6 траўня 2024, панядзелак, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея хоча кантраляваць мяжу Беларусі з ЕЗ

12
Расея хоча кантраляваць мяжу Беларусі з ЕЗ

Расея не спыняе спробаў дамагчыся ад Беларусі ўдзелу ў кантролі за прадуктовымі партыямі з краін Еўразвязу.

У лютым Рассельгаснагляд чарговым разам прапанаваў Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі наладзіць сумесны маніторынг падкантрольнай прадукцыі, якая трапляе ў Беларусь з-за межаў Мытнага саюза, паведамляе «Радыё Свабода».

Маюцца на ўвазе пастаўкі харчовай прадукцыі, на якія ў Расеі ўведзена эмбарга і якія па дакументах прызначаныя трэцім краінам. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі адказала на прапанову з Расеі, што такія захады магчымыя толькі пры адначасовым увядзенні сумеснага маніторынгу на вонкавых межах Мытнага саюза ў Казахстане і ў Расеі.

10 сакавіка крыніца ў Рассельгаснаглядзе, на якую спасылаецца «Незалежная газета», абурылася гэтай пазіцыяй Беларусі.

«Пры гэтым ігнаруецца тое, што праз гэтыя адцінкі, у адрозненне ад беларускага, не праходзяць масавыя патокі кантрабандных грузаў з Еўразвяза», - сказаў, паводле выдання, адказны чыноўнік расейскага ведамства і далей прывёў звесткі, што з часу ўвядзення прадуктовага эмбарга (жніўня 2014 года) было спынена 254 партыі кантрабандных прадуктаў агульнай вагой 2,5 тысячы тон. Паводле расейскага чыноўніка, паток кантрабанднага харчавання з Еўропы ідзе ў Расею праз Беларусь пад выглядам транзіту ў іншыя краіны.

Даводзячы гэта, Рассельгаснагляд спасылаецца на 166 падробных сертыфікатаў на імпарт прадуктаў, якія ўдалося выявіць кантралёрам ведамства ў 2015 годзе. Паводле звестак Рассельгаснагляда, гэта ўдвая больш, чым выявілі падробак за ўвесь 2014. «Гэта і мяса замарожанае, і рыба, і гародніна невядомага паходжання. Частку з іх правозілі пад выглядам будаўнічых матэрыялаў, кардона, солі. Так, такія спробы былі і застаюцца», - цытуе «Незалежная газета» кіраўніцу Рассельгаснагляду Ганну Папову.

Чым тлумачыцца пазіцыя Беларусі, якая не згаджаецца дапусціць расейскіх чыноўнікаў да кантролю тавараў з Еўропы на беларускіх памежных пунктах? Калі скончыцца расейскае эмбарга на пастаўкі харчавання з Еўропы? Незалежны эканаміст Міхаіл Залескі так пракаментаваў сітуацыю.

- Ужо другі дзясятак гадоў ідзе палітычная мітусня вакол незразумелых саюзных дзяржаў, мытных саюзаў і гэтак далей. Пачынаючы ад СНД, ідзе гэтая рэстаўрацыя СССР. Але яна праз дрэнных выканаўцаў не атрымліваецца, і, фактычна, усе нацыі з былога СССР, які разваліўся, дзейнічаюць у сваіх нацыянальных інтарэсах. Абурэнне расейцаў пазіцыяй Беларусі звязанае з тым, што нацыянальныя інтарэсы Беларусі тут не супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі Расеі. Яны хочуць, каб мы не прапускалі гэтыя тавары, выконвалі іх эмбарга, а мы ў гэтым не зацікаўленыя. Я не прыхільнік цяперашняй беларускай улады, але тут яна дзейнічае ў сваіх інтарэсах, разумеючы іх як інтарэсы дзяржавы. Іх інтарэс у тым, каб на гэтых таварных патоках зарабляць, зарабляць на кожнай сітуацыі, якая не на карысць Расеі. Бо гэта дае магчымасць зарабіць лішні даляр. Вось яны і імкнуцца, - сказаў ён.

- У якіх варунках расейскі бок можа дамагчыся такога сумеснага маніторынгу, пра які просіць?

- У нашых чыноўнікаў жадання няма, але рукі можна выламаць кожнаму. Калі праблему звязаць з крэдытамі, з нашымі абавязаннямі ў АДКБ, то могуць дамагчыся. Скажуць, што ці ідзіце змагацца за нас, бо на нас напалі «ўкрафашысты», або мы робім дадатковую мытню. Нашы будуць выбіраць з дзвюх бед меншую і пагодзяцца. Рукі выламаць могуць, магчымасці і інструменты ў іх ёсць. Але згоды на гэта ад нашага кіраўніцтва я не чакаю.

Калі шчыра, лепш бы расейцы сваю мытню лепей глядзелі. Вось Кітай падае звесткі, што ад іх, за пэўны перыяд, на 500 мільёнаў даляраў вывезлі ў Расею тэлевізараў, а паводле звестак расейскай мытні выходзіць, што завезлі ўсяго на 20 мільёнаў. І таму, калі ўжо сумаваць, скажу так. Калі расейцы хочуць кантролю за таварнымі масамі, якія ідуць з захаду і з усходу, то няхай яны ўводзяць мяжу з Беларуссю і там усё кантралююць, а не лезуць на нашу мяжу з Польшчай і Літвой.

- Калі можна чакаць скасавання расейскага эмбарга на прадуктовыя тавары з Еўропы?

- Цяпер сітуацыя дваістая. З аднаго боку, расейцы будуць распальваць вайну ва Украіне, тут у мяне ніякага сумнення няма, і санкцыі Еўропе давядзецца ўзмацняць. Але сустрэчныя санкцыі Расеі, іх эмбарга, яшчэ больш губляюць сэнс, бо вялікай шкоды Еўропе яны не наносяць, толькі ствараюць пэўныя нязручнасці, якія трэба развязваць. Гэта эмбарга звязанае выключна з адной асобай. Захацелася гэтага расейскаму тырану, ён так і зрабіў, гэтак жа і ў нас бывае. А эканамічнага сэнсу тут няма ніякага.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках