Вікторыя Нуланд: Расея выйшла з даверу
16- 21.03.2015, 9:10
- 15,437
ЗША спрабавалі ўцягнуць Расею ў агульнасусветныя працэсы, але яна абрала іншы шлях.
Пра гэта памочніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд паведаміла ў Брусэлі, калі выступала на форуме Нямецкага фонду Маршала.
"Мы спадзяваліся, што Расея хоча жыць у свеце, дзе вы не можаце змяняць межы з дапамогай гвалту; што Расея хацела б стварыць грамадства, дзе індывідуальныя правы кожнага чалавека выконваюцца незалежна ад таго, каго ён любіць, ці які ў яго колер скуры, ці каму ён моліцца, дзе сродкі масавай інфармацыі вольныя; дзе мы маглі б весці свабодны гандаль у варунках нізкіх тарыфаў", - цытуе Нуланд расейская служба Радыё Свабода.
На ейную думку, гэта тое, што лучыць Злучаныя Штаты з краінамі ЕЗ і NATO. Гэта тое, што было падмуркам усёй працы, якая была зробленая ў 1990-я гады, каб працаваць з Расеяй - ці была гэта рада Расея-NATO, ці было гэта супрацоўніцтва Расея-ЕЗ у эканоміцы. "Мы спрабавалі наладзіць стратэгічнае партнёрства (з Расеяй)", - падкрэсліла яна.
"Але Расея не зацікаўленая ў правілах дарожнага руху, якія мы прапанавалі і цяпер мы абмежаваныя ў тым, што можна рабіць разам", - паведаміла дыпламатка.
"Мы як і раней будзем рабіць столькі, колькі мы можам, але мы будзем абараняць нашых хаўруснікаў і будзем партнёрамі тых, хто хоча аб'ядноўвацца на гэтай аснове", - адзначыла Нуланд.
Паводле ейных слоў, прэзідэнт Барак Абама хацеў не менш кантролю над узбраеннямі, а больш. "Ён хацеў скарачаць стратэгічныя ўзбраенні і далей", - паведаміла Нуланд.
"Я была накіраваная ў Еўропу на перамовы, каб змяніць пагадненне аб звычайных узброеных сілах - стварыць новае пагадненне", - нагадала Нуланд.
"Мы не здолелі зрабіць гэта, таму што Расея адмовілася казаць пра свае войскі, размешчаныя ў Грузіі і ў Малдове насуперак волі ўрадаў гэтых краін. Такім чынам, мы хацелі б зрабіць больш, але гэта патрабуе даверу і праўды", - паведаміла памочніца дзяржаўнага сакратара.
"Вы не атрымаеце даверу, калі не будзеце глядзець праўдзе ў вочы" - адзначыла Нуланд.
"Таму калі адная краіна адмаўляе, што мае войскі на тэрыторыі іншай краіны, даверу быць не можа. Калі адмаўляе, што правярае новую ракету, якая не можа быць сумяшчальная з дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці, падпісанай у 1987 паміж ЗША і Савецкім Саюзам, даверу не атрымаецца", - паведаміла Нуланд.