5 траўня 2024, Нядзеля, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілітарызацыя замест мадэрнізацыі

2
Мілітарызацыя замест мадэрнізацыі

Амерыканскія экспэрты - пра новую ідэалогію Крамля

Многія палітолагі ў розных краінах успрынялі вяртанне Уладзіміра Пуціна на пасаду прэзідэнта Расеі ў 2012 годзе проста як чарговы этап ягонага палітычнага лідарства. У той жа час, частка амерыканскіх экспэртаў мяркуе, што трэці прэзідэнцкі тэрмін Пуціна па характары моцна адрозніваецца ад папярэдніх. Прычына ў тым, кажуць яны, што задачы Пуціна як кіраўніка дзяржавы ў цяперашняй сітуацыі змяніліся, паведамляе «Голас Амерыкі».

«У Расеі наступіла эпоха «развітага пуцінізму». Яна характарызуецца адыходам ад ранейшай мадэлі і развіццём грамадства ў новым кірунку», - такі аналіз палітычнай сітуацыі ў Расеі падалі экспэрты, якія сабраліся на канферэнцыю ў вашынгтонскім Цэнтры глабальных інтарэсаў пры Універсітэце Джорджа Вашынгтона. Як яны распавялі, Пуцін, зноў апынуўшыся ў ролі прэзідэнта, паставіў перад сабой новыя задачы. Першыя два тэрміны ягонага прэзідэнцтва былі прысвечаныя двум асноўным кірункам: пабудове праславутай «вертыкалі ўлады», гэта значыць умацаванню дзяржаўнай машыны, і назапашванню фінансавых актываў.

Зусім іншыя мэты, як адзначаюць экспэрты, Пуцін пераследуе цяпер. Гэта, з аднаго боку, палітыка рэвізіянізму: нарошчванне вайсковай моцы, анэксія Крыма і пагаршэнне стасункаў з NАТO і Захадам агулам.

Іншая мэта, якая пераклікаецца з першай - адыход ад мадэрнізацыі, як сродак спыніць узніклую ў грамадстве празаходнюю арыентацыю. Замест гэтага, на першае месца ставіцца дамінаванне Расеі на постсавецкай прасторы.

Але тут перад расейскім лідарам узнікае сур'ёзная праблема. Эканоміка краіны арыентаваная на экспарт энэрганосьбітаў, але ў варунках заніжаных коштаў нафты гэтая сістэма больш не працуе. Інвестары таксама пакідаюць Расею, і прыток капіталу ў дзяржказну імкліва знізіўся.

«Цалкам відавочна, што Пуцін хацеў бы рабіць упор у эканоміцы на экспарт газу і нафты. Яго лёгка кантраляваць, ён не патрабуе вялікіх высілкаў і новых тэхналогій, і прыносіць высокія прыбыткі. Але няма ніякіх гарантый таго, што гэтая сістэма выявіцца жыццяздольнай у будучыні. А значыць, Расеі трэба шукаць новыя шляхі і хутчэй дыверсіфікаваць сваю эканоміку. Інакш, добрыя часы для яе хутка скончацца», - кажа намеснік дырэктара Інстытута еўрапейскіх, расейскіх і еўразійскіх даследаванняў пры Універсітэце Джорджа Вашынгтона Роберт Ортунг.

Іншы аспект, які пагражае пуцінскай Расеі негатыўнымі наступствамі, палягае ў тым, што краіна вымушаная цяпер марнаваць занадта шмат сродкаў на вайсковыя выдаткі. У такіх варунках, кажуць экспэрты, эканоміка Расеі будзе не ў стане вытрымаць санкцыі, уведзеныя супраць яе заходнімі дзяржавамі. Атрымліваецца, што чым даўжэй Уладзімір Пуцін застанецца ва ўладзе, тым горш для расейскага грамадства. Рана ці позна, перад ім паўстане выбар: альбо рухацца да дыктатуры і трымаць народ галодным, альбо ўступіць на шлях мадэрнізацыі грамадства і рэарганізацыі эканомікі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках