6 траўня 2024, панядзелак, 22:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатак для прадпрымальнікаў вырасце ў паўтары разы

14
Падатак для прадпрымальнікаў вырасце ў паўтары разы

Папраўкі ва ўказ, які рэгулюе дзейнасць ІП, прадугледжваюць павелічэнне ў паўтары разы сумы падаткаў для гандляроў таварамі без суправаджальных дакументаў.

Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

З ягоных слоў, 13 сакавіка ў Менску адбылася сустрэча сталічных прадпрымальнікаў з чыноўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі, на якой прадстаўнікоў малога бізнэсу азнаёмілі з праектам новага ўказа, якія ўносіць змены ў дзейны ўказ №222. Пасля гэтай сустрэчы фатаграфіі з тэкстам праекта ўказа распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках.

Так, праект новага ўказа абвяшчае, што ІП, якія выплачваюць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, пры вядзенні раздробнага гандлю, у тым ліку таварамі лёгкай прамысловасці, «маюць права рабіць перавозку (транспарціроўку) гэтых тавараў, іх рэалізацыю ў гандлёвых аб'ектах і на гандлёвых месцах на рынках без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё (паступленне)».

Пры гэтым ІП з таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза без суправаджальных дакументаў, абавязаныя выплачваць падатак на даданую вартасць у фіксаванай суме. Гэты падатак вылічаецца як «чатырохразовая сума належнага да выплаты адзінага падатку без уліку павышаючага каэфіцыента 2».

Гэтыя папраўкі, сказаў Шумчанка, агулам адпавядаюць інтарэсам прадпрымальнікаў, за выключэннем памеру падатковай базы. «Тое, што ўлады вяртаюцца да канцэпцыі выплаты прадпрымальнікамі адзінага падатку за права перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць тавары без суправаджальных дакументаў, гэта нас задавальняе, мы гэта падтрымліваем. Але трэба карэктаваць каэфіцыенты падатку, бо каэфіцыент, прадугледжаны ў новым указе, для многіх ІП будзе непад'ёмным, ён вырасце ў паўтара разы», - адзначыў ён.

Лідар прадпрымальніцкага аб'яднання спадзяецца, што да зацвярджэння новага праекта ўказа чыноўнікі запросяць на абмеркаванне гэтага дакумента ІП з рэгіёнаў, паколькі «Менск - гэта не ўся Беларусь, і абмяркоўваць такія пытанні толькі з менчукамі, мякка кажучы, няправільна». «Слонім, Берасце, Гомель, Магілёў - многія прадпрымальнікі ў гэтых гарадах сёння па-ранейшаму не працуюць. Гэта іх павінны запрашаць у першую чаргу», - растлумачыў ён.

У «Перспектыве» мяркуюць, што неабходна вярнуць падаткі, якія дзейнічалі да 1 ліпеня 2014 года і прадугледжвалі выплату падвойнага ПДВ плюс адзіны падатак у двухразовым памеры за магчымасць гандляваць без суправаджальных дакументаў. «І то ў цяперашніх варунках мы ўважаем гэта за высокія стаўкі», - дадаў Шумчанка.

Ён з задавальненнем адзначыў, што частка пунктаў рэзалюцыі, прынятай на форуме прадпрымальнікаў 16 лютага ў Менску, улады выконваюць - фактычна дзейнічае мараторый на праверкі, ідуць перамовы ўлады з прадпрымальнікамі. Акрамя гэтага, паводле інфармацыі «Перспектывы», рыхтуецца сустрэча Лукашэнкі з прадпрымальнікамі. Відавочна, яна адбудзецца 17 сакавіка на адным з гандлёвых аб'ектаў сталіцы.

«Сёння ўлада не мае права на памылку. Калі прэзідэнт двойчы падпіша нежыццяздольны ўказ, гэта будзе выглядаць, мякка кажучы, непрыгожа», - падсумаваў Шумчанка.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках