7 траўня 2024, aўторак, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы ў Беларусі публічны бясплатны Wi-Fi з'явіўся ў Магілёве

23
Першы ў Беларусі публічны бясплатны Wi-Fi з'явіўся ў Магілёве

У Магілёве на плошчы Славы і ў парку імя Горкага 11 сакавіка пачаў працаваць першы ў Беларусі пункт бясплатнага Wi-Fi.

«Плошча Славы прайшла рэбрэндынг - была Савецкая, стала плошчай Славы. Тут заўсёды шмат моладзі. Плошча павінна жыць, а маладыя людзі маглі б збірацца, камунікаваць, глядзець сацыяльныя сеткі, правяраць электронную пошту, чытаць навіны», - заявіў на адкрыцці пункту Wi-Fi кіраўнік магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.

Ён адзначыў, што «гэта такі маленькі інфраструктурны крок, які зробіць наш горад лепшым у вачах магілёўцаў і гасцей горада».

Як паведамляе БелаПАН, для таго каб кожны ахвотны мог падлучыцца да сеткі Free Wi-Fi-Mogilev, ён павінен выбраць яе на сваім кампутары або мабільным тэлефоне.

«Вы можаце бясплатна выкарыстоўваць 60 хвілін або да 300 мегабайт інфармацыі, пасля чаго патрабуецца паўторная рэгістрацыя. Не рэкамендуецца праглядаць шмат відэа, бо трафік будзе хутка вычэрпвацца. Нагрузка сеткі разлічаная на 50-60 чалавек», - сказаў Стукалаў.

Паводле ягоных слоў, гэты праект праходзіць цяпер апрабацыю, таму ў карыстальнікаў магчымыя памылкі пры падлучэнні. Пра гэта арганізатары праекта - Цэнтр гарадскіх ініцыятыў - просяць паведамляць ім для супольнага наладжвання карэктнай працы.

Акрамя плошчы Славы і парку імя Горкага, бясплатны бяздротавы інтэрнэт даступны і ў Музеі гісторыі Магілёва, дзе і размешчанае абсталяванне якое перадае сігнал.

Як сказаў Стукалаў, да канца года праект фінансуюць чальцы Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, аднак ён спадзяецца, што далей удасца знайсці спонсараў, рэклама якіх была б размешчаная на сайце праекта, які адкрываецца пры падключэнні да Free Wi-Fi-Mogilev.

«Мы першапачаткова разлічвалі на спонсараў, але, на жаль, магілёўскі бізнэс пакуль з насцярожанасцю да гэтага ставіцца, не бачыць пакуль сэнсу ўкладаць грошы, хоць бы мінімальныя, у такі рэкламны праект. Хоць, я думаю, мы знойдзем камерцыйнага спонсара», - сказаў Стукалаў.

Ён паведаміў, што ў планах адкрыццё яшчэ двух пунктаў бясплатнага Wi-Fi у Магілёве - на Плошчы зорак і ў скверы 40-годдзя Перамогі.

«І мы хочам зрабіць бясплатны Wi-Fi на жаданне людзей у двух спальных раёнах. Мы выставім на галасаванне нейкія пункты, і людзі змогуць выбраць», - паведаміў кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках