6 траўня 2024, панядзелак, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даля Грыбаўскайтэ: Нам патрэбная сіла адзінства

1
Даля Грыбаўскайтэ: Нам патрэбная сіла адзінства

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заклікала літоўцаў да адзінства перад абліччам новых пагроз.

Як піша партал Delfi.lt, на ўрачыстым пасяджэнні ў парламенце Даля Грыбаўскайтэ сказала, што "пакаленне, якое бараніла і здабыла свабоду, з'яўляецца прыкладам для моладзі".

"У тыя часы сіла адзінства стала легендай. Такая ж сіла нам патрэбна і сёння, праз чвэрць стагоддзя. Калі рэха бразгання зброяй ідзе з таго ж боку. Калі голас свабоды спрабуюць заглушыць стрэламі. Калі не толькі вонкавыя, але і ўнутраныя сілы імкнуцца раскалоць, прынізіць і зацямніць святло свабоды. Мы будзем моцнымі толькі настолькі, наколькі будзем адзінымі", - сказала прэзідэнт.

У сераду ў традыцыйным мерапрыемстве з нагоды гістарычнага выхаду з Савецкага Саюза таксама ўзялі ўдзел прэм'ер-міністр Альгірдас Буткявічус, спікер сэйма Ларэта Граўжынэне, былыя кіраўнікі краіны Валдас Адамкус і Вітаўтас Ландсбэргіс, прэзідэнт Ісландыі, старшыні парламентаў Даніі, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Швэцыі, Эстоніі.

Ля парламента адбудзецца цырымонія ўзняцця сцягоў Балтыйскіх краін і парад. З нагоды свята ў Віленскай ратушы арганізуецца дыскусія круглага стала пра ўрокі гісторыі і выклікі сучаснасці, у ёй возьмуць удзел палітыкі з Балтыйскіх краін, Паўночнай Еўропы, Польшчы, Украіны і ЗША. Пасля абеду ў сталіцы таксама адбудзецца шэсце, якое выклікае супярэчлівыя ацэнкі праз нацыяналістычныя лозунгі.

У Коўні ўрачыстасці традыцыйна пачаліся апоўдні ў садзе Ваеннага музея ім. Вітаўта Вялікага. У Клайпедзе на плошчы Адраджэння гараджан запрашаюць упрыгожыць бранзалетамі Дружбы слупы Гедымінавічаў.

11 сакавіка 1990 года Вярхоўны саветт - Аднаўленчы сэйм пад кіраўніцтвам Вітаўтаса Ландсбэргіса абвясціў Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы, у якім гаварылася, што аднаўляецца скасаваная ў 1940 годзе вонкавай сілай рэалізацыя суверэнных паўнамоцтваў Літоўскай дзяржавы.

Да 1940 года Літва была суверэннай дзяржавай, а пасля гэтага моманту Літва паўстагоддзя была інкарпараваная ў склад СССР.

Краіна атрымала міжнароднае прызнанне ў 1991 годзе. Першай Літву прызнала Ісландыя, яе прэзідэнт у гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Вільні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках