29 красавiка 2024, панядзелак, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэа Рыгоні: Еўрапейскія вартасці не з'яўляюцца аб’ектам гандлю

Андрэа Рыгоні: Еўрапейскія вартасці не з'яўляюцца аб’ектам гандлю

Спецдакладчык ПАРЕ Андрэа Рыгоні сустрэўся 25 лютага з прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазіцыі.

На сустрэчы былі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Букштынаў, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Мы спачатку папрасілі, каб Рыгоні ўсё ж сказаў, што ў яго ў партфелі і з якімі ён мэтамі і задачамі прыехаў, - распавёў Лябедзька. - Ён адказаў, што пяць гадоў не было ніякага чыннага руху, і цяпер яны хочуць самі зразумець, наколькі пазітыўнымі і карыснымі яны могуць быць для Беларусі. Таму ягоная задача набраць як мага больш матэрыялу».

Са слоў Лябедзькі, Андрэа Рыгоні адзначыў, што ў ПАРЕ пазітыўна ўспрымаюць высокі ўзровень сустрэч са спецдакладчыкам з боку ўлад.

«Але ў канцы, пасля таго, як у нас прайшла дыскусія, ён сказаў, што ўсё ж такі гандляваць вартасцямі ніхто не мерыцца і без абавязанняў прайсці ў Раду Еўропы ўлады не здалеюць. Трэба будзе браць нешта на сябе і выконваць», - сказаў Лябедзька.

У сваю чаргу прадстаўнікі беларускай апазіцыі, адзначыў кіраўнік АГП, звярнулі ўвагу Рыгоні на тое, што «ўлада хоча атрымаць статус спецыяльнага запрошанага і на гэтым уважаць за дастатковы пройдзены шлях, бо гэта не накладае на іх ніякіх абавязанняў, але дае магчымасць доступу да мікрафону і больш-менш паўнавартаснай дзейнасці ў гэтай міжнароднай арганізацыі».

«Мы кажам, што да выбарчай кампаніі не варта рабіць нейкіх значных крокаў насустрач беларускім уладам, - падкрэсліў Лябедзька. - Прэзідэнцкая кампанія павінна быць галоўным крытэрам, наколькі ўлады гатовыя. А калі разглядаць пытанне аб статусе спецыяльнага запрошанага, то яго трэба дапасоўваць да абавязанняў, фіксаваных у часе».

Ацэньваючы цяперашні і мінулыя візіты Рыгоні (ён ужо наведваў Беларусь у якасці спецдакладчыка ў 2009 годзе. - БелаПАН), Лябедзька адзначыў: «Ён стаў больш асцярожны ў выказваннях у параўнанні з тым, якім ён быў падчас мінулага прызначэння, як я памятаю яго. Ён быў больш асцярожны ў фармулёўках. Сказаў, што хацелі б працаваць з усімі, але не разумеюць яшчэ, якім чынам будуць працаваць з Беларуссю. І калі гаворыцца аб супрацоўніцтве, то гэта зусім не азначае - забягайце, дзверы адчыненыя. Гэта дакладна ён не меў на ўвазе».

У сваю чаргу Павел Севярынец адзначыў: «Рыгоні - чалавек не чужы Беларусі. Ён сем гадоў таму ўжо быў спецдакладчыкам, таму добра знаёмы ў дэталях з беларускай сітуацыяй. Ягоныя першыя ўражанні, што нічога не змянілася за гэты час».

Са слоў Севярынца, Рыгоні мае справу з тымі ж праблемнымі пытаннямі, што былі і раней.

«Мы абмяркоўвалі, наколькі ў сённяшняй сітуацыі, пасля Украіны беларускія ўлады гатовы ісці насустрач у пытаннях выбарчага заканадаўства, пытаннях правоў чалавека, вызвалення палітвязняў, рэгістрацыі палітычных партый, то бок усё, што абмяркоўвалася і раней. Ілюзій у яго няма», - мяркуе Севярынец.

Ён падкрэсліў, што цяпер далейшае развіццё стасункаў з ПАРЕ і Радай Еўропы залежыць ад ахвоты беларускіх улад рабіць нейкія крокі.

На думку Севярынца, заявы Рыгоні пра ахвоту ПАРЕ аднавіць супрацоўніцтва з Беларуссю, якія ён раней зрабіў на сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, з'яўляюцца «данінай павагі еўрапейскай культурнай традыцыі».

«Там не звыклі так гаварыць з партнёрамі, як гэта робіць беларускі рэжым. Гэта значыць, ягоныя словы - гэта такое ветлівае запрашэнне, - адзначыў Севярынец. - Еўрапеец пры сустрэчы прапусціць чалавека, дапаможа зняць палітон, а савецкі чалавек будзе паводзіцца па-савецку. На жаль, пакуль усё выглядае такім чынам».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках