8 траўня 2024, Серада, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Аўтуховіча патрабуюць выплаціць страхавыя ўзносы за час ягонага зняволення

19
У Аўтуховіча патрабуюць выплаціць страхавыя ўзносы за час ягонага зняволення

Былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча пераследуюць падаткавікі.

Прадпрымальніка і былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча змушаюць выплаціць абавязковыя страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за той час, які ён сядзеў у турме. Падаткавікі сцвярджаюць пры гэтым, што паступаюць законна.

Аднак згодна з прыгаворам суда 7 ліпеня 2006 года, калі прадпрымальнік быў заключаны першы раз на 3 гады і 6 месяцаў, Аўтуховічу было забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю цягам 5 гадоў, піша ПЦ «Вясна».

8 лютага 2009 яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе ён быў прысуджаны да 5 гадоў паводле артыкула 295 частка 3 - «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення, матываваўшы тым, што нібыта новае злачынства ён учыніў, не адбыўшы 2 месяцы з папярэдняга пакарання. Пры гэтым ваўкавыскія чыноўнікі сцвярджаюць, што быць прадпрымальнікам Аўтуховічу не забаронена, і што гэты 5-гадовы тэрмін забароны на дзейнасць скончыўся яшчэ ў турме.

Аднак у частцы 4 артыкула 51 Крымінальнага кодэкса РБ «Пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю» выразна зафіксавана, што «пры прызначэнні гэтага пакарання ў якасці дадатковага да арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую частку або пазбаўлення волі яно распаўсюджваецца на ўвесь час адбыцця асуджаным асноўнага пакарання і звыш таго - на тэрмін, устаноўлены прысудам».

Менавіта гэтага пункта і не заўважаюць у Ваўкавыску, прымушаючы яго аплачваць падатак. Пры гэтым чыноўнікі спасылаюцца на нормы Указа Лукашэнкі №87 ад 21 лютага 2014 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы ў пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», дзе гаворыцца пра тое, што абавязковыя страхавыя ўзносы не выплачваюцца прадпрымальнікам, які афіцыйна спыніў сваю дзейнасць і быў выключаны з рэестра плацельшчыкаў падатку. Такой магчымасці ў Мікалая Аўтуховіча не было. Справа ў тым, што на прадпрымальніка судом у 2006 годзе былі дадаткова накладзеныя штрафныя санкцыі - да спагнання была прызначаная сума больш чым на 350 мільёнаў рублёў - і таму спыніць прадпрымальніцкую дзейнасць без выплаты гэтай запазычанасці ён не мог. Выплаціць гэтую суму таксама не мог, паколькі знаходзіўся ў зняволенні.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч бачыць у гэтай абсурднай сітуацыі пэўны парадокс:

«Дастаткова дзіўная сітуацыя. Чалавек не мог і не можа весці прадпрымальніцкую дзейнасць праз прыгавор суда, але выплачваць грошы ў сацыяльны фонд за гэты перыяд ён абавязаны. Калі Мікалай сядзеў у турме ён тым больш фізічна не мог ні ліквідаваць ІП, ні выплаціць грошы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Атрымліваецца замкнёнае кола».

З часу прыняцця Указа Лукашэнкі №87 летам у лютым, даволі вялікая частка індывідуальных прадпрымальнікаў, якія фізічна спынілі сваю дзейнасць, але не аформілі ліквідацыю ІП паводле закона, вымушаныя будуць выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках