27 красавiка 2024, Субота, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі спецназавец з «ДНР»: Супраць нас ваююць тысячы беларусаў

75
Беларускі спецназавец з «ДНР»: Супраць нас ваююць тысячы беларусаў

«Лукашэнка - нармальны мужык», - мяркуе беларускі найміт.

У інтэрнэце з'явілася відэаінтэрв'ю з камандзірам узвода падраздзялення «Спарта», былым беларускім дэсантнікам «Белым». «Наша нiва» прыводзіць некаторыя выказванні нашага суайчынніка.

«Белы» - разам са снайперкай з Барысава Наталляй Красоўскай - самы вядомы беларускі найміт у шэрагах «ДНР». У зоне баявых дзеянняў ён ужо з чэрвеня 2014 года. Кажа, што з Беларусі выехаў у Маскву, адтуль - у Растоў, а ўжо потым - у зону канфлікту. «Беламу» 23 гады, размаўляе з відавочным беларускім акцэнтам, з цвёрдым «ч». Гаворка - даволі бедная і блытаная. Фактычна толькі аднойчы ён дае разгорнуты адказ, калі размова заходзіць пра баі за Данецкі аэрапорт.

«Белы» з настальгіяй і павагай успамінае службу ў «5-й асобнай брыгадзе спецназа» ў Мар'інай Горцы. «Там усё засталося савецкім, там усё-ўсё. Кожны тыдзень стрэльбы, палявыя... Вучэнні, вучэнні, вучэнні».

Чаму беларускі хлопец паехаў ваяваць за «ДНР»? «У інтэрнэце ўбачыў відэа, як у Славянску жанчыну прывязалі да БТРа і цягалі па горадзе. Дзіця прыбілі да плота. Гэта ўсё не паказвалі, але казалі. Гэта мяне закранула. Ці было гэта на самай справе ці не... Але гэта кранула. Гэта быў край», - кажа ён. Гаворка ідзе пра гісторыю з «укрыжаваным хлопчыкам», якая выявілася самым грубым і непрафесійным фэйкам расейскай прапаганды. Але, як бачым, на яго гэта падзейнічала.

У Белага пытаюцца, у якіх баявых дзеяннях ён браў удзел?

«Станіца Луганская [там, дарэчы, быў паранены беларускі снайпер з батальёна «Тарнада» з пазыўным «Маджахед»], Луганскі аэрапорт - там усё хутка было, ніхто не трымаўся за гэты аэрапорт. Здача Дэбальцава ў чэрвені. На Саур-Магіле быў у ліпені, калі помнік уначы «Грады» разнеслі».

«Мы не проста кучка. Мы – рэгулярнае войска. Добра ўкамплектаваныя, у кожнага ёсць свая зброя, свая пазіцыя. Ёсць ПТРД калібрам 14,5 супраць тэхнікі, ёсць «Уцёс» калібрам 12,7. А так у асноўным АК, нашы савецкія, доблесныя АК. Рэгулярныя ўкраінскія войскі маюць фактычна тое ж узбраенне, а вось Нацыянальная гвардыя, батальёны, дык мы там шмат сустракалі М-16, нават ёсць расейскія вінтоўкі ВСС і ВСК», - кажа «Белы».

«Праціўнікаў нельга недаацэньваць», - кажа ён пра ўкраінскіх вайскоўцаў.

Колькі ж беларусаў ваюе на баку «Наваросіі»? «Нас тут адзінкі, - шчыра кажа «Белы», - да лістапада я быў адзін. Тады прыехаў Дзіма Макарэвіч, пра яго ўсе ведаюць. Цяпер яшчэ 8 чалавек прыехала. І яшчэ 23 пад'едзе». Гэтыя словы падобныя на прапаганду: калі пра «Белага» і Макарэвіча сапраўды добра вядома, то пра астатніх байцоў ніколі нічога чуваць не было.

«Бандэраўцы - горш за фашыстаў. У нас у Беларусі ёсць легендарная Хатынь, хто яе спаліў? Асабіста Бандэра. Я нарадзіўся ў сямі кіламетрах ад Хатыні, потым мы ўжо пераехалі ў Менск. Там жа асабіста быў Бандэра», - сцвярджае «Белы».

Вось так дзейнічае расейская прапаганда. Зразумела, што ніякага Сцяпана Бандэры ў сакавіку 1943 года ў Хатыні быць не магло. У гэты час кіраўнік Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў знаходзіўся ў зняволенні ў нямецкім канцлагеры Заксэнхаўзен. А Хатынь спаліла зондэркаманда, набраная з былых савецкіх ваеннапалонных - так, украінцаў, але такія ж фармаваліся нацыстамі з ліку і расейцаў, і латышоў.

«Белы» кажа, што не плануе вяртацца ў Беларусь. «Наваросію» ён уважае за сваю новую радзіму. Марыць аб кар'еры вайскоўца.

«Мне хацелася б ездзіць у Беларусь у госці, але нам нельга, бо ўрад беларускі прыняў закон, што тыя, хто едзе ваяваць у зону АТА, прыраўноўваюцца да тэрарыстаў... наймітаў. Даюць вялікія тэрміны. Толькі я не ведаю, за што. Я паважаю беларускага прэзідэнта, мне там усё падабалася. Нармальны мужык. У нас у 2015-м годзе выбары, ён баіцца, што мы прыедзем і зробім пераварот. Навошта нам гэта трэба?»- кажа ён.

«Белы» падкрэслівае, што ва ўкраінскіх батальёнах беларусаў непараўнальна больш. «Колькі беларусаў у «Айдары», «Азове», іх там больш за тысячу ўжо. Вельмі шмат!» - сказаў ён.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках