6 траўня 2024, панядзелак, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскіх рэанімацыях крытычна не стае медсясцёр

8
У менскіх рэанімацыях крытычна не стае медсясцёр

Рэанімацыйныя аддзяленні сталічных бальніц укамплектаваныя сярэднім медперсаналам менш чым на 90%.

Праз гэта ўзнікаюць цяжкасці з дапамогай цяжкім хворым.

У дзіцячых рэанімацыях не стае медсясцёр, паведаміла галоўны пазаштатны дзіцячы анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі, загадчыца аддзялення анэстэзіялогіі-рэанімацыі РНПЦ «Маці і дзіця» Аксана Свірская 24 лютага ў Менску на нарадзе паводле вынікаў працы за 2014 год, паведамляе БелаПАН.

Укамплектаванасць сярэднім медыцынскім персаналам дзіцячых рэанімацыі складае ў краіне 84% (80,9% у 2013 годзе). «Гэтага недастаткова, каб адэкватна ажыццяўляць інтэнсіўную тэрапію і догляд за цяжкімі пацыентамі», - заявіла спецыяліст.

З ейных слоў, у дзіцячых рэанімацыях краіны не стае 140 медсясцёр. У 2014 годзе звольніліся 45 медсясцёр. Спецыяліст канстатавала нізкую забяспечанасць сярэднім медперсаналам і ў РНПЦ «Маці і дзіця», куды практычна не размяркоўваюць з медкаледжаў сталіцы, так як гэта не гарадская, а рэспубліканская ўстанова аховы здароўя. Пры гэтым 70% пацыентаў РНПЦ - жыхары Менска. Са слоў Свірскай, выпускнікі рэгіянальных медкаледжаў не гатовыя пераязджаць у сталіцу праз праблемы з жыллём у Менску.

Праблема ўкамплектаванасці ў РНПЦ развязваецца за кошт сумяшчальніцтва, сказала галоўны пазаштатны дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя.

Яна паведаміла, што праблема даступнасці жылля для медсясцёр абвастрылася пасля стварэння ў пачатку 2015 года РНПЦ дзіцячай хірургіі, якая аб'яднала Рэспубліканскі дзіцячы кардыяхірургічны цэнтр і Дзіцячы хірургічны цэнтр пры 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менска. Медыцынскім сёстрам, якія жывуць у інтэрнатах сталіцы, прыйшло паведамленне пра тое, што яны цяпер працуюць у рэспубліканскай установе, таму павінны выехаць з інтэрната, які знаходзіцца на балансе Мінгарвыканкама. «У дзіцячай хірургіі сутыкнуцца з тым, што медсёстры будуць звальняцца. Яны будуць трымацца за жыллё. Гэта вельмі сур'ёзная праблема», - сказала Свірская.

У дарослых рэанімацыях забяспечанасць сярэднім медперсаналам складае 88,9%, а ў Менску - блізу 88%, паведаміў галоўны пазаштатны анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік аддзела анэстэзіялогіі і рэанімацыі РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Аляксандр Дзядзько.

Ён адзначыў, што многія праблемы з сярэднім персаналам развязваюцца дзякуючы ўвядзенню для медсясцёр надбавак за ўдзел у высокатэхналагічных аперацыях. Разам з тым, з ягоных слоў, застаюцца пытанні да рацыянальнага падыходу да працы медсясцёр, што «выкарыстоўваецца на перавозку, транспарціроўку хворых, працу з дакументамі замест таго, каб сачыць за пацыентамі».

У рэанімацыях для дарослых не стае 351 рэанімацыйнай медсястры. У 2014 годзе з рэанімацыі звольніліся 252 медсястры, была прынятая 341.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках