7 траўня 2024, aўторак, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайскоўцы з Барысава: Чыноўнікі проста плююць нам у твар

64

Вайскоўцы абураныя абыякавым стаўленнем мясцовых чыноўнікаў і службаў горада да іх.

У рэдакцыю «Белорусского партизана» прыйшоў ліст ад жыхароў мікрараёна Лядзішча, Барысава Менскай вобласці.

У сваім лісце яны расказваюць, як жывуць кадравыя вайскоўцы і вайскоўцы запасу, якія пераважна пражываюць у гэтым мікрараёне.

Гэты былы вайсковы гарадок у 90-я гады ва ўзорным стане быў перададзены гораду. Шмат хто з мясцовых жыхароў памятае тыя часы і той ідэальны парадак, які падтрымліваўся заўсёды на належным узроўні. Але праходзяць гады, і вайскоўцы, жыхары гэтага мікрараёна, сёння абураныя абыякавым стаўленнем мясцовых чыноўнікаў і службаў горада да іх.

«Людзей, якія аддалі служэнню Радзіме 25-30 гадоў, свае найлепшыя гады, здароўе, прайшлі Афган, Чарнобыль, гарачыя мясціны... Дзяржава проста кінула. Не будзем казаць аб грашовым забеспячэнні і пенсіях, якія ўжо сталі меншыя, чым сярэдняя ў краіне (не бяром пад увагу заробкі і пенсіі палкоўнікаў і генералаў, у якіх яны вышэйшыя ў 3-3,5 разы, чым у младшых афіцэраў і прапаршчыкаў), а спынімся на тым, як Дзяржава ў асобе чыноўнікаў (не блытаць з Радзімай) пра іх клапоціцца і што для іх робіць.

Мы рэальна бачым, што ў нас у выніку бяздзейнасці, недафінансавання і нежадання мясцовых чыноўнікаў, службаў горада, дэпутатаў, клапаціцца аб простых людзях, мікрараён ператварыўся ў сметнішча», - пішуць чытачы.

З іхных слоў, пасля перадачы гораду былі разбураныя і раскрадзеныя казармы, клуб, санітарная частка, склады і г.д.

На загад мясцовых чыноўнікаў, гарадскія службы зруйнавалі паркан, спілавалі дрэвы, зруйнавалі частку старых гнілых хлявоў і ў такім выглядзе ўсё кінулі. Гэта на самым бачным месцы, проста каля канцавога прыпынку, за 20 метраў ад школы. Пасля будаўніцтва заправачнай станцыі плынь аўтамабіляў скіравалася проста праз жылую зону мікрараёна, дарога стала колавай. Цяпер немагчыма перайсці дарогу - няма ні пераходаў, ні знакаў, ні «ляжачых» паліцэйскіх, аўтамабільны транспарт у гэтай жылой зоне рухаецца з хуткасцю 60-90 км на гадзіну, людзі ўвесь час рызыкуюць быць збітымі.

 

Тут жа няма ходнікаў, дарога разбітая. На гэтым жа месцы шматтонныя фуры і аўтобусы зладзілі сталую стаянку, нават з парушэннем таго, што гэта жылая зона, што яны ствараюць нязручнасці жыхарам і парушаюць існыя Правілы дарожнага руху.

На невялікім пляцы (прыкладна 100 кв метраў) знаходзіцца 8 пунктаў продажу спіртных напояў, побач дзіцячы садок і школа. Размяшчэнне мікрараёна (ускраіна горада Барысава, лясная зона), а таксама нежаданне выконваць Закон мясцовымі структурамі ў барацьбе з распіццём спіртных напояў у грамадскіх месцах стварае спрыяльную абстаноўку для п'яніц, дармаедаў і «гасцей» з іншых раёнаў горада. П'юць пад кожным дрэвам, кустом, часта на вачах дзяцей, якія ідуць у школу або дзіцячы садок. І тут жа побач спраўляюць малую і вялікую патрэбу.

«Колькі разоў пісалі ў СМІ, звярталіся ў розныя інстанцыі, уключаючы начальніка ўправы Барысаўскага райвыканкама Ардэльянава (падчас жывога эфіру звярталіся праз тэлефон), і ўсё без выніку. Чыноўнікі проста пра нас забыліся. Такім чынам, ідзе барацьба з п'янствам - прыбралі з цэнтра да нас у раён усіх алкаголікаў і мы цяпер павінны ўвесь час глядзець на іх п'яныя пысы. Ні адной сустрэчы з жыхарамі мікрараёна не правялі ні мясцовыя работнікі райвыканкама, ні кіраўнікі службаў горада, ні дэпутаты, за якіх мы галасавалі, уключаючы цяперашняга міністра абароны рэспублікі Беларусь - Генерал-маёра Раўкова А.А., за якога мы таксама галасавалі, калі ён служыў у Барысаве на пасадзе Начальніка войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Каму б, як не яму, трэба было б паклапаціцца пра падпарадкаваных яму вайскоўцаў, дапамагчы, чым можна і г.д.» - пішуць абураныя жыхары мікрараёна Лядзішча.

 

Дзякуючы такому «клопату», цяпер расце колькасць афіцэраў і прапаршчыкаў, якія не паспелі атрымаць жыллё, іх проста «асудзілі» да «пажыццёвага» пражывання ў інтэрнаце казарменнага тыпу з адной «выгодай» у канцы калідора. Многія афіцэры і прапаршчыкі здымаюць кватэры і жыллё, жывуць у бараках, і ім яшчэ даводзіцца плаціць штомесяц за пражыванне. А ўлічваючы кошты на арэнду жылля і заробкі, грошай не стае нават на ўтрыманне сям'і. Многія звальняюцца, некаторыя чакаюць заканчэння кантракту, войска губляе добрых спецыялістаў.

«Ніякія рэзервісты не выратуюць нас, калі давядзецца ваяваць, калі ў кадравага войска няма патрыятызму (як у былыя часы), калі дзяржава не клапоціцца пра іх ды іхнія сем'і. Жылы фонд амаль не падпадае пад капітальны рамонт - з прыкладна 60-ці шматпавярховікаў і будынкаў апошнімі гадамі адрамантавалі толькі адзін дом (№33), і тое частку сродкаў раскралі (паводле матэрыялаў праверкі Дзяржкантролю, апублікаваных у СМІ). Камунальнікі, адчуваючы беспакаранасць, абкрадаюць кватэранаймальнікаў мікрараёна, як напрыклад жыхароў дома №31, на вуліцы Дняпроўскай, якія пасля капітальнага рамонту даху на паперы дагэтуль жывуць з іржавым жалезам. Што тут можна сказаць, праблемы простых людзей нікога ў нас не цікавяць. Якое можа быць стаўленне ў людзей да мясцовай улады? Хіба, бачачы ўсё гэта, будуць вайскоўцы абараняць такую дзяржаву? Чаму тыя, хто пры ўладзе, будуюць катэджы, маюць высокія заробкі, бяруць хабары і не жадаюць дапамагчы тым, хто гатовы ва ўсялякі час абараніць нашу Радзіму. Калі любоў да Радзімы - гэта толькі яе абарона і выплата падаткаў, то не ўсе грамадзяне гатовыя на гэта пачуццё», - гаворыцца ў лісце.

На астачу, на просьбу вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў Барысава, чытачы хацелі б «падзякаваць» мясцовым чыноўнікам за зрыў мітынгу 15-га лютага 2015 - такога яшчэ не было ніколі. «У гэты памятны для вайскоўцаў- «афганцаў» дзень – 26 гадавіна вываду войскаў з Афганістана, многія з іх прыйшлі як заўсёды да помніка вайскоўцам-афганцам, каб ушанаваць памяць тых, каго ўжо з намі няма, але мітынгу не было, высвятляецца , яго правялі раней, у суботу, без «афганцаў», прысутнічалі чыноўнікі і піянеры горада. Мерапрыемства праведзенае, птушачка пастаўленая, шчыра ўсім дзякуем. Чарговым разам нам чыноўнікі плюнулі ў твар. Мы гэтага ніколі не забудзем», - падсумоўваюць барысаўцы.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках