29 красавiка 2024, панядзелак, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Дачка Пуціна кіруе фондам, які спансуюць татавы паплечнікі

13
Bloomberg: Дачка Пуціна кіруе фондам, які спансуюць татавы паплечнікі

Журналісты даведаліся пра драбніцы жыцця дачкі прэзідэнта РФ Кацярыны Ціханавай.

Крыніцы Bloomberg пацвердзілі, што Кацярына Ціханава, дачка прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, кіруе Цэнтрам нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву МДУ, уваходзіць у навуковую раду ўніверсітэта і захапляецца танцамі. Акрамя таго, карэспандэнты высветлілі некаторыя падрабязнасці аб фондзе "Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё", якім таксама кіруе Ціханава.

У 2013 годзе Пуцін "перапыніў шматгадовае маўчанне" пра сваіх дзяцей, распавёўшы, што абедзве ягоныя дачкі жывуць у Маскве. "Падобна да таго, што тым самым ён сігналізаваў аб іх уступленні ў грамадскае жыццё, ва ўсякім разе аб уступленні Кацярыны", - мяркуюць аўтары.

"У Цэнтра [нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву] і фонду ["Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё"] адзін і той жа нумар тэлефона. Жанчына, адказала на званок з просьбай аб каментары, сказала, што ні Ціханава, ні ейны намеснік падысці да тэлефона не могуць. Сваё імя яна назваць адмовілася. Аператыўнага адказу на адпраўленыя праз электронную пошту пытанні мы ад універсітэта не атрымалі", - гаворыцца ў артыкуле.

У спісе апякунскай рады фонду "Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё", з якім карэспандэнты Bloomberg азнаёміліся на сайце Цэнтра нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву, значацца "некалькі найбліжэйшых паплечнікаў Пуціна", уключаючы кіраўніка "Раснафты" Ігара Сечына, прэзідэнта "Транснафты" Мікалая Токарава і дырэктара "Растэхналогій" Сяргея Чэмезава. "Калі ўлічыць асаблівасці расейскага бізнэсу, значных неспадзяванак у гэтым няма", - каментуе Bloomberg.

Як кіраўніца Цэнтра нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву Ціханава курыруе праект узвядзення тэхналагічнага цэнтра пры МДУ. Палітолаг Станіслаў Бялкоўскі мяркуе, што ён задуманы як "анты-Сколкава", гэта значыць наўпроставы канкурэнт твору прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева.

Bloomberg нагадвае, што ў гэтым годзе Кацярына Ціханава пабывала на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Там яна суправаджала акцыянера ААТ "СІБУР Холдынг" Кірыла Шамалава, сына "старога знаёмага Пуціна з Санкт-Пецярбургу" Мікалая Шамалава. Нейкі "сябар сям'і" на ўмовах ананімнасці паведаміў агенцтву, што Шамалаў-малодшы даводзіцца Ціханавай мужам. Звязацца з ім журналістам не ўдалося.

Пераклад: Inopressa.ru

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках