2 траўня 2024, Чацвер, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасол Польшчы ў Беларусі: Мы робім усё магчымае, каб беларусы не плацілі за візы

11
Пасол Польшчы ў Беларусі: Мы робім усё магчымае, каб беларусы не плацілі за візы

Ці сапраўды ёсць "прарыў і пацяпленне" ў стасунках Беларусі і ЕЗ, калі адкрыюцца візавыя цэнтры і знікнуць чэргі?

Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка.

- Апошнім часам беларускі бок шмат кажа аб імкненні да наладжвання стасункаў з ЕЗ і ЗША. На вашу думку, гэта толькі словы або пацяпленне прыкметнае і на справах?

- Цяжка казаць менавіта пра пацяпленне. Я б назваў гэта "нармалізацыяй стасункаў". Бо што было пасля 2010 года, якая рэакцыя? Тры гады фактычна не было ніякіх візітаў. Ну, або на вельмі нізкім узроўні. Цяпер ёсць спробы наладзіць стасункі і намацаць нашы ўзаемныя інтарэсы. На ўсё патрэбен час, не ўсе хутка робіцца. Цяпер мы знаходзімся на этапе падрыхтоўкі нашых агульных праектаў у будучыні.

- А калі казаць пра двухбаковыя стасункі Беларусі і Польшчы, на іх гэта імкненне да "больш цеснага супрацоўніцтва з ЕЗ" неяк адбілася?

- Спробы наладзіць дыялог мы пачалі ўжо больш за год таму. У мінулым годзе быў абмен візітамі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, у жніўні быў візіт вашага міністра замежных спраў, мы арганізавалі камісію ў эканамічным супрацоўніцтве на ўзроўні намеснікаў прэм'ер-міністраў, і ў снежні яны сустракаліся ў Варшаве.

І я не бачу нейкіх сур'ёзных зрухаў - мы ідзем сваім тэмпам наладжвання стасункаў. Не забывайце такі важны момант: мы - краіны-суседзі. Краіна, якая знаходзіцца ў іншым канцы Еўропы, можа наогул не заўважаць Беларусь. Мы не можам Беларусь не заўважаць і павінны гаварыць з Беларуссю. У нас агульная мяжа, а гэта звязвае!

- На стасунках паміж нашымі краінамі адлюстроўваецца пазіцыя Беларусі да Украіны, спробы паўплываць на мірныя працэсы ў гэтым рэгіёне?

- Было б няпраўдай казаць, што не адбіваецца. Вы ж ведаеце, што крызіс ва Украіне - гэта вайна Расеі з Украінай. Гэта самы вялікі выклік для бяспекі не толькі рэгіёна, але і ўсёй Еўропы цягам апошніх 20 гадоў. І ўсе нашы краіны зацікаўленыя ў тым, каб крызіс быў спынены, каб быў спакой і развіццё.

Беларусь - сусед Украіны, яна для вас другі паводле важнасці партнёр у эканамічных пытаннях. І для нас Украіна - вельмі сур'ёзны партнёр, таму мы таксама спрабуем паўплываць на мір у рэгіёне. І першы візіт у Польшчу вашага міністра замежных спраў быў звязаны перш за ўсё з пытаннямі Украіны. Цяперашняя пазіцыя афіцыйнага Менска аб Украіне гуляе на карысць Беларусі. Асабліва з улікам таго, што ваша краіна мае саюзную дзяржаву з Расеяй. Ролю Расеі ва Украіне ўсе ведаюць, але ваша краіна выпрацавала сваю асаблівую пазіцыю да "ўкраінскага канфлікту" і спрабуе вярнуць мір у гэты рэгіён. Мы гэта вельмі паважаем.

- Тое, што ў Беларусь апошнім часам едзе шмат еўрапейскіх палітыкаў, адны ўважаюць за "дыпламатычны прарыў" іншыя называюць "тэхнічнымі візітамі"...

- Я прыхільнік таго, каб гаварыць не аб прарывах, а аб штодзённай карпатлівай працы. Гэтага раней не было, і вось цяпер мы спрабуем пабудаваць давер паміж краінамі. Але ўсё, што раней перашкаджала стасункам, мы і сёння з парадку дня не здымаем і па-ранейшаму падкрэсліваем: каб наладзіць стасункі з Беларуссю, неабходна, каб ваша краіна ўлічвала наш пункт гледжання на правы чалавека.

Наяўнасць у Беларусі палітвязняў перашкаджае таму, каб напоўніцу пачаць супрацоўніцтва. Тым не менш змянілася геапалітычная абстаноўка, трохі іншыя прыярытэты сёння на першым плане. Але і пра тыя перашкоды мы не забываемся. Калі б Беларусь больш прыслухоўвалася да нашых заўваг, то гэта яшчэ больш павялічыла б тэмпы супрацоўніцтва.

А тое, што едуць розныя палітыкі... Гэта таксама вынік таго, што яны не прыязджалі раней. Калі з'яўляецца нейкая перспектыва, каб у будучыні наладзіць стасункі, то людзі робяць азнаямленчы візіт: едуць, каб паглядзець, як на самой справе выглядае сітуацыя ў краіне. Да таго ж, калі раней не прыязджаў ніхто, а тут разам адбылося 5-6 візітаў, то мімаволі склалася ўражанне нейкай хвалі. Але калі б паглядзелі на палітычнае жыццё ў суседніх краінах, таго ж Усходняга партнёрства, то ўбачылі б, што там часам штодня бывае па некалькі дэлегацый з ЕЗ. Калі параўнаць узровень дыпламатычнага жыцця, то Беларусі вельмі далёка, да прыкладу, да той жа Украіны. У вашым выпадку ёсць візіты, мэта якіх - знайсці пункт судакранання, зразумець іншы бок і спробы папрацаваць на аднаўленне даверу ў стасунках.

- Лагічна было б для развіцця стасункаў запрасіць прэзідэнта Беларусі на саміт Усходняга партнёрства ў Рыгу - як вам такая імавернасць?

- Для нас пазіцыя Беларусі, каб не было дыскрымінацыі, зразумелая. Раней мы запрашалі на саміт не асабіста кіраўніка дзяржавы, а краіну. Не ведаю, як будзе цяпер, якая будзе выпрацаваная і прынятая ўсімі чальцамі Еўразвяза фармулёўка запрашэння на саміт. Імаверна, што зноў будуць запрашацца краіны, і краіна будзе разглядаць, хто прыедзе ў Рыгу. Думаю, калі б на саміце быў Аляксандр Лукашэнка, то ён бы там пачуў у свой адрас шэраг пытанняў, якія былі б для яго не зусім зручнымі. У гэтым сэнсе гэта магло б быць цікава. Але калі запросяць "краіну", то прэзідэнт Лукашэнка будзе вызначаць, хто канкрэтна паедзе ў Рыгу.

- Як вы ацэньваеце імавернасць падпісання пагаднення аб палягчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕЗ ужо ў траўні на саміце?

- Тут ужо не столькі палітычныя, колькі тэхнічныя пытанні пачынаюць "гуляць". Там ёсць пытанне з дыпламатычнымі пашпартамі (беларускі бок хоча, каб уладальнікам дыппашпартоў візы наогул скасавалі - Еўрарадыё), якое ўплывае на працэс выпрацоўкі агульнай пазіцыі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь падпісала гэтую дамову з ЕЗ як мага хутчэй. Тым больш, што ўжо некалькі гадоў беларусы, якія маюць дыппашпарты, могуць прыязджаць у Польшчу без віз. Таму гэта праблема не Польшчы, а іншых краін. Мы ж спрабуем працэс паскорыць, бо гэта ў нашых інтарэсах.

- Візы будуць не 60, а 35 еўра і менш грошай атрымае польскі бюджэт - у чым цікавасць?

- Мы заўсёды казалі пра жаданне павялічваць кантакты паміж людзьмі. Адкрыю сакрэт: у нашых унутраных рэкамендацыях консулам напісана, што яны павінны максімальна палягчаць рэжым атрымання віз: выкарыстоўваць усе магчымасці, каб людзі не плацілі за візы. Сваёй пастановай консул можа паменшыць плату за візу на траціну, напалову або зрабіць яе бясплатнай. Тым больш што да нас такая колькасць людзей з Беларусі прыязджае, што гэта памяншэнне кошту візаў ні на што не ўплывае асабліва - у мінулым годзе мы выдалі больш за 400 тысяч віз!

- Што трэба зрабіць, каб спадабацца консулу і атрымаць бясплатную візу?

- Не так усё працуе. Ёсць пэўныя катэгорыі людзей, якія могуць атрымаць бясплатную візу: дзеці, палякі, якія жывуць у Беларусі, большасць афіцыйных дэлегацый не плаціць, спартоўцы, журналісты... Такіх катэгорый даволі шмат. Паводле статыстыкі, расце колькасць і доўгатэрміновых віз, і віз бясплатных. З мінулага года мы пачалі выдаваць на 2 гады турыстычныя візы. Шчыра кажучы, збольшага гэта вымушаны захад - у нас сталыя чаргі, і колькасць людзей, у адрозненне ад консульстваў іншых краін, якія хочуць атрымаць "польскі шэнген", пастаянна павялічваецца. Мяркую, мы даем больш за палову ўсіх віз, якія атрымліваюць беларусы ў зону Шэнген. Прычым за 4 гады, што я тут працую, мы сталі выдаваць у 2 разы больш віз, а людзей працуе ў консульстве столькі ж.

- У канцы мінулага года вы казалі, што для палягчэння працэдуры атрымання віз будуць адкрытыя візавыя цэнтры, але іх так і няма да гэтага часу...

- Будуць абавязкова. Мы ўжо сканчаем выпрацоўку ўмоў конкурсу, паводле вынікаў якога будзе вызначаны пераможца, які такія цэнтры адкрые. Як толькі працэдура скончыцца, усё будзе залежаць ад пераможцы. Спадзяюся, пасля іх адкрыцця чэргі ў консульства паменшацца. Праўда, яшчэ ў гэтым годзе мы будзем уводзіць візавую біяметрыі. А гэта падоўжыць працэдуру падачы дакументаў. І застанецца яшчэ адно "вузкае месца" - консул. Незалежна ад таго, колькі будзе візавых цэнтраў, пастанову аб выдачы візы кожнаму чалавеку прымае консул асабіста. І калі не будзе павялічаная колькасць консулаў, то праблема з атрыманнем візы можа з часам зноў з'явіцца.

- Колькі прыйдзецца плаціць за паслугі візавага цэнтра?

- Умовы беларускага боку - плата за паслугі не павінна перавышаць 50% кошту візы. Такім чынам, калі віза каштуе 60 еўра, то плата - не больш за 30 еўра. Але ж на тое мы і конкурс праводзім: адным з галоўных фактараў для выбару пераможцы будзе тое, якую ён будзе браць плату за свае паслугі. Такі прынцып мы ўжывалі да нашых візавых цэнтраў у Расеі і ва Украіне, якія ўжо дзейнічаюць. З іншага боку, нават калі за візу ў выніку трэба будзе заплаціць не 60, а, скажам, 75 еўра, то для чалавека, які жыве ў Гомлі або Магілёве, больш выгадна заплаціць гэтыя грошы ў візавым цэнтры свайго горада, чым ехаць у Менск. І тым больш гэта будзе танней, чым рабіць візу праз незаконных пасярэднікаў - яны знікнуць.

- Наконт біяметрыі: калі яе будуць рабіць, то ўжо немагчымая будзе падача групавых дакументаў адным чалавекам?

- Кожны з гэтай групы павінен будзе прыйсці ў консульства і пакінуць адбіткі пальцаў. Іншая справа, што адбіткі бяруцца на некалькі гадоў, і таму пры атрыманні наступнай візы візіт у консульства можна будзе прапусціць.

- Палітычнае пацяпленне неяк паўплывала на эканамічныя стасункі паміж нашымі краінамі?

- Палітыка і эканоміка не тое каб вельмі моцна звязаныя. У нас каля 80% - малы і сярэдні бізнэс, дзе людзі перш за ўсё думаюць пра прыбыткі. І галоўнае для такіх бізнэсоўцаў не палітычныя стасункі паміж краінамі, а тое, ці могуць яны спакойна ў краіне працаваць і атрымліваць прыбытак. Вось мы тут казалі аб наладжванні стасункаў, а ў эканамічным супрацоўніцтве летась было невялікае змяншэнне: у 2013 годзе гандаль склаў 3 мільярды 200 мільёнаў даляраў, а ў мінулым годзе - 3 мільярды. Гэта звязанае і з Расеяй, і з канфліктам на ўсходзе Украіны - бізнэс больш глядзіць не на канкрэтныя краіны, а на рэгіёны. Беларусь знаходзіцца ў адным рэгіёне з Расеяй і Украінай, і бізнэс шукае магчымасці зарабіць у больш спакойных месцах. Бізнэсоўцы не праваабаронцы - яны глядзяць не на тое, хто каго дыктатарам называе, хоць і ўлічваюць гэты момант, а на тое, ці ёсць у краіне празрыстыя законы, ці ёсць магчымасць зарабіць, ці ёсць стабільнасць. Тым не менш сёння польскія інвестыцыі ў Беларусі больш за 300 мільёнаў еўра. У адной толькі "Берасцейскай свабоднай эканамічнай зоне" наўпроставых польскіх інвестыцый каля 150 мільёнаў еўра. Зразумела, было б добра, калі б быў рост інвестыцый. Яго няма, і прычына перш за ўсё ў тым, што вашы свабодныя эканамічныя зоны губляюць сваю прывабнасць. З 2016 года яны губляюць свае прывілеі ў выплаце падаткаў і гэтак далей. А адсутнасць асаблівых прывабных умоў адмоўна ўплывае на цікавасць усякага бізнэсу да вашай краіны, не толькі польскага.

- Тым не менш польскіх тавараў у Беларусі шмат - тыя ж яблыкі...

- Нашы яблыкі традыцыйна дамінуюць на беларускім рынку, і тут нічога не змянілася. Затое вялікія праблемы з пастаўкамі мяса. У мінулым годзе, калі, як вы сказалі, было пацяпленне стасункаў, Беларусь увяла забарону на імпарт польскай свініны, бо мы ўздоўж мяжы з Беларуссю выявілі некалькі выпадкаў захворвання афрыканскай чумой свіней. Мы стала выяўляем такія выпадкі, але толькі ў гэтай вузкай зоне ўздоўж беларускай мяжы!

Думаю, што гэта беларускія кабаны спрабуюць прабрацца ў Польшчу, мы іх фіксуем, і гэта становіцца доказам для беларускіх фітасанітарных службаў, што ў Польшчы ёсць хвароба. І гэта аргумент для забароны экспарту польскага мяса. А гэта значная частка польскага экспарту ў Беларусь. Мы пра гэта стала гаворым з беларускім бокам, што, можа, трэба ўвесці прынцып рэгіяналізацыі. Можа, у Падляшскім ваяводстве ёсць выпадкі захворвання, але ў Велькапольскім, што ў 400 кіламетрах на Захад, такіх выпадкаў няма, а мяса на продаж ёсць. А калі б польскае мяса прыйшло на беларускі рынак, то і кошты б гэтага тавару знізіліся - наша мяса ў некалькі разоў таннейшае за беларускае.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках