3 траўня 2024, Пятніца, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскім клубе праходзіць «Свята роднай мовы»

5
У менскім клубе праходзіць «Свята роднай мовы»

Імпрэза пачалася а 14.00, яна прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, які традыцыйна адзначаецца 21 лютага.

Арганізатарамі "Свята роднай мовы" выступілі каманды грамадскага агенцтва "Арт Сядзіба", культурнай пляцоўкі "Беларуская прастора" і "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ), піша БелаПАН.

У гэтым годзе ў фармаце такога культурна-адукацыйнага свята было наважана аб'яднаць шмат якія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнэс-праекты, а таксама вытворцаў сувеніраў і паштовак, цікавых музыкаў ды іншых творчых асоб.

Як адзначыў падчас адкрыцця кіраўнік "Арт Сядзібы" Павел Белавус, у гэтым годзе Дзень беларускай мовы "ператварыўся ў сапраўднае свята". "Сустрэчы ў рамках Дня роднай мовы ў гэтым годзе доўжацца ўжо трэці дзень. 20-га імпрэзы прайшлі ў ліцэі БДУ, на журфаку, 21-га - у многіх гарадах Беларусі, а сёння тут апагей гэтага свята", - сказаў Белавус.

"Галоўная задача на сёння - паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе іншых людзей на розныя ініцыятывы", - падкрэсліў кіраўнік "Арт Сядзібы".

Свята падзеленае на тры тэматычныя зоны - прэзентацыйна-гандлёвую, музычна-забаўляльную і адукацыйную.

На першай пляцоўцы сваю прадукцыю, звязаную з нацыянальнай тэматыкай, прэзентуе Мінскі гадзіннікавы завод, які выпусціў лінейку гадзіннікаў "Спадчына" і вытворца сподняй бялізны з арнаментам Bializna.by. Тут жа пройдуць прэзентацыі новай настольнай гульні "Казачнік" і кампутарнай гульні "Легенды Эйзенвальду", майстар-класы кулінарыі, выступ КВЗ, а таксама літаратурна-музычная праграма, падчас якой выступяць пісьменнікі і літаратары Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч, Алесь Плотка, Зміцер Вішнёў, беларускія барды. Для маленькіх наведвальнікаў свята прадугледжаная дзіцячая зона.

На музычна-забаўляльнай пляцоўцы працуе выстава плакатаў Уладзіміра Крукоўскага. Адбудзецца лекцыя і практычны занятак народных танцаў Беларусі. Тут жа пройдуць прэзентацыі выданняў ТБМ і Цэнтра славянскіх моў і культур, запланаваная праграма моўных курсаў "Моваведа". Бліжэй да вечара на гэтай пляцоўцы выступяць гурты Vuraj, Yamaya, "Крама", "Рэспубліка Паліна".

У адукацыйнай зоне госці свята змогуць наведаць майстар-клас працы з энцыклапедычнай сістэмай Wikipedia, дзе спецыялісты раскажуць пра тое, як можна ўдасканальваць беларускамоўны сэгмент гэтай свабоднай энцыклапедыі. Прадстаўнікі каманды infarmatyka.org прачытаюць лекцыю пра тое, як весці навуковую дзейнасць у галіне матэматыкі на беларускай мове. Тут жа ахвотныя змогуць далучыцца да напісання VIII Усебеларускай дыктоўкі, сустрэцца з мовазнаўцам, былым дыпламатам Пятром Садоўскім, наведаць майстар-класы вырабу паштовак-выцінанак Наталлі Гамаюнавай і Валянціны Слюнчанкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках