7 траўня 2024, aўторак, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Магілёва: Даходы ўпалі ўдвая, працы няма

50
Жыхар Магілёва: Даходы ўпалі ўдвая, працы няма

Магілёўцы скардзяцца на падзенне заробкаў і рост коштаў.

«Як змяніліся даходы вашай сям'і з пачатку года - выраслі або знізіліся? З чым вы гэта звязваеце?»- такое пытанне жыхарам абласнога цэнтра задалі журналісты «Радыё Свабода». Большасць магілёўцаў незадаволеныя заробкамі і пенсіямі. Падаем адказы, якія далі жыхары горада журналістам:

- Зменшыліся. Я ў дэкрэтным адпачынку. Дапамогу на другое дзіцяці павялічылі, а заробак у мужа абрынуўся. Працуе ў будаўнічай арганізацыі, там працы менш цяпер. Заробак зменшыўся напалову.

- Адназначна зменшыліся ўдвая. Няма працы нармальнай. Працую нелегальна. Незразумелае нешта ў краіне адбываецца.

- У мяне павялічыліся. Проста адчуванне гэтага павелічэння не моцна цешыць. Кошты ж выраслі, і нашмат. Кватэрная плата вырасла. Складаней жыць стала. Але ў нас і бульба, і морква, і буракі свае ёсць - гэта ўсё дапамагае.

- Зразумела, меншыя сталі. Я на пенсіі, як было ўсё, так і засталося. Вядома ж, растуць кошты, даляр жа расце. Абстаноўка такая цяпер у краіне... Можа, мы Украіне дапамагаем - а як ёй не дапамагчы?

- Цяпер маладым мамам, як я, вельмі цяжка знайсці працу. Скасавалі дапамогу дзіцяці да трох гадоў. Даводзіцца выкручвацца пакуль на адзін мужаў заробак. Значна зменшыліся даходы. Яны ж прыціснулі прадпрымальнікаў. І кошты выраслі.

- На гэты момант я не працую. Шукаю працу. Маю некалькі адукацый. У цэнтры занятасці стаю на ўліку, але не магу знайсці. Там такія вакансіі, што незразумела, навошта трэба было столькі вучыцца, каб невядома кім працаваць. Сем з паловай гадоў вучылася - дзве вышэйшыя адукацыі, курсы - і куды гэта ўсё падзець?

- Зменшыліся. Заробкі паменшылі адсоткаў на 30-40. Нашая эканоміка шмат у чым залежыць ад расейскай. А ў Расеі цяпер праблемы, цяжкасці. Таму яны і ў нас.

- Я на пенсіі. Яна якой была, такой і засталася. Я адна жыву, стае. На прадукты харчавання кошты вельмі растуць. За кватэру з сакавіка вырастуць. Трыста тысяч рублёў плачу за двухпакаёвую. Лекі вельмі дарагія. Калі б у паліклініку не хадзіць, ставала б на ўсё. А вось калі ходзіш, то і не стае, можна сказаць.

- Засталіся тыя ж самыя. Заробкі тыя ж. Кошты выраслі. Значна выраслі. Калі раней грошы маглі адкласці, то цяпер нічога не можам. Гэта палітыкі нашы круцяць-каламуцяць. Можа гэта ўсё з далярам звязана? Не ведаю.

- На тым жа ўзроўні засталіся. У мяне і пенсія, і праца, стае. Кошты ж растуць штодня.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках