30 красавiка 2024, aўторак, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За пікет жыхар Капыля павінен выплаціць паўмільёна рублёў

2
За пікет жыхар Капыля павінен выплаціць паўмільёна рублёў

Упершыню за доўгія гады ў Капылі адбыўся афіцыйна дазволены пратэстны пікет.

Мясцовы актывіст Віктар Дашкевіч здолеў дамагчыся ад уладаў згоды на правядзенне мірнага сходу супраць парушэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аб падводных камянях гэтай, здавалася б, перамогі над сістэмай ён распавёў рэгіянальным прадстаўнікам БХК, піша сайт ПЦ «Вясна».

- У канцы лютага я накіраваў заяву на правядзенне пікету на гарадской плошчы ў цэнтры горада. Гэта вельмі люднае месца, побач рынак. Да таго ж пікет прыпадаў на суботу, так бы мовіць - кірмашовы дзень, - кажа грамадскі актывіст. - Шчыра кажучы, спадзяванняў на нейкі станоўчы адказ не было. Раней улады проста адмаўлялі ў правядзенні акцыі без якіх-небудзь каментароў. А тут нечакана пагадзіліся пры ўмове змены пляцоўкі на стадыён Фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Зрэшты, асаблівай перамогі Віктар Дашкевіч тады не адчуў. Стадыён ФАК знаходзіцца ў практычна бязлюдным месцы. Да таго ж улады запатрабавалі ўкладання дамоваў на абслугоўванне пікету з міліцыяй, хуткай дапамогай і адміністрацыяй стадыёна.

- Усяго за гадзіну пікету давялося выкласці амаль паўмільёна рублёў. Самыя дарагія былі паслугі міліцыі - больш за трыста тысяч. Гаспадарам стадыёна фактычна з'яўляецца ўправа адукацыі райвыканкама. Яны ўзялі з мяне крыху менш за сто тысяч рублёў. Пры гэтым ніякай прыборкі яны не праводзілі, бо смецця пасля сябе мы не пакідалі, - абураецца Віктар. - Хуткая дапамога дамову з фіксаваным коштам укладаць адмаўлялася. Маўляў, прадбачыць, каму і колькі лекаў можа спатрэбіцца, яны адразу вызначыць не могуць. Але ката ў мяшку я таксама набываць не збіраўся. Дамовіліся, што пры патрэбе дадатковых паслуг буду кампенсаваць асобна. У выніку дзяжурства брыгады хуткай дапамогі абышлося найтанней. Штосьці блізу дваццаці тысяч з гакам.

Сумарны кошт абслугоўвання дзяржавай пікету можа здацца не занадта вялікай. Калі ж да гэтай лічбы прыплюсаваць выдаткі на выраб візуальнай прадукцыі ды іншыя тэхнічныя моманты, то стане відавочным, што звычайны пенсіянер, якім і з'яўляецца Віктар Дашкевіч, зможа дазволіць сабе правесці не вельмі шмат пікетаў. Варта адзначыць, што міжнародныя нормы абавязак забеспячэння бяспекі падчас такіх акцый ускладаюць на дзяржаву.

Што да самога пікету, то ён, са слоў Дашкевіча, прайшоў без эксцэсаў. Ды і якія эксцэсы маглі адбыцца на незаселеным стадыёне на ўскраіне горада, асабліва калі ўвесь час пікетаванне на відэакамеру здымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках