7 траўня 2024, aўторак, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліквідацыю праваабарончага цэнтра ў Магілёве адклалі

Ліквідацыю праваабарончага цэнтра ў Магілёве адклалі

Разгляд справы аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Магілёўскі праваабарончы цэнтр» (МПЦ) прыпынены.

Такую пастанову прыняў 17 сакавіка Магілёўскі абласны суд, паведамляе БелаПАН.

Як патлумачыў суддзя Аляксандр Раманаў, пастанова прынятая з узаемнай згоды старон, а таксама ў сувязі з тым, што адказчык падаў дакументы аб рэгістрацыі новага юрыдычнага адрасу.

Нагадаем, у верасні 2014 управа юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама звярнулася ў суд з пазовам аб прыпыненні дзейнасці МПЦ на тры месяцы ў сувязі з адсутнасцю ў арганізацыі юрыдычнага адрасу. У пазове, сярод іншага, адзначалася, што МПЦ «не падаваў у вызначаны час дакументы, патрэбныя для рэгістрацыі змяненняў юрыдычнага адрасу».

1 кастрычніка кіраўніцтва МПЦ паведаміла аб укладанні дамовы на атрыманне новага юрыдычнага адрасу, пасля чаго абласны суд вынес пастанову аб спыненні справы праз адсутнасць падставы. Аднак 5 снежня арэндадаўца нечакана, у аднастароннім парадку, скасаваў дамову арэнды, і на гэтай падставе абласная ўправа юстыцыі вынесла МПЦ папярэджанне, а затым пачала працэдуру ліквідацыі арганізацыі. Папярэдняе пасяджэнне аб справе прайшло ў абласным судзе 10 сакавіка.

Напачатку сённяшняга пасяджэння адказчык паводле справе дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка заявіў адвод складу суда, бо на папярэднім пасяджэнні суддзя Раманаў адмовіўся разгледзець хадайніцтва аб прыцягненні да суду ў якасці сведак арэндадаўца ІП Панамарэнку, чальца МПЦ Грэкава і супрацоўніка КДБ Гаўрылава. Са сцвярджэння Краўчанкі, яны маглі б распавесці суду пра факты ціску з боку спецслужбаў на арэндадаўцу з мэтай скасавання дамовы з праваабаронцамі, бо ніякіх парушэнняў МПЦ не дапускаў. Суддзя Раманаў адхіліў адвод складу суда.

Пасля гэтага прадстаўнік галоўнай управы юстыцыі аблвыканкама Аліна Хмяльніцкая папрасіла далучыць да матэрыялаў справы заяву ад 17 сакавіка, якая паступіла ва управу ад МПЦ, аб дзяржаўнай рэгістрацыі зменаў, унесеных у статут, што да атрымання новага юрыдычнага адрасу. Адказчык не пярэчыў супраць далучэння гэтай заявы да матэрыялаў справы, аднак зноў хадайнічаў аб выкліку ў суд у якасці сведак Панамарэнкі, Грэкава і Гаўрылава.

Разам з тым Хмяльніцкая заявіла, што для разгляду заявы на прадмет яе адпаведнасці заканадаўству спатрэбіцца час. Абедзве стараны не пярэчылі супраць прыпынення разгляду справы, пакуль абласная ўправа юстыцыі будзе разглядаць заяву. Краўчанка таксама пагадзіўся адклікаць сваё хадайніцтва на гэты нявызначаны перыяд. З узаемнай згоды старон суддзя прыпыніў разгляд справы аб ліквідацыі МПЦ.

«З'явілася надзея, што МПЦ будзе дзейнічаць і далей. Яе не было ў мяне напачатку суда, а цяпер яна з'явілася», - заявіў кіраўнік ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, адзначыўшы, што гэтая пастанова «падвешвае» сітуацыю.

«Але якой будзе пастанова суда, я думаю, ведаюць у Менску, у Адміністрацыі Лукашэнкі», - заявіў праваабаронца. Ён выказаў надзею, што дзякуючы намаганням магілёўскіх праваабаронцаў, грамадскасці, а таксама журналістаў, якія асвятляюць гэтую рэзанансную тэму, улады зменяць сваё жаданне ліквідаваць Магілёўскі праваабарончы цэнтр.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках