28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы зяць Назарбаева знойдзены мёртвым у аўстрыйскай турме

12
Былы зяць Назарбаева знойдзены мёртвым у аўстрыйскай турме

Паводле папярэдніх звестак, гэта самагубства.

Былы зяць прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева Рахат Аліеў знойдзены мёртвым у аўстрыйскай турме.

Як паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка суда, паводле папярэдніх звестак, гэта самагубства.

«Ён скончыў жыццё самагубствам», - сказала яна.

Паводле звестак аўстрыйскага выдання Kurier, Аліеў быў знойдзены павешаным у камеры. Ягоны адвакат сумняваецца ў версіі пра самагубства. Адзначаецца, што на днях Аліева перавялі з трохмеснай камеры ў адзіночную, піша Lenta.ru.

У снежні 2014 года ў Аўстрыі Аліева абвінавацілі ў забойстве двух банкіраў у 2007 годзе. Арыштаваны ён быў у чэрвені таго ж года, крымінальная справа распачатая ў 2011 годзе. Паведамлялася, што абвінавачванні тычацца ягонага канфлікту з топ-мэнэджарамі «Нурбанку» Жолдасам Тымраліевым і Айбарам Хасенавым. Банкіры зніклі ў 2007 годзе, праз чатыры гады былі выяўленыя іх целы.

У Казахстане ў дачыненні да Аліева была распачатая аналагічная справа. У 2008 годзе казахстанскі суд завочна прысудзіў яго да 20 гадоў турэмнага зняволення. За мінулы час улады Казахстана двойчы пасылалі запыт на экстрадыцыю Аліева. Аднак Вена адхіліла іх, мяркуючы, што на радзіме яму не будзе забяспечана справядлівае судовае разбіральніцтва.

Рахат Аліеў да 2008 года быў жанаты на старэйшай дачцы казахстанскага прэзідэнта Дарыге. Ён раней займаўся бізнэсам, працаваў у кіраўніцтве сілавых структур (Камітэта нацыянальнай бяспекі, Службы аховы прэзідэнта). Пасля ён займаў пасаду пасла Казахстана ў Аўстрыі.

Фота: ИТАР-ТАСС

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках