца з беларускімі праваабаронцамі ў рамках падрыхтоўкі дакладу аб сітуацыі з правамі чалавека.

«Гэта будуць кансультацыі з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі што да ацэнкі агульнай сітуацыі ў краіне ў розных кірунках, але ў асноўным у дачыненні палітычных і грамадзянскіх правоў. Потым у траўні ў Радзе правоў чалавека ААН будзе развязвацца пытанне аб пралангацыі тэрміну працы спецдакладчыка ў Беларусі і ягоных паўнамоцтваў. Як гэта будзе адбывацца цяпер, на фоне падзей ва Украіне, складана сказаць. Але для нас гэта дастаткова важны механізм ацэнкі сітуацыі, так як гэты мандат спецдакладчыка быў устаноўлены Радай правоў чалавека ААН», - падкрэслівае праваабаронца.

Стэфановіч нагадвае, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з Харашці і не прызнаюць ягонага мандату спэцдакладчыка ААН.

«Спецдакладчык так ні разу ў Беларусі не змог пабываць за ўвесь час існавання гэтага мандату, каб ацаніць сітуацыю на месцы, у тым ліку шляхам сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Таму мы вымушаныя сустракацца за межамі Беларусі», - канстатуе ён.

Сустрэча адбудзецца ў Вільні ў Доме правоў чалавека і будзе доўжыцца два дні.

Галоўныя тэзісы, якія пададуць падчас гэтых кансультацый беларускія праваабаронцы, утрымліваюцца ў дакладзе ПЦ "Вясна" "Сітуацыя з правамі чалавека ў 2014 годзе: тэндэнцыі і ацэнкі", які апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтра. У гэтым дакладзе адзначаецца, што "сітуацыя з выкананнем правоў чалавека цягам 2014 заставалася стабільна цяжкай з тэндэнцыямі да пагаршэння ў канцы года".

"Парушэнні правоў насілі сістэмны і сістэматычны характар: асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы насілі надзвычай абмежаваны характар, ніякіх сістэмных зменаў у галіне выканання правоў чалавека (на заканадаўчым узроўні і (або) на ўзроўні практык) у краіне не адбылося", - падкрэсліваецца ў дакуменце.

З пункту гледжання праваабаронцаў, адзіным пазітыўным фактам цягам 2014 стала вызваленне з калоніі паводле закона "Аб амністыі" Алеся Бяляцкага.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках