3 траўня 2024, Пятніца, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эдвард Лукас: Расея можа абрынуцца ў кожны момант

5
Эдвард Лукас: Расея можа абрынуцца ў кожны момант

Расейская сістэма ўлады нестабільная: ёй неабходна сталае ўмяшанне Пуціна.

Калі ён губляе кантроль хоць на хвіліну - тут жа ўзнікаюць фракцыі, якія пачынаюць змагацца за ўплыў. Аб гэтым піша галоўны рэдактар часопіса The Economist Эдвард Лукас, піша «Новы час».

«Прадбачліва або недарэчна? - піша ён. - Знікненне Уладзіміра Пуціна з публічнай прасторы давяло на мінулым тыдні сацыяльныя сеткі і медыя да шаленства. Эканаміст Андэрс Аслунд, які працуе ў Вашынгтоне, выказаў здагадку, што ў Крамлі пачалася поўнамаштабная барацьба за перадзел улады. Адным з бакоў, на ягоную думку, з'яўляюцца Пуцін, ягоны найбліжэйшы хаўруснік Ігар Сечын (кіраўнік «Раснафты»), чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў і МУС. Другім бокам - сілавікі і пракуратура. Некаторыя прадказвалі кровапраліцце; крытыкі рэжыму паспяшаліся за мяжу на фоне чутак аб «растрэльным спісе», у які трапілі апазіцыянеры і журналісты.

Больш пазітыўная версія таго, што адбылося (і дакладна гэтак жа нічым не пацверджаная), абвяшчала, што расейскі лідар паляцеў у Швайцарыю, дзе ягоная таемная палюбоўніца, гімнастка Аліна Кабаева, нарадзіла яму сына. Калумніст Bloomberg Леанід Бершыцкі мяркуе, што, калі другая версія праўдзівая, гэта робіць расейскага лідара больш чалавечным, чым прынята ўважаць».

Крэмль апынуўся ў самым цэнтры падзей, піша журналіст. Прадстаўнікі ўладаў агрызаліся на медыя за спекуляцыі і панікёрства, і сцвярджалі, што ўсё ў парадку: прэзідэнт проста «працуе з дакументамі».

«Да моманту, як вы гэта прачытаеце, Пуцін можа ўжо вярнуцца на публіку, і жыццё працягне ісці нармальным парадкам, - адзначае Эдвард Лукас. - Крэмлялогія можа выявіцца не больш надзейнай навукай, чым астралогія. Але можа быць і так, што забойства Барыса Нямцова было першым сігналам пачатку ўнутранай барацьбы за ўладу, што будзе азначаць новы віток рэпрэсій і агрэсіі.

Але два важныя моманты ўжо праясніліся. Па-першае, палітычнае жыццё РФ пры Пуціне нельга назваць нармальным. Яно скрытнае, паранаідальнае і хлуслівае. Супольнае кіраванне камерцыйных, бюракратычных, крымінальных і інтарэсаў КГБ знішчыла палітычныя інстытуты ў дзяржаве, ператварыла Канстытуцыю ў пасмешышча і паклала пачатак найвялікшаму марадзёрству ў гісторыі. Рэжым затуляе гэта марадзёрства страхам і часткова хлуснёй: атрутная прапаганда накіраваная на загадкавага вонкавага ворага (Захад) і дэманізуе «пятую калону» ўнутры самой РФ.

Гэтая сістэма недастаткова цягавітая, каб перажыць канфлікт сярод сваёй верхавіны. Для падтрымання раўнавагі неабходна сталае ўмяшанне чалавека на вяршыні. Калі ён губляе кантроль хоць на хвіліну - усё роўна, ці віной таму ягоны ментальны стан, фізічныя або асабістыя пытанні, тут жа ўзнікаюць фракцыі, якія пачынаюць змагацца за ўплыў. Гэта вядзе да апраўданых страхаў іншых краін што да расейскага ядравага арсеналу і рызыкі развалу краіны».

Журналіст нагадвае, як Вячаслаў Валодзін, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ, сказаў летась, што без Пуціна няма Расеі. Гэтая фраза павінна была падкрэсліць, што грамадства падтрымлівае расейскага лідара. Але прачытаць яе можна і інакш: без Пуціна за стырном расейскі карабель затоне. У СССР у свой час хоць бы былі палітычныя інстытуты. Яны дрэнна спраўляліся з палітычнымі трансфармацыямі, але ў грамадстве былі правілы, якіх няма ў пуцінскай Расеі.

«Другі важны момант - Захад не гатовы справіцца з наступствамі таго, што здарылася, - піша ён. - Чыноўнікі любяць стабільнасць. Ужо зразумела, што ў сакавіку адбылося нешта неардынарнае. Нават калі пытанне будзе развязанае, Вашынгтон, Брусэль і іншыя будуць перш за ўсё імкнуцца да стабільнасці. Зваліць усе праблемы на санкцыі будзе нескладана. Яны нібыта падагрэлі антызаходнія настроі і амаль прывялі да перавароту? Значыць, іх трэба аслабіць, як бы гэта не адбілася на Украіне. У той жа час, кожны новы твар на вяршыні - не мае значэння, будзе гэта прэзідэнт ці прэм'ер - атрымае шанец на аднаўленне стасункаў.

Але праўда ў тым, што Захад зусім не ўяўляе, што адбываецца на вышэйшым узроўні расейскай палітыкі, і, адпаведна, не мае магчымасці паўплываць на падзеі. На гэтай хісткай аснове і будуецца наша палітыка ў дачыненні да РФ».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках