1 траўня 2024, Серада, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карл Більт: Захаду пара ўзброіць Кіеў

5
Карл Більт: Захаду пара ўзброіць Кіеў

Еўропе і ЗША пара перагледзець стратэгію ў развязанні расейска-ўкраінскага канфлікту.

Акрамя дыялогу з Крамлём і санкцый, варта задумацца пра ўзмацненне Украіны. Пра гэта піша былы міністр замежных спраў Швэцыі Карл Більт, паведамляе Цензор.нет са спасылкай на Project Project Syndicate.

Тэзіс пра тое, што канфлікт ва Украіне не можа быць развязаны ваенным шляхам, стаў мантрай для заходніх палітыкаў і аналітыкаў. Адзіны спосаб дасягнуць стабільнасці і міру на ўсходзе краіны - дыпламатычны, з упэўненасцю заяўляюць яны. Але, нягледзячы на дамоўленасць у Менску аб спыненні агню, гвалт з боку ваеўнікоў, які выявіўся ў агрэсіўным выцісканні ўкраінскіх войскаў з Дэбальцава, працягваецца. І гэта кажа пра тое, што пара задумацца, як перашкодзіць Крамлю закончыць расейска-ўкраінскі канфлікт ваенным шляхам і на сваю карысць.

Тры ўплывовыя амэрыканскія экспэртныя цэнтры ўжо заняліся гэтым пытаннем і прыйшлі да высновы, што ЗША павінны не толькі павялічыць пастаўкі ва Украіну несмяротнай вайсковай дапамогі - беспілотнікаў, браняваных аўтамабіляў і медыцынскага абсталявання, але і даць смяротныя узбраенні. Еўрапейскія ўрады пакуль не жадаюць перагледзець сваю адмову ў наданні Украіне зброі і далей паўтараюць пра безальтэрнатыўнасць дыпламатычнага развязання. Вядома, для самой Украіны ваеннае супрацьстаянне з РФ сам на сам - не найлепшы варыянт. Летась, калі ўкраінская контратака практычна распляжыла сэпаратыстаў у Данецкай вобласці, здалося, што краіна зможа вярнуць сабе захопленыя тэрыторыі самастойна. Але Крэмль адправіў на дапамогу ваеўнікам расейскіх жаўнераў, і ў больш слабага ўкраінскага войска не засталося шанцаў.

Гэты эпізод дэманструе, што РФ ахвочая ўсякімі сродкамі перашкаджаць ваеннаму распляжванню сэпаратысцкіх утварэнняў, якія яна сама ж стварыла і адправіла ў бой. Гэтую ахвоту не пахіснулі нават адчувальныя страты расейскіх войскаў за час канфлікту. Таму шанцы Украіны на аднаўленне кантролю над Данбасам ваенным шляхам настолькі прывідныя, што не варта і спрабаваць. Калі ж казаць пра доўгатэрміновыя планы сэпаратыстаў ды іхных расейскіх гаспадароў, то яны таксама не зычаць Украіне нічога добрага. Акрамя забеспячэння ваеўнікоў сучасным цяжкім узбраеннем, Расея рыхтуе сваіх спецыялістаў для навучання сэпаратыстаў, імкнучыся стварыць з іх войска, здольнае атакаваць.

Такое войска, як спадзяюцца лідэры ваеўнікоў, дазволіць ім атрымаць кантроль над усёй тэрыторыяй Данбаса. Тады ў іх з'явілася б магчымасць паспрабаваць павялічыць межы так званай Наваросіі да Чарнаморскага ўзбярэжжа, разам з Адэсай. Магчыма, сёй-той марыць нават аб паходзе на Кіеў. Каб прадухіліць гэткі сцэнар, патрэбны комплекс захадаў. Вядома, гэта чынны палітычны дыялог з Крамлём і эканамічныя санкцыі, якія даюць зразумець, што працяг агрэсіі дорага каштавацьме Расеі. Але разам з тым варта засяродзіцца на ўзмацненні Украіны ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Палітычная і дыпламатычная падтрымка, безумоўна, важная. Але значна важнейшая дапамога ў правядзенні рэформаў, барацьбе з карупцыяй і спрыянне эканамічнаму росту Украіны. Нядаўняя дамоўленасць з МВФ мае вялікае значэнне ў кароткатэрміновым перыядзе, а пагадненне з ЕЗ аб усёабдымнай зоне вольнага гандлю - пытанне стратэгічнага значэння. Акрамя таго, калі сэпаратысты пры падтрымцы Расеі будуць верыць, што могуць заняць Данбас і ўзбярэжжа Чорнага мора, міжнародныя партнёры Украіны павінны дапамагчы ёй абараняцца.

У такой напружанай сітуацыі заўсёды знойдуцца гарачыя галовы, ахвочыя ваяваць да пераможнага канца. Але значна больш небяспечныя ў гэтым выпадку прагматыкі, якія ўмеюць знаходзіць слабыя мясціны. Калі абараназдольнасць Украіны падасца РФ і сэпаратыстам слабай мясцінай, яны паспрабуюць захапіць новыя абшары. Ні аб якім палітычным ці дыпламатычным кампрамісе не будзе і гаворкі. Экспэрты ў бяспецы павінны вызначыць, якія дзеянні варта распачаць ЗША і Еўропе для ўзмацнення абараназдольнасці Украіны. Запыты аб несмяротным абсталяванні, пададзеныя прэзідэнтам Пятром Парашэнкам на Мюнхэнскай канферэнцыі бяспекі, могуць падказаць, у якім кірунку варта рухацца.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель ды іншыя заходнія лідэры, несумненна, маюць рацыю, калі кажуць, што ваеннага развязання канфлікту ва Украіне не існуе. Але год перамоў і парушаных дамоўленасцяў прадэманстраваў, што і адной толькі дыпламатыяй абысціся не выпадзе. Толькі знішчыўшы ці хаця б сур'ёзна паменшыўшы шанцы РФ і сэпаратыстаў на паспяховы працяг іх ваеннай кампаніі, Украіна і яе партнёры могуць спадзявацца на палітычнае развязанне, якое прынясе краіне працяглы супакой.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках