8 траўня 2024, Серада, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін: Дзяржава будзе пазбаўляцца ад стратных прадпрыемстваў

10
Леў Марголін: Дзяржава будзе пазбаўляцца ад стратных прадпрыемстваў

Урад Беларусі вызначыўся з пералікам прадпрыемстваў, якія могуць быць прыватызаваныя сёлета.

Паводле звестак Дзяржкаммаёмасці, агулам у гэтым спісе 61 гаспадарчае таварыства і 3 рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы. Сярод іншага ўрад мае прадаць акцыі ААТ «Магілёўхімвалакно» і ААТ «Светлагорск Хімвалакно», у якіх дзель дзяржавы складае адпаведна 90,5% і 100%, піша «Заўтра тваёй краіны».

Ці знойдуцца ахвочыя купіць?

- Вядома, Беларусь не найлепшая краіна для інвестыцый, бо тут не гарантаванае самае галоўнае - права ўласнасці. Можна прыйсці, загразнуць і застацца ні з чым. Але калі праекты выгадныя, то акцыі дзяржпрадпрыемстваў купяць, - мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Аднак ён сумняваецца, што беларускія фабрыкі і заводы хтосьці спяшаецца набыць.

- У варунках крызісу заўсёды існуе канфлікт інтарэсаў пакупніка і прадаўца. Інвэстар спадзяецца, што заўтра яму прададуць яшчэ танней, а дзяржава разлічвае неадкладна атрымаць як мага больш грошай і наўрад знізіць кошт, - прагназуе аналітык.

Экспэрт таксама адзначае, што апошнім часам усё больш інвэстараў аддаюць перавагу стварэнню з нуля прамысловай вытворчасці ў нашай краіне.

- Ніхто не хоча плаціць грошы за састарэлае абсталяванне і цагляныя сцены. Паставіць новы будынак, нашпігаваць сучасным абсталяваннем значна танней, - кажа суразмоўца.

На ягоную думку, урад здалеў пераканаць правадыра ў патрэбе вернуцца да практыкі прыватызацыйных спісаў, ад якіх адмовіліся ў траўні 2012 года.

- Застаецца толькі здагадвацца: якім чынам чыноўнікі Саўміна ўмалёгалі Аляксандра Лукашэнку. Можа, сказалі, што гэта такі тандэт, які трэба хутчэй збываць і атрасаць рукі. А магчыма, пайсці на такі крок прымусіла пільная нястача грошай у скарбе, - мяркуе эканаміст.

Аналітык прагназуе, што дзяржава будзе пазбаўляцца ад стратных прадпрыемстваў. Але нават калі пакупнікі не знойдуцца, улады не рызыкнуць іх ліквідоўваць.

- Гэты баласт з'яўляецца сістэмаўтваральным чыннікам. Да прыкладу, шмат якія калгасы стратныя, але для сельскага насельніцтва з'яўляюцца арганізацыйнай структурай. Рыхтык так і завод, які выконвае болей сацыяльную функцыю. Каму яе перадаць, дзяржава не ведае. А страціць кіраванне народам баіцца. Вось і падтрымлівае на плаве стратныя прадпрыемствы, ствараючы нейкія сацыяльныя гарантыі рабочым, - падкрэслівае Леў Марголін.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках