7 траўня 2024, aўторак, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грамадзянін Расеі фатаграфаваў УУС і вайсковыя камісарыяты Гомеля

61

Адміністрацыйныя будынкі забаранілі здымаць пасля затрымання расейскага «дыверсанта».

У інтэрнэце з'явілася копія ўнутранага распараджэння Міністэрства ўнутраных спраў, дзе тлумачацца прычыны падвышанай увагі да фатографаў, паведамляе «Еўрарадыё».

Адсканаваная копія дакумента, падпісанага намеснікам міністра Мельчанкам і датаваная 25 лютага, з'явілася на адным з форумаў. Калі верыць гэтым дакументам, то прычынай падвышанай увагі да ўсіх, хто фатаграфуе альбо здымае на відэа адміністрацыйныя будынкі стала затрыманне грамадзяніна Расеі ў Лоеве. Калеснічэня А.А. нібыта быў затрыманы а 10 гадзіне 23 лютага падчас фатаграфавання мясцовага РУУС. Пасля, ужо ў аддзяленні ў яго фотаапараце знайшлі фота іншых адміністрацыйных будынкаў.

У дзяжурнай частцы Лоеўскага РУУС пацвердзілі, што грамадзянін Расейскай Федэрацыі сапраўды быў затрыманы 23 лютага. Ён быў дапытаны і нават асуджаны за «адміністрацыйнае правапарушэнне». Дзе гэты грамадзянін знаходзіцца цяпер і які ягоны лёс, лоеўскія міліцыянты паведаміць адмовіліся.

Падаем тэкст апублікаванага ў інтэрнэце дакумента цалкам:

«23 лютага 2015 а 10.00 каля будынка Лоеўскага РУУС затрыманы грамадзянін Расейскай Федэрацыі Калеснічэня А.А., які з дапамогай фотаапарата рабіў фотаздымкі будынка РУУС і размешчанага побач вайсковага камісарыяту. Пры аглядзе канфіскаваных у яго рэчаў на ўнутраным носьбіце інфармацыі фотаапарата былі знойдзеныя 15 фотаздымкаў з выявамі будынкаў дзяржаўных органаў, чыгуначнага вакзала Гомеля, а таксама фрагментаў унутраных і вонкавых частак паветранага судна.

У мэтах выключэння аналагічных правакацыйных дзеянняў, а таксама для выканання наказаў міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь аб забеспячэнні грамадскай бяспекі трэба:

- Арыентаваць супрацоўнікаў УУС, што нясуць службу ў складзе штатных патрулёў АДС, а таксама патрулёў, якія былі задзейнічаныя ў ахове грамадскай бяспекі ў адзінай дыслакацыі, на выяўленне, затрыманне і дастаўку ў АУС асоб, якія робяць фота- і відэаздымку будынкаў дзяржаўных органаў, у тым ліку, якія ажыццяўляюць праваахоўную дзейнасць, а таксама крытычна важных аб'ектаў. Папярэдзіць аб патрэбе падвышэння пільнасці падчас нясення службы.

- Падчас разбору з названымі асобамі ў абавязковым парадку забяспечыць іх асабовы ператрус, апытанне, праверку праз базы звестак МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота і відэаўлік.

- Арганізаваць праверку фота-, гука-, відэазапісвальнай апаратуры, іншых прылад, што знаходзяцца з імі, якія выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў, а таксама абсталявання для прыёму і перадачы звестак праз дротавыя і бяздротавыя каналы сувязі.

- Паводле кожнага факту затрымання такіх асоб неадкладна інфармаваць управу аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі грамадскай бяспекі МУС праз тэлефон з наступнай падачай цягам трох гадзін тэлеграмы з тлумачэннем абставінаў выяўленага правапарушэння і прынятых захадаў.

Намеснік міністра, генерал-маёр міліцыі М.А.Мельчанка».

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках