3 траўня 2024, Пятніца, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Stratfor: Пуцін можа паўтарыць лёс Хрушчова

7
Stratfor: Пуцін можа паўтарыць лёс Хрушчова

Амерыканскія экспэрты мяркуюць, што прэзідэнта Расеі можа зрынуць ягонае ж асяроддзе.

У кастрычніку 1964 Мікіта Хрушчоў вярнуўся з адпачынку і даведаўся, што больш не ўзначальвае СССР. А з пасады яго адхіліў Леанід Брэжнеў, якому ён давяраў і ўважаў за свайго пратэжэ. Тое ж самае можа адбыцца і з цяперашнім прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуцінам. Пра гэта ў сваёй справаздачы пад назвай «Ці выжыве Пуцін?» пішуць экспэрты амерыканскай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor, паведамляе ZN.ua.

Яны апісваюць, як цяперашні расейскі прэзідэнт пабудаваў сваю палітычную кар'еру і прыйшоў да ўлады. На думку экспэртаў, менавіта Пуцін стаў пераемнікам Ельцына таму, што ў час вайны ў Косаве Крэмль праявіў няздольнасць супрацьстаяць палітычна і ў ваенным плане Захаду, які пагражаў Сербіі вайной. Ельцын выказваў пратэсты, але NATO і ЗША не цікавіў пункт гледжання Расе,і улічваючы яе разбуранае войска і эканоміку 90-х гадоў. Урэшце, Крэмль дамогся ўвядзення міратворцаў у Косава і значнага ўдзелу ў місіі расейскага войска. Але слова Расеі так і не стала важным ў косаўскім канфлікце.

Пуціну пасля абрання была адведзеная роля жорсткага кіраўніка, які правядзе неабходныя змены ў войску. Да падзей мінулага года яму ўдавалася выконваць гэта заданне. Але ўварванне ва Украіну, на думку экспэртаў, стала грубай памылкай для Пуціна.

Пасля таго, як прарасейскі прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч збег з краіны праз пратэсты на Майдане, а ў Кіеве зноў замацаваўся празаходні ўрад, прэзідэнт Расеі разлічваў, што на Ўсходзе Украіны пачнецца масавае паўстанне. Але гэтага не адбылося. Таму Пуцін пайшоў на ваенную агрэсію, захапіўшы Крым і невялікую тэрыторыю ў Данбасе, якую ён фактычна кантралюе і сёння. Але пры гэтым уплыў на Кіеў ён страціў.

Запасным планам Пуціна было выкарыстоўваць Украіну і энэргетычны шантаж для таго, каб падзяліць Еўропу і ЗША ў пазіцыі супраць Расеі. Але збіты малайзійскі «Боінг 777» разбурыў гэтыя планы. Для еўрапейцаў і амерыканцаў стала відавочным, што менавіта Расея перадала прарасейскім тэрарыстам сродкі СПА, а таксама адправіла вайскоўцаў, якія могуць ёю карыстацца. Таму падзяліць Захад не атрымалася.

«У гэты момант Пуцін ператварыўся з эфектыўнага і дасведчанага кіраўніка, які праводзіць жорсткую палітыку, на небяспечна некампетэнтнага палітыка, які падтрымлівае безнадзейную барацьбу баевікоў, перадаючы ім зброю», - гаворыцца ў артыкуле.

Экспэрты мяркуюць, што ў гэты ж час лёс Пуціна ўжо вызначаны і яго, хутчэй за ўсё, чакае той жа сцэнар, што і Мікіту Хрушчова. У 1964 году савецкі лідар няўдала для сябе скончыў канфлікт з ЗША, падчас якога ён пагражаў размяшчэннем атамнай зброі СССР на Кубе. Гэта зменшыла ягоную падтрымку сярод партыйных эліт. Заняпад савецкай эканомікі таксама згуляў не на руку Хрушчову. Таму паплечнікі «звольнілі» яго і прызначылі старшынём ЦК КПСС Леаніда Брэжнева.

Пройгрыш у міжнароднай палітыцы і эканамічныя няўдачы знялі з пасады аднаго з самых аўтарытарных лідараў таго часу. Сёння ж эканамічны стан Расеі таксама ў катастрафічным стане. Паказчыкі горшыя, чым былі ў часы Хрушчова або Ельцына і цягам найбліжэйшых гадоў не палепшацца. Праз вайну супраць Украіны рост эканомікі Расеі спыніўся і пачалася глыбокая рэцэсія. Дзяржаўная запазычанасць падвоілася за апошнія 4 гады, а некаторыя рэгіёны Расеі наогул на мяжы банкруцтва. У гэты ж час, некаторыя здабываючыя і металургічныя кампаніі ў краіне ўжо абанкруціліся. Вайна ва Украіне яшчэ больш пагоршыла эканамічнае становішча Расеі. Адток капіталу толькі за першыя паўгода ўзброенага канфлікту склаў 76 мільярдаў даляраў. А наўпроставыя інвестыцыі з-за мяжы скараціліся на 50% у 2014 годзе. І ўсё гэта адбылося на фоне падзення коштаў нафты.

Папулярнасць Пуціна імкліва ўзрасла пасля паспяховай Алімпіяды ў Сочы і акупацыі Крыму. І гэта не дзіўна, паколькі ён пабудаваў сваю палітычную кар'еру на іміджы жорсткага кіраўніка. Ваенныя поспехі адцягваюць расейцаў ад сур'ёзных эканамічных праблем. Але рэальнасць стала вялікім выклікам для Пуціна і ягонага рэжыму.

Экспэрты адзначаюць, што міністр абароны Сяргей Шайгу або мэр Масквы Сяргей Сабянін не менш папулярныя сярод расейцаў, чым дзеючы прэзідэнт. Не выключана, што іх рэйтынг узрасце найбліжэйшым часам. Таксама пераварот у Крамлі могуць зладзіць і кіраўнік Генштаба Сяргей Іваноў і старшыня Савета бяспекі РФ Мікалай Патрушаў.

«Ёсць і іншыя прэтэндэнты. Урэшце, хто мог падумаць, што Міхаіла Гарбачова адхіляць ад улады? Гісторыя сведчыць, што лідары, якія будуюць сваю палітыку «цягліцамі» і пры гэтым робяць грубыя эканамічныя памылкі, не выжываюць», - гаворыцца ў артыкуле .

У асяроддзі Пуціна ўжо цяпер ёсць тыя, хто мяркуе, што справіцца з працай прэзідэнта лепш, чым ён. Яны, як і большасць лідараў у Еўропе, хочуць, каб цяперашні прэзідэнт Расеі сышоў у адстаўку. І гэта гуляе на руку мяцежнікам.

У гэты ж час, чакаць дэмакратычных пераменаў у Расеі пасля звяржэння рэжыму Пуціна таксама не варта. Паколькі за 15 гадоў ён збудаваў таталітарную сістэму ўлады, якой будзе цяжка пазбавіцца. Акрамя таго, Пуцін вярнуў некаторыя савецкія элементы ў Крамлі. Да прыкладу, ягонае блізкае атачэнне, якое прымае ўсе важныя пастановы, з'яўляецца аналагам «Палітбюро» СССР. І як і ў савецкія часы, у гэтым «Палітбюро» могуць адбывацца інтрыгі. Напярэдадні выданне Washington Post пісала, што скандальная «смерць» Пуціна нагадвае ўсе плёткі пра дыктатараў. Сапраўды такі ж сцэнар адбываецца кожны раз, калі з поля зроку знікае нейкі аўтарытарны кіраўнік: Фідэль Кастра, Сі Цзіньпін, аятала Алі Хаменеі або Роберт Мугабэ. Пуцін толькі папоўніў іх шэрагі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках