4 траўня 2024, Субота, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасажыры ігнаруюць цягнік у аэрапорт: вагоны пустыя (Фота)

54

Раніцай 4 лютага новенькі дызель, разлічаны на 418 пасажыраў, прывёз з Менска ў Нацыянальны аэрапорт толькі 7 пасажыраў.

Цягнік з «Менска-Пасажырскага» у Нацыянальны аэрапорт «Менск» ходзіць пяць разоў у дзень: а 5,35; 8,45; 12,20; 16,30 і 20,25. Адкрылі лінію 7 лістапада 2014 г., праз паўтара года пасля даручэння Аляксандра Лукашэнкі «неадкладна распрацаваць праект». Кошт праезду - 25 тысяч. Самы танны спосаб на сёння. Аўтобус каштуе 33 тысячы, на таксі можна даехаць за 400-500 - як пашанцуе дамовіцца.

Цягнік польскай вытворчасці адпраўляецца з другога шляху другой платформы. Усё новенькае, свежае паветра, зручныя крэслы, маніторы, цёпла, утульна. Толькі пасажыраў няма. Разам са мной едзе блізу 15 чалавек. Прычым, з іх да самага аэрапорта з перасадкай у аўтобус толькі... 7! «Неімаверная» эфектыўнасць для цягніка, які змяшчае 418 пасажыраў.

У будынак аэрапорта да зоны вылетаў выходжу а 9:50, распавядае журналіст «Еўрарадыё» Алесь Пілецкі.

Роўна праз гадзіну і пяць хвілін з моманту адпраўлення з вакзалу. Аўтобусы даязджаюць за гадзіну, маршруткі 40 хвілін, на таксі можна дабрацца за паўгадзіны.

Магчыма, мне не пашанцавала і я трапіў на той цягнік, які «ахоплівае» малую колькасць рэйсаў? Аднак на маніторах аэрапорта адкрытая пасадка адразу на тры рэйсы: у Амстэрдам, Рым і Маскву. Яшчэ тры, у Пецярбург, Прагу і Берлін, на падыходзе. Так што, тэарэтычна, пасажыраў у цягніку павінна было быць значна больш.

«Неадкладна распрацаваць праект, - загадваў Лукашэнка ў красавіку 2013 на сустрэчы з генеральным дырэктарам швейцарскай кампаніі «Штадлер Рэйл Груп» Петэрам Шпулер. - Мы пра гэта даўно ўжо казалі... Нам туды абавязкова трэба. Магчыма, дзесьці ўвогуле прыпыніць праекты дзяржаўнай праграмы, а туды накіраваць сродкі, каб забяспечыць рух пасажырапатоку ў аэрапорт і назад. Гэта вельмі важна. Да моманту паставак электрацягнікоў у Маскву ў нас ужо свая будзе чыгунка. І мы зможам карыстацца ёй у аэрапорт і назад. Гэта вельмі важны праект, ён нам вельмі патрэбны. Каб ў 2014 годзе, хаця б у пачатку 2015 года, мы маглі даехаць у аэрапорт на электрычцы. І людзі скажуць нам за гэта дзякуй. Не такія ўжо вялікія грошы, калі проста па-гаспадарску за гэта ўзяцца».

Што зроблена ў выніку на люты 2015

Электрыфікацыі чыгуначнай лініі не адбылося. Замест беларуска-швейцарскіх электрычак па маршруце курсуюць дызель-цягнікі польскай вытворчасці. Для арганізацыі руху выкарыстаная старая чыгунка, якая служыць у асноўным для падвозу цыстэрнамі паліва для самалётаў. Ад станцыі да аэрапорта пасажыраў давозіць спецыяльны аўтобус.

Ва Управе Беларускай чыгункі Еўрарадыё не змаглі адказаць, на колькі загружаны цягнік, які курсуе ў аэрапорт, але адзначылі, што памяншаць або павялічваць колькасць рэйсаў не плануецца.

Як будавалі чыгунку ў аэрапорт, храналогія.

1 красавіка 2013 года, Лукашэнка заяўляе аб неабходнасці руху электрычкі ад станцыі «Менск-Пасажырскі» да Нацыянальнага аэрапорта «Менск».

2 лістапада 2013 года, кіраўнік службы тэхнічнай палітыкі і інвестыцый «Беларуская чыгунка» Андрэй Алейнік кажа, што «удакладняюцца ўсе пытанні звязаныя з арганізацыяй пасажырскіх камунікацый. Ідзе, што называецца, папяровая, падрыхтоўчая частка работ. Мы атрымліваем адпаведныя дазволы, узгадняем планы. і вось-вось вылучым на месца ўжо з рабочымі і тэхнікай».

3 лістапад 2014, з чыгуначнага вакзалу ў аэрапорт «Менск» адправіўся першы цягнік.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках