27 красавiка 2024, Субота, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейка з'ехала аўтастопам у Расею і прапала

8

Муж жанчыны звярнуўся з арыенціроўкай для пошукаў.

Ліст з просьбай аб дапамозе прыйшоў сёння ў рэдакцыю charter97.org ад чытача Аляксандра Шораха з Берасця.

«Яе завуць Наталля Шорах, ёй 41 год. Рост 163 см, хударлявага целаскладу. 28 студзеня 2015 яна з'ехала з дома па вуліцы Кастрычніцкай Рэвалюцыі (вяслярны канал) у Берасці а 15:00, была на сваім аўтамабілі, які быў знойдзены ў Жабінцы.

Была апранутая: карычневы пухавік з капюшонам (на фота), сіняя шапка, сінія джынсы, чорныя боты, чорная сумка цераз плячо. Валасы сярэдняй даўжыні (карэ) каштанавага колеру, вочы шэра-зялёныя, злёгку вузкаватыя. Гаворка ціхая, спакойная ці нават павольная. Паводзіны яе могуць здацца дзіўнымі. Магчымая частковая страта памяці.

У чацвер 29 студзеня з 20:00 да 21:00 яе бачылі на аўтазапраўцы ў кавярні (знялі камеры відэаназірання) у пасёлку Федзькавічы Берасцейскай вобласці, і ў самым пасёлку да позняга вечара 29 студзеня. Потым бачылі, як яна спрабавала спыніць машыну ў бок Менска.

Далей, з 03:00 да 11:00 (магчыма, даўжэй) пятніцы 30 студзеня Наталля знаходзілася на аўтазапраўцы АЗС 25 «Беларуснафта» пасёлка Яглевічы (знялі камеры відэаназірання), траса М1, блізу Івацэвічаў. На ёй не было курткі і шапкі, была апранутая ў шэрую кофту, пад якой сіне-фіялетавы гольф (магчыма, што яна потым апранула куртку). Казала, што хоча сесці ў маршрутку на Менск.

Як мяркуецца, яе бачылі ў суботу (31 студзеня) вечарам у Баранавічах.

Далейшых звестак пра яе месцазнаходжанне няма. На маршрутцы магла трапіць у Расею», - піша ён.

Аляксандр просіць адгукнуцца кіроўцаў, якія маглі яе падвозіць на трасе ад Федзькавічаў да Яглевічаў-Івацэвічаў і далей, просіць усіх кіроўцаў звяртаць увагу на тых, што галасуюць на трасе жанчын, а таксама звяртаецца да вернікаў і святароў.

«Наталля - глыбока праваслаўны чалавек і можа наведваць храмы, цэрквы і манастыры. Святары і прыхаджане! Калі вы ўбачыце Наталлю, калі ласка, неадкладна паведаміце па кантактных тэлефонах або ў міліцыю», - просіць ён.

Інфармацыю аб зніклай жанчыне берасцеец просіць паведаміць у міліцыю.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках