5 траўня 2024, Нядзеля, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Беларусаў чакае падзенне заробкаў на 20%

15
Леанід Злотнікаў: Беларусаў чакае падзенне заробкаў на 20%

Праблемы на заводах - заканамерны вынік адміністрацыйнай мадэлі эканомікі.

Апошнім часам пачасціліся трывожныя паведамленні ад працоўных вялікіх беларускіх прадпрыемстваў. Адны жаляцца, што завод перавялі на чатырохдзённы працоўны расклад, іншыя чарговым разам наракаюць на прымусовыя адпачынкі і на нявыплату дапамог, а астатнія, мяркуючы з усяго, проста чакаюць сваёй чаргі. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі - наступствы шмат якіх абставін, пра якія ў інтэрв'ю charter97.org распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў.

- З чым звязаны пераход на чатырохдзёнку і прыпыненне найбольшых беларускіх прадпрыемстваў?

- Па-першае, пасля дэвальвацыі расейскага рубля сітуацыя стала горшай. Калі ў цэлым за 2014 год наш экспарт скараціўся дзесьці на 4-5%, то, напрыклад, ужо ў студзені ў параўнанні са студзенем 2014 года ён скараціўся на 39-40%. Даходы ад экспарту ўпалі. Прадукцыю ж наогул прадаць няма куды, бо ў Расеі попыт абцяла дэвальвацыя, а з другога боку ў іх стала цяжэйшае фінансавае становішча. Даходы насельніцтва ў Расеі памяншаюцца, а кошты растуць. Попыт на беларускую прадукцыю ў Расеі знізіўся.

Па-другое, падаюць даходы беларускага насельніцтва. Напрыклад, з 1 жніўня да 1 лютага яны скараціліся на 10%.

Па-трэцяе, вельмі цяжка залучыць валюту ў краіну з дапамогай замежных пазык, якія мы бралі раней. Агульная замежная завінавачанасць за мінулы год вырасла на 5,3 мільярда даляраў, а за першыя тры кварталы 2015 года прырост склаў яшчэ 1,3 мільярда. Гэта значыць, у краіны менш рэсурсаў для кампэнсацыі імпарту і менш рэсурсаў для падтрымкі прыбыткаў насельніцтва. Чаму прыбыткі насельніцтва звязаныя з залучэннем валюты? Бо нават уласная вытворчасць патрабуе ўлівання валюты. А калі сёлета паступленне валюты ў краіну стала меншае… Я не кажу пра тыя пазыкі, якія мы ўзялі і якія давялося адразу ж вярнуць за тыя запазычанасці, што былі зробленыя раней. Засталося 1,3 мільярда, якія трэба пусціць на кампэнсацыю адмоўнага сальда бягучага падлікова-аплатнага балансу, які сёлета склаў 6 мільярдаў даляраў, і на падтрыманне заробкаў.

Акрамя таго, у снежні быў адток валюты з краіны і ён працягваецца дагэтуль: сёння насельніцтва скупляе ўкраінскія тавары.

Выходзіць такая сітуацыя, што эканамічныя стасункі з Расеяй і цяжкасці з залучэннем валюты ў краіну ўплываюць на ўзровень жыцця людзей і на іхнія даходы. Яны знізіліся, натуральна, знізіўся і попыт унутры краіны. Таму шмат якія прадпрыемствы не маюць збыту сваёй прадукцыі коштам, які акупляе іх выдаткі. Таму яны скарачаюць людзей або зніжаюць аб'ёмы вытворчасці, ладзяць рабочым няпоўную занятасць і гэтак далей.

- Але нельга ў нашых бедах вінаваціць толькі сітуацыю ў Расеі. У Беларусі заўсёды ставала ўнутраных праблем з прамысловасцю.

- Калі паглядзець глабальна, то эфектыўнасць вытворчасці зніжаецца. Я падам прыклад. У 2010 ці ў 2011 годзе прэм'ер Міхаіл Мясніковіч ездзіў на БелАЗ. І ён там сказаў работнікам: «Вы ўжо давялі кошт сваёй прадукцыі да такога ўзроўню, што вашы «БелАЗы» сталі каштаваць столькі ж, колькі аўтамабілі ў Японіі. А яны якасцю горшыя за тыя японскія аўтамабілі», - і падаў нейкі паказчык. Ён ужо тады сказаў, што калі вы не ўнесяце ў вытворчасць змены, то ў вас будуць цяжкасці са збытам. І гэта датычыцца ўсяго беларускага машынабудавання. Падзенне збыту беларускага машынабудавання ідзе з другой паловы 2012 года. Тут падзеі ў Расеі ні пры чым, і цяжкасці з пазыкамі ні пры чым. А самая галоўная прамысловая галіна Беларусі дэградавала ўвесь гэты час. Найперш заробкі сталі траціць яны. У студзені заробак гэтага года паменшыўся ў рабочых гэтых заводаў у параўнанні са снежнем мінулага года на 30%.

- Чаму заробкі раслі, а якасць - не?

- Параўнальна высокая заплата беларусаў стала праблемай. Да ўсяго, што мы назіраем сёння, ішло пакрысе. І збыт, і тэмпы прамысловага развіцця падалі, а заробкі пад ціскам Лукашэнкі - раслі. І яны да сярэдзіны 2014 года выраслі ў 1,44 раза. А рост УБП за гэты час - толькі 2%. Выходзіць, заробак, які не адпавядаў росту прадукцыйнасці працы, «загналі». Што адбылося? Так, інфляцыя, ды дарагія беларускія тавары. Таксама падзенне вытворчасці. А заробкі раслі! І вось у лютым Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, сказаў, што, маўляў, так, такая праблема ў нас была. Але цяпер, маўляў, мы гэтую праблему развязалі, дастасаваўшы парамэтры: тэмпы росту заробку і тэмпы росту УБП. У 2014 годзе тэмп росту УБП быў меншы за 1% і рост заробку таксама быў блізу 1-2%. Але заробкі ж разагналі да высокага ўзроўню! Сапраўды, у першай палове 2014 года заплаты павялічыліся на 4%, а ў другой палове 2014 года яны ўжо знізіліся. Напраўду за год яны выйшлі блізу 1%. Але глядзіце: пачынаючы з 2012 года заробак вырас на 144%, потым трохі панізіўся, але ён жа усё адно застаўся высокі.

- Цяперашняя сітуацыя на заводах - вынік сталага росту заробкаў?

- Так, мы цяпер менавіта гэта і назіраем. У студзені заплата моцна знізілася ў параўнанні з сярэдзінай 2014 года. Але ж заплата яшчэ нават не дастасаваная, яна застаецца вышэйшай, чым снежня 2011 года амаль на 30%. Краіна не можа забяспечваць сёння такі заробак у цяперашніх варунках. Гэтае паніжэнне заробкаў працягнецца, калі мы, вядома, не пазычым за мяжой шмат грошай. А пазычыць сёння грошы цяжка.

- Да якой ступені працягнецца падзенне заробкаў, калі ўсё будзе гэтак жа і далей?

- Падзенне можа быць вельмі значным. Заробкі ўпадуць яшчэ на 15-20% да канца гэтага года, калі не выпадзе пазычыць блізка што 10 мільярдаў. Але, разумееце, гэта ж нават не азначае чыстыя грошы - вялікая частка гэтай пазыкі ўсё адно пойдзе на сплату мінулых запазычанасцяў. Грошай краіне моцна бракуе.

- А да чаго прыйдзе сітуацыя на заводах? Справы ў краіне наладзяцца, калі зноў перакінуць грошай?

- Да чаго гэта ідзе, да таго і прыйдзе! Разумееце, гэта ж адміністрацыйная эканоміка. Яна не дзейсная прынцыпова. Гэта ж азы. Лібэралы ў сваіх тэорыях гэта паказалі здавён-даўна. Тое, што цяпер адбываецца - вынік таго, што Беларусь пайшла не ў тым кірунку пачынаючы з года 1994. Рынкавыя рэформы спыніліся, а адміністрацыйная эканоміка ўрэшце выявілася нядзейснай. Мы маем цяпер скутак.

- Але ж так шмат заводаў не сыходзіла ў адпачынкі адначасова ніколі!

- Ведаеце, у Паўночнай Карэі наогул вельмі шмат заводаў не працуе. Гэта там было нават на пачатку дзвюхтысячных. Рабочыя прыходзяць, сядзяць ля варштата цэлы дзень, нічога не робяць - і бяруць заробак, якога стае на кілаграм курыцы і на пару кілаграмаў рысу. Увогуле, бывае і горш. Тут сацыялізм - і там таксама сацыялізм!

У маёй кнізе «У пятлі папулізму» ёсць прагноз, які я зрабіў яшчэ ў 1995 годзе. Пра тое, што ідэі сацыялізму - гэта вартасці малой групы, якія вельмі прывабныя для людзей. Я пісаў, што там, дзе ўсталюецца адміністрацыйная сістэма, ўсё скончыцца так, як скончылася ў СССР - крахам эканомікі. Гэтак жа, як вабіць святло матылькоў у лесе, іх вабіць інстынкт. Але свет змяніўся! У свеце з'явіліся ліхтары. Але гэты матылёк увесь час гэтак жа ляціць на святло і - трах! - падае на зямлю. Зноў узнімаецца - і ляціць на ліхтар. Так і Беларусь пасля раскідання СССР. І зноў наперадзе нас чарговы раз чакае пляга, пакуль не апячомся на агні, як матылі.

Нагадаем, апошні час шмат якія прадпрыемствы пераводзяцца на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках