26 красавiка 2024, Пятніца, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кастусь Жукоўскі: Міліцыянт хлусіў, што я пагражаў яго забіць

8
Кастусь Жукоўскі: Міліцыянт хлусіў, што я пагражаў яго забіць

Грамадскі актывіст з Гомелю Кастусь Жукоўскі мае намер абскардзіць свой арышт у абласным судзе.

Нагадаем, 20 лютага Жукоўскі збіраўся ў Гомельскі аблвыканкам, каб падаць скаргу на забудоўніка, які будуе шматпавярховік ля ягонага прыватнага дома. На ўваходзе ў аблвыканкам у актывіста ўзнік канфлікт з ахоўнікам-міліцыянтам. У выніку Жукоўскі быў затрыманы і дастаўлены ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе яго ў той жа дзень асудзілі на 10 дзён нібыта за лаянку. На знак пратэсту супраць неабгрунтаванага абвінавачвання Жукоўскі ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) абвясціў сухую галадоўку, паведамляе БелаПАН.

Раніцай 2 сакавіка каля ІЧУ актывіста чакалі жонка і сябры, але ў належны час Жукоўскага не выпусцілі, а вывезлі ў невядомым кірунку. Пасля высветлілася, што з ІЧУ актывіста даставілі на вуліцу Кніжную, практычна дахаты. «Каля ізалятара мяне чакалі жонка і сябры, але мяне не выпусцілі - запіхнулі зноў у міліцэйскі аўтамабіль, сказалі, што я затрыманы, і яшчэ паўгадзіны каталі па горадзе. Са мной было пяць міліцыянтаў. Вось куды ідуць бюджэтныя грошы, у тым ліку мае падаткі», - сказаў Жукоўскі.

Ён таксама распавёў падрабязнасці свайго затрымання 20 лютага. Са слоў Жукоўскага, яго затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, якіх ён сам жа і выклікаў. «Я пайшоў у аблвыканкам падаваць скаргу. На вахце міліцыянт не прапусціў мяне ў будынак. Я запатрабаваў кнігу скаргаў, але ён адмовіўся даць, што з'яўляецца парушэннем закона. Я выклікаў міліцыю. Прыехаў міліцыянт, правёў мяне ў будынак, падаў мне кнігу скаргаў. Там я пакінуў тры запісы, і тут міліцыянту паступіла тэлефанаванне, відаць, ад кіраўніцтва, каб мяне даставілі ў РАУС», - сказаў Жукоўскі.

У аддзяленні міліцыі на яго склалі пратакол нібыта за лаянку, а сведкамі на судзе выступалі міліцыянты. «Прычым адзін з іх хлусіў, што я пагражаў яго забіць. Тады чаму на мяне не распачалі крымінальную справу, калі я пагражаў забойствам, а судзілі нібыта за лаянку?» - заўважыў Жукоўскі.

Што да галадоўкі, то ён трымаў яе ўсе дзесяць дзён арышту, прычым першыя пяць дзён - сухую. Затым праз праблемы са здароўем пачаў піць ваду.

Сваё затрыманне і арышт Жукоўскі звязвае з тым, што змагаецца супраць руйнавання прыватнага сэктара ў цэнтры Гомеля, піша скаргі і заявы ў розныя інстанцыі, а цяпер цывільная справа разглядаецца ў судзе. «Я змагаўся супраць нашай карупцыйнай верхавіны, і я іх проста даняў. Яны падумалі, што я расцугляўся, і пасадзілі на дзесяць дзён. Мяне ўзялі за тое, што я зрабіў замах на «святое» - выклікаў міліцыю ў аблвыканкам», - мяркуе актывіст.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі Кастуся Жукоўскага затрымлівала міліцыя, якую ён сам жа і выклікаў. Так, 25 жніўня супрацоўнікі ОМОН затрымалі актывіста ў двары ягонага ўласнага дома. Жукоўскі выклікаў міліцыю ў сувязі з тым, што цяжкавікі з суседняй будоўлі заблакавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд кіроўцы не рэагавалі. У выніку самога ж Жукоўскага судзілі за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і пакаралі пяццю днямі арышту.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках