6 траўня 2024, панядзелак, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Легенды Айзенвальда» стала першай кампутарнай гульнёй па-беларуску

10

Гульня «Легенды Айзенвальда» менскай студыі Aterdux Entertainment знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Але папярэднюю версію гульні ўжо набылі на Steam дзясяткі тысяч гульцоў - сэрвіс дазваляе атрымаць «ранні доступ». Гэта не проста папярэдняя замова гульні, а магчымасць пагуляць у папярэднюю версію і дапамагчы распрацоўнікам, піша «Наша нiва».

Штуршок рынку

«Легенды Айзенвальда» выйдуць на шасці мовах, у тым ліку па-беларуску. Яна стане першай кампутарнай гульнёй з афіцыйнай беларускамоўнай лакалізацыяй.

Сам Steam не падтрымлівае беларускую мову. Але калі набыць на Steam «ранні доступ» да гульні, беларускую версію можна выбраць пры запуску «Легенд Айзенвальда».

«Мы скіраваныя перш за ўсё на буйныя рынкі, - тлумачыць дырэктар Aterdux Entertainment Аляксандр Дзяргай, - гэта Паўночная Амерыка, Расея, Нямеччына і ЕЗ. У Беларусі ж рынак параўнальна невялікі, сур'ёзных даходаў чакаць, напэўна, не прыходзіцца. Аднак мы наважылі падтрымаць ініцыятыву энтузіястаў-перакладчыкаў, якія звярнуліся да нас з прапановай стварыць беларускую лакалізацыю. Гэта будзе наш унёсак у развіццё нацыянальнай культуры».

Распрацоўнікі не выключаюць камерцыйнага поспеху праекта на беларускай мове.

Патэнцыял мясцовага рынку да гэтага часу не вядомы, мяркуюць яны. Выхад гульні можа стаць для рынку добрым тэстам, і тады, магчыма, з'явяцца і іншыя гульні з беларускай лакалізацыяй.

Мова Айзенвальда

Як сцвярджаюць аўтары «Легенд Айзенвальда», беларуская мова ўдала кладзецца на сюжэт гульні. Гульцу прапанаваны сярэднявечны свет і роля вандроўнага рыцара ў нямецкім герцагстве, прыйдзецца ўдзельнічаць у прыдворных інтрыгах, выкрываць ворагаў і здраджваць сябрам. Над сюжэтам працавалі прафесійныя пісьменнікі з Беларусі і Аўстраліі.

Пераклад быў зроблены МТГ «RэZэрвацыЯ». Да гэтага часу студыя выконвала неафіцыйную беларусізацыю і агучванне World of Tanks, а таксама працавала над сумежнымі праектамі (XVM, PROТанкі). Цяпер ідзе праца над афіцыйным перакладам Warthunder на беларускую мову.

Беларускія перакладчыкі адзначылі, што ў працэсе працы назапасілі багаты моўны матэрыял.

Пры падборы адпаведнікаў назвам зброі, броні і прадметаў яны звярталіся да спадчыны старабеларускай мовы часоў Вялікага Княства Літоўскага. У далейшым гэты назапашаны матэрыял можа быць выкарыстаны пры перакладзе папулярных цяпер твораў фэнтазі.

Не танкамі адзінымі

Распрацоўшчыкі мяркуюць, што прадукт можа стаць важнай з'явай у беларускай IT-індустрыі.

Сёння айчынныя распрацоўшчыкі выпускаюць пераважна гульні для сацыяльных сетак і мабільных прылад. Такія праекты простыя ў распрацоўцы і маюць невялікі бюджэт.

Цягам многіх гадоў World of Tanks - адзіны прыклад сур'ёзнай гульні для ПК з Беларусі.

Aterdux Entertainment адзначае, што з'яўляецца першай у СНД камандай, якая паспяхова выйшла на краўдфандынгавую пляцоўку Kickstarter. Там яны сабралі 83 тысячы даляраў у падтрымку распрацоўкі «Легенд Айзенвальда».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках