4 траўня 2024, Субота, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імя новага рэктара ЕГУ стане вядомае 2 сакавіка

2
Імя новага рэктара ЕГУ стане вядомае 2 сакавіка

На гэты дзень запланаваны агульны сход заснавальнікаў ЕГУ, падчас якога павінна быць прынятая адпаведная пастанова.

Як вынікае з інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце ўніверсітэта, у агульным сходзе сузаснавальнікаў удзельнічаюць арганізацыі, якія спрыялі адраджэнню дзейнасці ЕГУ ў Вільні пасля ягонага закрыцця ў Менску. У склад агульнага сходу сузаснавальнікаў уваходзяць Інстытут міжнароднай адукацыі (Літва), а таксама амерыканскія фонды «Адкрытае грамадства» і «Еўразія», піша БелаПАН.

Нагадаем, у верасні 2014 пасаду рэктара ЕГУ пакінуў прэзідэнт універсітэта Анатоль Міхайлаў, які заснаваў універсітэт і кіраваў ім з моманту стварэння. Для абрання новага кіраўніка быў створаны камітэт выбараў рэктара - часовы орган, заснаваны кіроўнай радай ЕГУ.

Спіс прэтэндэнтаў складаецца з шасці імёнаў. У яго ўключана трое грамадзян Беларусі - лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філосаф Таццяна Шчытцова, якая выкладае ў ЕГУ.

На пасаду рэктара прэтэндуюць таксама тры грамадзяніны ЗША - Дэвід Палік, цяпер выконваючы абавязкі рэктара ЕГУ, прарэктар развіцця і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Раслаф.

Шэраг грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі двойчы - у снежні мінулага года і студзені гэтага - выказалі недавер камітэту выбараў рэктара ЕГУ праз закрытасць ягонай працы. На іх думку, рэктарам універсітэта павінен стаць выхадзец з Беларусі, а ВНУ павінна захаваць беларускі вектар развіцця.

У пачатку студзеня ў ЕГУ прайшла студэнцкая канферэнцыя, удзельнікі якой гаварылі пра неабходнасць правядзення адкрытых выбараў рэктара. Кандыдаты на пасаду рэктара павінны прадэманстраваць «разуменне беларускага кантэксту і сувязь з беларускім грамадствам, а таксама прадуманы падыход да фінансавых пытанняў, уключаючы план змяншэння адміністрацыйных выдаткаў ЕГУ», гаварылася ў выніковым дакуменце студэнцкай канферэнцыі.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адкрыўся ў Менску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю кіраўніцтва ЕГУ, зачынілі ВНУ. Праз год ён аднавіў працу ў Вільні, дзе мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ВНУ навучаюцца прыкладна паўтары тысячы студэнтаў, пераважна з Беларусі.

Больш за год таму паміж адміністрацыяй і сенатам ЕГУ паўстаў канфлікт, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу. Група выкладчыкаў, якая выступае супраць палітыкі адміністрацыі, заснавала платформу «За новы ЕГУ». 1 кастрычніка 2014 большасць з іх пазбавіліся працы - з імі не прадоўжылі працоўныя кантракты.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках