29 красавiка 2024, панядзелак, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: ЗША чакаюць знясілення Расеі ў вайне супраць Украіны

6
The Washington Post: ЗША чакаюць знясілення Расеі ў вайне супраць Украіны

Чаму прэзідэнт ЗША Барак Абама да гэтага часу цягне з рашучай дапамогай Кіеву?

Вайна ва Украіне набліжаецца да першай гадавіны, а ЗША, нягледзячы на гучныя заявы падтрымкі, акрамя санкцый так і не адважыліся выканаць заклікі аб перадачы ўзбраення ўкраінскаму войску і падняць кошт агрэсіі для Расеі. Дык чаму ж прэзідэнт Барак Абама да гэтага часу цягне з рашучай дапамогай Кіеву?

Пра гэта на старонках The Washington Post (пераклад - zn.ua) піша прафесар Ювал Вэбер з Вышэйшай эканамічнай школы ў Маскве.

Перад тым, як даць адказ на пастаўленае пытанне, экспэрт раіць разгледзець, чаго на самай справе дамагаецца Уладзімір Пуцін, развязаўшы вайну ва Украіне. Ён звяртае ўвагу на заяву старшыні Савета бяспекі РФ Яўгена Луканава, які сказаў: "Нам трэба сесці за стол з ЗША і дамовіцца аб новым сусветным парадку". Расея імкнецца абмежаваць амерыканскую ролю ў сусветнай сістэме бяспекі і зрабіць яе прадказальнай. Для стварэння так званага "біпалярнага свету" Крэмль стварае Еўразійскі саюз і АДКБ. Пасля таго, як гэтыя аб'яднанні адбудуцца, у Маскве хацелі б стварыць вялікую міжнародную арганізацыю, якая б прымала пастановы ў пытаннях бяспекі і ўключала ў сябе ЕЗ, NATO, ЕўрАзЭС і АДКБ. Аб стварэнні такога органа, прынамсі, казаў прэм'ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў, які перакананы, што так можна пакласці канец "панаванню NАТO і ЗША" ў Еўропе.

Акрамя таго, Расея дамагаецца скасавання дактрыны Манро і законна замацаваць паняцце аб сферах уплыву. На Валдайскім саміце Уладзімір Пуцін таксама казаў пра такія праекты і аб так званым "калектыўным лідарстве" - іерархіі дзяржаў, якая будзе грунтавацца на сферах уплыву вялікіх і ўплывовых краін. Гэта, на ягоную думку, дазволіла б эфектыўна змагацца супраць агульных для ўсіх пагроз, такіх як тэрарызм. Аднак без Украіны расейскія праекты асуджаныя на правал. Таму Крэмль матываваны неадкладна і рашуча ваяваць супраць Кіева. Без "далучэння" Украіны ЕўрАзЭС ужо дасягнуў свайго апагею, але так і не адбыўся. У гэты ж час, эканоміка Расеі цягам апошніх гадоў замарудзіла свой рост. І гэта яшчэ адна прычына для Пуціна развязаць вайну цяпер, калі яго краіна ўсё яшчэ мае рэсурсы для агрэсіі. Але чаму Барак Абама ніяк не рэагуе на расейскае паводзіны? На думку экспэрта, з вялікай імавернасцю можна сказаць, што прэзідэнт ЗША таксама мяркуе, што расейскі міжнародны блок дасягнуў свайго апагею і ў будучыні будзе разбурацца, улічваючы расейскія ўнутраныя стандарты. Таму ўсякія перамовы і пошук сумесных пастаноў з Расеяй не толькі пакрыўдзяць і расчаруюць хаўруснікаў у Еўразвязе і Украіне, але і дадуць агрэсару шанец палепшыць сваё становішча і пазбегнуць правалу ў стварэнні ўласнага геапалітычнага праекта. У Белым доме таксама мяркуюць, што наўпроставае ўмяшанне ЗША ў канфлікт ва Украіне кіне выклік Расеі і прывядзе да эскалацыі. Такім чынам ахвяры для Вашынгтона будуць не прымальнымі.

Таму ЗША занялі пазіцыю трэцяй сілы ў канфлікце, якая захоўвае дыстанцыю і чакае знясілення Расеі ў вайне, каб пачаць перамовы з пазіцыі сілы. Калі Абама верыць у існаванне ўнутраных структурных супярэчнасцяў у Расеі праз хісткую эканоміку, якая грунтуецца на продажы прыродных рэсурсаў, то ён, магчыма, заняў пазіцыю, аналагічную пастанове Дуайта Эйзенхаўэра, які ў 1956 годзе не перашкодзіў СССР ўварвацца ў Вугоршчыну і не ўцягнуў сваю краіну ў кароткатэрміновую вайну. Замест гэтага ён абраў працяглую эканамічную барацьбу і гонку ўзбраенняў, чакаючы, калі мілітарысцкі рэжым СССР сам сябе разбурыць.

Гэтак жа Абама не перашкаджае Расеі ваяваць супраць Украіны. Ягоная палітыка палягае ў тым, каб падтрымліваць украінскую эканоміку і ратаваць яе ад калапсу, але пры гэтым не кідаючы наўпроставы выклік Расеі. Такім чынам, нягледзячы на крытыку і незадаволенасць амерыканцаў і вялікія ахвяры ва Украіне, ЗША зоймуць моцную пазіцыю, калі дойдзе да наўпроставай размовы з Расеяй.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках