2 траўня 2024, Чацвер, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Фяльшцінскі: Расейскае войска актывізуецца ва Украіне і Беларусі ўвесну-ўвосень 2015

49
Юрый Фяльшцінскі: Расейскае войска актывізуецца ва Украіне і Беларусі ўвесну-ўвосень 2015

Захаду варта рыхтавацца да поўнамаштабнай вайны.

Пра гэта ў інтэрв'ю польскаму выданню Interia.Fakty заявіў вядомы расейска-амерыканскі гісторык Юрый Фельшцінскі.

- Вы заяўляеце, што за забойствам Барыса Нямцова стаіць рэжым Уладзіміра Пуціна. Чаму ён быў забіты? Наколькі небяспечным апанентам Нямцоў быў для прэзідэнта Расеі?

- Я заявіў не тое, што за забойствам Барыса Нямцова стаіць рэжым Пуціна. Я заявіў, што за забойствам Нямцова стаіць сам Пуцін. Я ўпэўнены, што без ягонага загаду або згоды Барыса Нямцова ў Маскве ніхто не адважыўся б зачапіць. Нямцоў быў забіты перш за ўсё таму, што заставаўся адзіным сусветна вядомым адкрытым апанентам Пуціна ў самой Расеі, якая асуджае Пуціна ў тым ліку і за акупацыю Крыма, і ўварванне ва Усходнюю Украіну. Другі па вядомасці крытык Пуціна, Аляксей Навальны, які таксама жыве ў Расеі, у адрозненне ад Нямцова з агаворкамі ўсё ж такі падтрымаў анэксію Крыму і ў гэтым сэнсе перастаў быць Пуціну небяспечны.

Нямцоў у вачах Пуціна быў натуральным і галоўным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта краіны ў выпадку, калі з тых ці іншых прычын Пуціну прыйшлося б пакінуць прэзідэнцкае крэсла. Так што з пункту гледжання інтарэсаў Пуціна і вузкага кола ягоных набліжаных менавіта ліквідацыя Нямцова была абсалютнай неабходнасцю.

Пачаўшы агрэсію ва Украіне ў сакавіку 2014 года, Пуцін сваімі рукамі парушыў стабільнасць адбудаванага ім жа рэжыму. Сёння праз ваенныя дзеянні ва Украіне ніхто не можа быць упэўнены ў заўтрашнім дні, у тым ліку і Пуцін. Ліквідацыя галоўнага палітычнага апанента ў перыяд крызісу - натуральны рэфлекс усякага тырана. Пуцін не стаў выключэннем.

- Нямцоў планаваў апублікаваць даклад аб уцягванні Расеі ў вайну ва Украіне. Ці мяркуеце Вы, што менавіта гэта было матывам забойства?

- Для сусветнай грамадскай думкі публікацыя гэтых матэрыялаў не з'явілася б чымсьці сенсацыйным. Мы разумеем, што за ваеннымі аперацыямі на Усходзе Украіны стаіць Расея; мы ведаем, што там знаходзяцца расейская бронетэхніка і іншае сучаснае расейскае ўзбраенне; мы бачым, як у Данбасе і Луганску ваююць расейскія войскі. Іншая справа, што публікацыя былым чальцом кабінета міністраў Расейскага ўрада Нямцовым дакументаў, якія пацвярджаюць наяўнасць расейскіх войскаў ва Украіне, рабіла Нямцова ў вачах Пуціна «здраднікам» і палягчала Пуціну прыняцце пастановы аб вынясенні смяротнага прысуду свайму палітычнаму праціўніку і канкурэнту. У гэтым сэнсе заява Нямцова пра намер апублікаваць дакументы магла стаць апошняй кропляй, якая паспрыяла наспяванню намеру ў бок смяротнага прысуду. З пункту гледжання Пуціна Расея ўцягнутая ў вайну, а падчас вайны дзейнічаюць законы ваеннага часу. Менавіта іх і ўжыў Пуцін да Нямцова.

- Больш за 50 тысяч расейскіх грамадзян выйшлі на дэманстрацыю ў Маскве. Яны асуджалі забойства Барыса Нямцова і вайну ва Украіне. Ці лічыце Вы, што іх голас можа змяніць палітыку Крамля?

- На жаль, гэтыя сумленныя і мужныя людзі, якія выйшлі на дэманстрацыю ў памяць Нямцова, у сучаснай расейскай рэальнасці змяніць нічога не змогуць. Перш за ўсё, у Расеі даўно ўжо аформілася сістэма «вертыкалі ўлады», калі народ не мае дачынення да кіравання дзяржавай на цэнтральным і мясцовым узроўнях і не ўплывае на органы кіравання. Нават калі ўсё насельніцтва Расеі заўтра выкажацца за мір з Украінай, Пуцін вайну не спыніць. Расейскі выбаршчык яму ўжо не патрэбен, бо не выбаршчык вызначае, хто менавіта пераможа на чарговых прэзідэнцкіх выбарах і якую палітыку будзе праводзіць Крэмль.

У Расеі з 2000 года гэта вызначае прэзідэнт, які сядзіць у Крамлі, і толькі ён. З іншага боку, забойства Нямцова - гэта вельмі магутны ўдар па расейскай апазіцыі, і пасля смерці Нямцова апазіцыя стане і меншай, і слабейшай, і цішэйшай. У гэтым сэнсе, вядома ж, ад забойства Нямцова Пуцін застаўся ў патройнай выгадзе: і канкурэнта на ўладу ліквідаваў, і апазіцыю прыслабіў, і фронт сваіх прыхільнікаў умацаваў, бо, вядома ж, з забойствам Нямцова яны акрыялі. Яны ж ведаюць, што Нямцова ліквідавалі з загаду Пуціна. Хлуслівыя версіі ў прэсу Крэмль укідваў не для іх, а для нас.

- Спіс забітых праціўнікаў Пуціна досыць доўгі. Вы выдавалі кнігу Бярозаўскага і пра Бярозаўскага, Вы былі добра знаёмыя з Аляксандрам Літвіненкам. Іх смерці ў чымсьці падобныя? Што павінны рабіць праціўнікі рэжыму для таго, каб апынуцца ў расстрэльным спісе?

- У Пуціна і ягонага рэжыму сёння шмат апанентаў. Большая іх частка знаходзіцца за мяжой, бо супрацьстаяць дыктатуры, знаходзячыся ўнутры, самагубства. Мы гэта бачым на прыкладзе цэлай чароды забітых людзей: журналісткі Ганны Паліткоўскай, чальцоў расейскага парламента Юрыя Шчыкачыхіна і Сяргея Юшанкова. Вось цяпер яшчэ і на прыкладзе Барыса Нямцова.

Крытыкаваць Пуціна з-за мяжы бяспечней, і менавіта з гэтай прычыны Расею пакінулі, напрыклад, Міхаіл Хадаркоўскі, які адседзеў 10 гадоў у турме, і былы чэмпіён свету ў шахматах вядомы дзеяч расейскай апазіцыі, апанент Пуціна і цяперашняга рэжыму Гары Каспараў. Але і знаходжанне за мяжой не ўсіх і не заўсёды ратуе. Спіс праціўнікаў Пуціна за мяжой, забітых ці памерлых дзіўнай смерцю, не абмяжоўваецца Аляксандрам Літвіненкам і Барысам Беразоўскім, хоць гэтыя два прыклады, вядома ж, найбольш яскравыя.

Агульнае паміж гэтымі здарэннямі тое, што Літвіненка, атручаны ў 2006 годзе, быў паплечнікам Бярозаўскага ў супрацьстаянні Пуціну, і калі Беразоўскі ў 2013 годзе быў знойдзены ў пятлі, многім здалася непераканаўчай версія аб ягоным самагубстве. Мне таксама гэта версія здаецца не відавочнай і не пераканаўчай. Тым больш, што ў 2008 годзе ў тым жа Лондане адбылася яшчэ адна загадкавая смерць чалавека, добра знаёмага і з Літвіненкам, і з Беразоўскім: ад сардэчнага прыступу раптоўна памёр партнёр і сябар Бярозаўскага Бадры Патаркацышвілі, на якога былі запісаныя актывы самога Беразоўскага.

Уласна, менавіта ў гэты момант Беразоўскі страціў абсалютна ўсе свае грошы. Няўдалы судовы пазоў супраць Рамана Абрамовіча ў фінансавым плане дабіў Бярозаўскага канчаткова. А палітычныя бітвы супраць свайго стаўленіка - Уладзіміра Пуціна - Беразоўскі прайграў яшчэ раней. Пасля гэтага падвойнага банкруцтва Бярозаўскага можна было браць «голымі рукамі». Без грошай і аховы ён, вядома ж, быў лёгка ўразлівы.

Складана адказаць на пытанне, чаму адны апаненты Пуціна ўжо мёртвыя, а іншыя пакуль што жывыя. Цяжка вызначыць, як менавіта і кім складаюцца спісы патэнцыйных ахвяр. Пуцін адкрыта абвясціў, што ў Расеі існуе «пятая калона», якая працуе супраць інтарэсаў дзяржавы; сацыял-здраднікі, якія здраджваюць краіне. Склаў ён для сябе максімальна поўны спіс ворагаў або не, можна толькі здагадвацца. Але ў выпадку ўзмацнення расейскай агрэсіі ва Украіне лік забітых асабістых ворагаў Пуціна ў Расеі і за мяжой будзе, вядома ж, расці. Як і Сталін, Пуцін чалавек злапомны і любіць даводзіць пачатае да канца. Пакуль вораг жывы, Пуціну неспакойна.

- Паводле паведамленняў ААН у канфлікце ва Украіне загінулі прыкладна 6000 чалавек. ААН заяўляе, што Украіна стаіць ля парога новага этапу гэтага смяротна небяспечнага канфлікту. Што будзе адбывацца ва Украіне цягам найбліжэйшых некалькіх месяцаў? Дзе плануюць спыніцца «прарасейскія сепаратысты»?

- На жаль, лічбы ААН аб 6000 загінулых моцна заніжаныя. Гэта не віна ААН. Такія акалічнасці. Тэрыторыі Данецкага і Луганскага рэгіёнаў абсалютна вынішчаная расейскім войскам і вайсковай тэхнікай. Ніводнага некранутага дома там няма, ніводная паўнавартасная сям'я жыць там не засталася. Хтосьці загінуў; хтосьці сышоў у Расею; хтосьці выехаў ва Украіну. Я не думаю, што прарасейскія і расейскія сілы, якія ўтрымліваюць гэтыя тэрыторыі, зацікаўленыя ў дакладным падліку забітых у выніку канфлікту людзей і ў стане гэтыя падлікі зрабіць. Аб сваіх уласных стратах, прынамсі, яны не абвяшчаюць. Пра колькасць загінулых мірных жыхароў - таксама. Калі-небудзь мы даведаемся, колькі людзей у выніку гэтай вайны загінула. Але, як і ў выпадку двух чачэнскіх войнаў, пра ахвяраў у нас уяўленне пакуль вельмі прыблізнае.

Украіне варта рыхтавацца да поўнамаштабнай вайны з Расеяй. Ёй даўно трэба было пачынаць да яе рыхтуецца. Але Украіна, застылая ў сваім развіцці ў 1991 годзе, эканамічна неразвітая краіна, і цяжка чакаць ад яе разумных і імклівых дзеянняў.

Пуцін вярнуў нас у перыяд 1938-1945 гадоў. Мы абавязаныя ўсвядоміць, што жывем цяпер у новым свеце. Свет гэты страшны і небяспечны. Чым хутчэй гэтую небяспеку ўсвядоміць і Украіна, і астатняя Еўропа, тым хутчэй мы зможам засяродзіць увагу і сілы, каб гэтую небяспеку спыніць.

Спыняць яе прасцей і танней за ўсё на тэрыторыі Украіны. Але для гэтага Еўропа і Амерыка абавязаны аказаць Украіне дапамогу - узбраеннем, вайсковымі і эканамічнымі дарадцамі, грашыма. Гэта, падкрэсліваю, самы танны і самы лёгкі для Еўропы спосаб спыніць Расею - грашыма і ўзбраеннем (г.зн., тымі ж грашыма).

«Прарасейскія сепаратысты» самі не спыняцца. Перш за ўсё, вялікае пытанне, ці існуюць яны, а калі існуюць, то ў якой колькасці. Думаю, што ў неістотнай. Так што ад «сепаратыстаў» нічога не залежыць. Яны з'яўляюцца ўсяго толькі фасадам Расейскай агрэсіі ў Еўропе.

Спыняць трэба не «сепаратыстаў», а Пуціна, прычым сам ён таксама не спыніцца. Ён захопіць столькі, колькі яму будзе дазволена захапіць, як рабіў заўсёды ва ўсе стагоддзі кожны агрэсар. Калі яму дазволяць захапіць Усход і Паўднёва-Усход Украіны, ён рушыць у Цэнтральныя і Заходнія рэгіёны краіны і ў малдаўскае Прыднястроўе. Захапіўшы затым Беларусь, ён выйдзе да межаў Прыбалтыкі і Польшчы, і наўрад ці ўтрымаецца ад спакусы ўвайсці ў Прыбалтыку і аб'яднаць Калінінградскую вобласць з мацерыковай Расеяй.

Калі і гэта атрымаецца, ён рушыць у Польшчу і Фінляндыю, бо і гэтыя тэрыторыі калісьці ўваходзілі ў Расейскую імперыю. Знайсці апраўданне агрэсіі расейская прапаганда заўсёды здолее. А калі вам здаецца, што гэты сцэнар занадта песімістычны, а таму маларэальны, задайце сабе пытанне, ці чакалі вы 13 месяцаў таму, што станеце сведкам расейска-ўкраінскай вайны. Зразумела, што не чакалі. Свет змяніўся ўсяго толькі за год. Будучы год прынясе новыя сюрпрызы. Я не думаю, што яны будуць прыемнымі.

- Ці мяркуеце Вы, што канфлікт ва Украіне пагражае бяспецы Польшчы?

- Трэба быць занадта бестурботным, каб меркаваць, што ў цяперашняй сітуацыі Польшчы нічога не пагражае. Калі ў канцы Другой сусветнай вайны Сталін запатрабаваў у хаўруснікаў згоды на анэксію заходняй Украіны, якая ўваходзіла да 1939 года ў склад Польшчы, Чэрчыль запярэчыў, што Львоў ніколі не належаў Расеі. «Затое Варшава належала», - адказаў Сталін.

Пуцін таксама добра памятае, што Расейскай імперыі калісьці належалі і Польшча, і Фінляндыя, і нават Аляска. Калі Пуціну дазволяць захапіць Польшчу, зразумела, ён паспрабуе яе захапіць. «Пятая калона» ў вас ёсць ужо? Калі няма, Пуцін прафінансуе яе стварэнне. Але спачатку яму трэба будзе захапіць Беларусь і Прыбалтыку. У гэтым сэнсе нечаканым напад Расеі на Польшчу быць не можа.

Іншая справа, што трэба быць рэалістамі. У адзіноце Польшча супрацьстаяць Расеі не можа. Польшча рабіла шмат самагубных учынкаў у сваёй гісторыі. Гераічных, але самагубных, а таму самаразбуралася. У верасні 1939 года Польшчу не выратавала ад германа-савецкага нашэсця нават падпісанае напярэдадні пагадненне аб узаемадапамозе з Вялікай Брытаніяй і Францыяй. Таму асноўная замежнапалітычная задача польскага ўрада сёння - стварэнне магутнай антырасейскай кааліцыі краін Свабоднага свету, здольнай супрацьстаяць расейскай агрэсіі ва Украіне.

Вядомы лозунг «За нашу і вашу свабоду» цяпер надежыць да Украіны больш, чым да каго б там ні было. Цяпер не час узгадваць Валынскую разню і гісторыю шматвяковых канфліктаў двух суседніх народаў (у кожных суседніх народаў спіс узаемных прэтэнзій бясконцы), бо трэба спыняць пагрозу, якая для Польшчы можа быць больш сур'ёзнай за гітлераўскую або сталінскую, бо ў распараджэнні пуцінскай Расеі ёсць яшчэ і атамная зброя.

Незалежнасць і недатыкальнасць Польшчы гарантаваная відавочнымі фактарамі: сяброўствам у NATO, калі мець на ўвазе вайсковы бок пытання; сяброўствам у ЕЗ, калі мець на ўвазе палітыка-эканамічны бок пытання; адсутнасцю агульнай мяжы з Расеяй, калі мець на ўвазе геапалітычны аспект праблемы, у сувязі з чым Польшча кроўна зацікаўленая ў захаванні незалежнасці і Украіны, і Беларусі, і Літвы. Страта незалежнасці адной з гэтых тэрыторый непазбежна вядзе да стварэння агульнай мяжы з Расейскай Федэрацыяй, з усімі наступствамі.

- Назва Вашай новай кнігі: «Трэцяя сусветная вайна: Бітва за Украіну» мяркуе, што мы павінны рыхтавацца да горшага. На колькі імаверны глабальны канфлікт сёння?

- Я думаю, што гэты канфлікт ужо пачаты. У 1938-39 гадах Гітлер па кавалачках захапіў Чэхаславаччыну. Тым не менш у фармальную гісторыю Другой сусветнай вайны гэты захоп не ўвайшоў, бо быў здзейснены да верасня 1939 года. Той факт, што сёння пад ваенную агрэсію Расеі падпала толькі Украіна, не азначае, што праз год вайна не выйдзе за яе межы і з расейска-ўкраінскай не ператворыцца ў шматнацыянальную. Іншая справа, што пасля года ваенных дзеянняў Расея ў рэалізацыі планаў сваіх захопаў атрымала невялікі поспех. Паводле першапачатковага плану стварэнне «Наваросіі» планавалася скончыць да верасня 2014 года. Не выключана, што ўжо да верасня 2014 Пуцін разлічваў захапіць усю Украіну ці прынамсі, разграміць яе як дзяржава.

Відавочна, што тэмп расейскіх захопаў запаволіўся. Пасля года ваенных дзеянняў Расея змагла акупаваць толькі Крым і Данецкі і Луганскі рэгіёны, г.зн. найбольш русіфікаваныя кавалкі Украіны. Іншымі словамі, глабальны канфлікт з Расеяй непазбежны, але часу на падрыхтоўку да яго дзякуючы Украіне цяпер больш. А калі Украіне будзе аказаная дапамога, з вялікай імавернасцю гэты канфлікт можна будзе фармальна звесці да расейска-ўкраінскай вайны. Тады Польшча і астатняя Еўропа не пацерпяць.

- Што на Вашу думку павінна быць зробленае для прыпынення імперскіх амбіцый Пуціна?

- Рабіць трэба тое, што падказвае здаровы сэнс. Здаровы сэнс падказвае, што лепш не даводзіць канфлікт да адкрытага супрацьстаяння Расеі і NATO, бо тады мы будзем казаць аб Трэцяй сусветнай, можа быць нават атамнай, вайне. Гэта азначае, што нельга дапускаць распаўсюджвання гэтага канфлікту за межы краін, якія не з'яўляюцца чальцамі NATO, г.зн. Украіны і Беларусі. Паколькі ў выпадку захопу Расеяй Беларусі расейскае войска атрымае выхад да межаў Прыбалтыйскіх рэспублік, Польшчы і Заходняй Украіны, варта прыкласці максімум намаганняў для таго, каб Беларусь засталася незалежнай дзяржавай, буферам паміж Расеяй і еўрапейскімі краінамі. А для гэтага ў цяперашніх варунках неабходна перш за ўсё дапамагаць Украіне супраціўляцца, паколькі Пуцін наўрад ці адважыцца на аншлюс Беларусі да заканчэння ваенных аперацый супраць Украіны. Гэта па лініі вайсклва-эканамічнай дапамогі Украіне.

У дыпламатычныя поспехі Еўрапейскага звязу я не занадта веру нават не таму, што ЕЗ робіць штосьці відавочна няправільнае, а таму, што ў ЕЗ няма партнёра на гэтых перамовах. Пуцін, з аднаго боку, удзельнічае ў перамовах, а з другога сцвярджае, што Расея ва Украіне не ваюе. Пры такой пастаноўцы пытання палітычныя перамовы пра Украіну весці з Расеяй бессэнсоўна. Яны прывесці ні да чаго не могуць, бо абавязанні на перамовах кожны раз бяруць на сябе ўсе бакі, акрамя Расеі. Для Расеі палітычныя перамовы аб Украіне - ваенная хітрасць, дыпламатычнае прыкрыццё ваенных падрыхтовак.

А вось інструмент, які ў свабоднага свету ёсць і яшчэ не задзейнічаны, гэта эканамічныя санкцыі і эканамічны ціск. Цяперашняя пастаноўка пытання, што гэтыя антырасейскія санкцыі павінны быць аўтаномнымі і тычыцца асобных людзей і кампаній, абсалютна няправільная. Санкцыі павінны быць максімальна шырокімі і тычыцца Расеі і расейскіх грамадзян агулам. Толькі тады, калі гэтыя санкцыі будуць адчувацца ўсім насельніцтвам Расеі, мы ўбачым вынікі: падзенне папулярнасці Пуціна, пратэсты (маўклівыя або актыўныя) супраць ваенных дзеянняў ва Украіне, патрабаванні спыніць канфрантацыю з усім светам дзеля пашырэння імперыі.

У адваротным выпадку мы асуджаныя на два сцэнары. Першы - актывізацыя расейскага войска ва Украіне і Беларусі вясной-восенню 2015 са спробай канчатковага захопу гэтых тэрыторый да верасня 2015 года. Другі - павольны і паступовы захоп расейскім войскам вобласці за вобласцю, рэгіёну за рэгіёнам ва Украіне. У другім выпадку расейска-ўкраінская вайна зацягнецца да 2020 года, калі Расея плануе агулам скончыць пераўзбраенне свайго войска.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках