3 траўня 2024, Пятніца, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз крызіс гарадзенцы адмаўляюцца ад арэндных кватэр

4

Змена курсу рубля пацягнула за сабой зрухі на рынку арэнды.

Сёння можна зняць адна- і трохпакаёвую кватэру ў цэнтры Горадні за адзін і той жа кошт, уладальнікі офісаў гатовыя скінуць некалькі еўра на квадратны метр, піша «Вечерний Гродно».

- У Горадні кошт арэнды кватэр і офісаў пачынае зніжацца. Падзенне прагназуецца прыкладна на 20%. Да таго ж сёння прапанова перавышае попыт. Калі раней гаспадары з лёгкасцю здавалі сваю ўласнасць праз рэкламную аб'яву за пару гадзін, то апошнім часам усё больш арэндадаўцаў прыходзяць па дапамогу ў агенцтва, - распавёў дырэктар Гарадзенскага аддзялення КУУП «Квадратны метр» Андрэй Борка.

Гэта звязана з тым, што курс валют вырас, а прыбыткі насельніцтва засталіся на тым жа ўзроўні. Як вынік - арандатары сталі неплацежаздольныя.

Спецыялісты ўпэўненыя, што на фармаванне коштаў будзе ўплываць не толькі сітуацыя на фінансавым рынку, але і асабовыя стасункі.

- Людзі будуць дамаўляцца: калі арэндадаўца не пойдзе на саступкі, то ў яго будуць страты за прастой памяшкання. З іншага боку, збіваць кошт можа не кожны - да прыкладу, многія ўладальнікі будуюць офісныя будынкі за валютныя крэдыты і вымушаныя трымаць кошт, - распавядае Андрэй Борка.

Мяркуючы з прыватных аб'яваў, на рынку здымнага жылля цяпер няма агульнай тэндэнцыі: адны ўладальнікі «скідаюць» кошты, іншыя трымаюць на ранейшым узроўні, трэція гатовыя зрабіць мінімальную зніжку. Так, напрыклад, за 250 даляраў за месяц можна зняць трохпакаёвую кватэру ў цэнтры горада з мэбляй, бытавой тэхнікай і добрым рамонтам. І за гэтыя ж грошы жыць у «аднапакаёўцы» з касметычным рамонтам дзе-небудзь на праспекце Касманаўтаў.

У сярэднім жа кошты на аднапакаёвыя кватэры практычна не змяніліся: мінімальная прапанова - 150 даляраў за жыллё без мэблі. Каб арандаваць кватэру з мэбляй, давядзецца заплаціць ад 160 да 250 у залежнасці ад раёна.

Цікава, што некаторыя ўладальнікі кватэр пераходзяць на разлік беларускімі рублямі, пры гэтым запэўніваючы, што калі курс даляра вырасце нават да 16 500, кошт застанецца ранейшым. Так, знайсці двухпакаёвую кватэру сёння можна за 3 мільёны ў месяц у доме на вуліцы Белуша. За 200 даляраў такое ж жыллё прапануюць на Горкага, Брыкеля, БЛК і Кабяка. Пры гэтым гаспадары кажуць, што кошт ужо зніжана на сотню «зялёных». Уладальнікі дыхтоўных «двушак» з еўрарамонтам ў цэнтры горада просяць за сваё жыллё ад 280 да 320 даляраў. Пры гэтым яны згодныя скінуць не больш дзесяці у. е. Сярэдні кошт «траячкі» - 250-400 даляраў. Калі параўноўваць з 2013 годам, калі кошты арэнднага жылля ўзляцелі да сталічных, трохпакаёвыя кватэры сталі танней прыкладна на 150 даляраў!

Як правіла, кошт арэнды прыватных офісных памяшканняў вымяраецца ў еўра і прывязаная да курсу Нацбанка на дзень аплаты. Сёння ўладальнікі офісаў у цэнтры горада просяць за адзін квадратны метр ад 8 да 14 еўра, у спальных раёнах і на ўскраінах - ад 7 да 10. Мы абтэлефанавалі прыватнікаў, каб даведацца, ці гатовыя яны зрабіць зніжку. З усіх суразмоўцаў чвэрць згодная скінуць адзін-два еўра. Уладальнік будынка ў раёне вуліцы Суворава просіць за «квадрат» 10 еўра, спасылаючыся на тое, што кошт ужо паніжаны на некалькі еўра. Гаспадыня будынка на Гаспадарчай вуліцы прапануе квадратны метр памяшкання за 140 тысяч рублёў і абяцае, што кошт не зменіцца да 1 траўня. Вясной яна можа падрасці на 8,5-9 даляраў. Астатнія ж прыватнікі пакуль не гатовыя губляць свае грошы і зніжаць кошты.

Што ж тычыцца памяшканняў дзяржаўнай формы ўласнасці, тут пакуль усё без змен. Арэнда прывязаная не да замежнай валюце, а да базавай арэнднай велічыні, якая тым не менш змяняецца кожны год 1 красавіка. Са слоў загадчыцы сектара Гарадзенскай вобласці кіравання будынкаў рэспубліканскай уласнасці ГУ «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне» Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Наталлі Жудро, пры разліку кошту арэнды для кожнага памяшкання існуе індывідуальны падыход. Аднак сёння самы дарагі квадратны метр у Горадні каштуе блізу 92 тысяч рублёў. Звычайна такое памяшканне знаходзіцца ў цэнтры і мае ўсе неабходныя зручнасці.

- Згодна з указам прэзідэнта сума базавай арэнднай велічыні з 1 красавіка 2015 года будзе разлічвацца з улікам змененага індэкса спажывецкіх коштаў за 2014 у дачыненні да 2013. І мы спадзяемся, што вялікага скачка не адбудзецца, бо сёлета эканамічная абстаноўка была досыць стабільнай, - кажа Наталля Жудро.

Сёння з 30 тысяч квадратных метраў, якія ГГУ здае ў арэнду, свабодна толькі 3%.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках