27 красавiка 2024, Субота, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваеўнікі выкарыстоўвалі пад Марыупалем найноўшую зброю з РФ

9

Падчас абстрэлу жылых дамоў у Гнутаве і Мікалаеўцы выкарыстоўвалася мадэрнізаваная мадыфікацыя "Граду" - Тарнада "Г".

Пра гэта паведаміў намеснік начальніка сэктара "М" палкоўнік Віктар Шыдлюх сайту Марыупаля 0629.

Ён распавёў, што апошнім часам пры абстрэлах паселішчаў Гнутава, Мікалаеўка ды іншых населеных пунктаў узброеныя фармаванні "ДНР" пачалі ўжываць набоі РСЗА, якія не былі на ўзбраенні войскаў СССР і з’яўляюцца новай мадыфікацыю большай магутнасці, з падвышанай плошчай і інтэнсіўнасцю знішчэння.

Такія набоі могуць паступаць на ўзбраенне "ДНР" толькі з Расеі, мяркуе Шыдлюх.

Гэтыя мадэрнізаваныя набоі створаныя на базе БМ-21 калібра 122 мм.

Адзін тып набояў нашпігаваны стужкавымі касэтамі, якія падчас выбуху падзяляюцца на мноства дробных ромбападобных элемэнтаў з вострымі бакамі. Набой не пакідае яміны, выбухае, рассейваючы ў раёне падзення знішчальныя элемэнты.

Менавіта разрыў такога набою стаўся прычынай загубы ў Гнутаве мужчыны-інваліда, якога раніцай вывелі на веранду падыхаць паветрам. Побач з месцам разрыву жыла сям'я з двухгадовым дзіцем, якое цудам не пацярпела.

Іншы тып набояў - тэрмабалічны баявы прыпас (прыпас аб'ёмнага выбуху, які выкарыстоўвае аэразольнае распыленне запальнага рэчыва і падрыў атрыманага газавага воблака). Пасля яго выбуху ўтворыцца яміна ад 5 да 10 мэтраў у дыямэтры, глыбінёй больш за паўтары мэтры.

Пры нядаўнім абстрэле Навасёлаўкі ад разрыву такога набою ў некалькіх мэтрах ад жылога дома разбурыла сцяну. Падчас выбуху ў пакоі за сталом сядзела сям'я з 5 чалавек. Іх выратаваў дыван, які вісеў на сцяне. 11-гадовая дзяўчынка атрымала нязначную траўму. У двары загінула свойская жывёла.

Шыдлюх прадэманстраваў аскепкі мадэрнізаваных набояў і фатаграфіі з месцаў іх разрыву.

Ён запрасіў назіральнікаў АБСЕ наведаць месцы абстрэлаў і зафіксаваць факты ўжывання супраць цывільных жыхароў гэтай зброі. Палкоўнік выказаў ахвоту пазначыць усе пункты падзення набояў у Гнутаве, Навасёлаўцы і Сартане.

Шыдлюх мяркуе, што ўжыванне магутнай зброі супраць цывільных жыхароў робіцца для таго, каб запалохаць насельніцтва і змусіць людзей пакінуць паселішчы, каб ваеўнікі змаглі актывізаваць баявыя дзеянні супраць УСУ.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках