Сенатар Тэд Круз першым абвесціць пра ўдзел у выбарах прэзідэнта ЗША
- 22.03.2015, 10:24
- 5,599
Сенатар-рэспубліканец ад штата Тэхас Тэд Круз мае намер у панядзелак, 23 сакавіка, абвясціць аб намеры балатавацца ў прэзідэнты ЗША.
Пра гэта паведамляе выданне Houston Chronicle са спасылкай на дарадцаў сенатара. Ён стане першым прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду, піша РБК.
Паводле інфармацыі дарадцаў, Круз плануе зрабіць афіцыйную заяву ў Свабодным універсітэце (Liberty University) у Лінчбергу (штат Вірджынія).
44-гадовы Круз, папулярны сярод кансерватыўнага кола рэспубліканцаў і ў Партыі чаявання, з'яўляецца сталым і непрымірымым крытыкам адміністрацыі Барака Абамы. Ён паслядоўна выступае супраць яго рэформы медыцынскага страхавання, вядомай як obamacare.
CNN і ORC International survey правялі ў сакавіку апытанне, якое паказала, што Тэд Круз карыстаецца падтрымкай усяго 4% рэспубліканцаў і незалежных выбаршчыкаў. Як адзначае CNN, гэта самы найгоршы паказчык сярод рэспубліканцаў. Найбольшай папулярнасцю ў рэспубліканцаў карыстаюцца брат былога прэзідэнта ЗША Джорджа Буша Джэб Буш (16%) і губернатар штата Віскансін Скот Уокер (13%).
У канцы лютага амерыканскі мільярдэр Дональд Трамп паведаміў, што сур'ёзна абдумвае магчымасць узяць удзел у выбарах прэзідэнта ЗША. «Усе думаюць, што я раблю гэта для таго, каб проста весела правесці час, ці таму што гэта добра для брэнда. Ну, гэта не зусім весела. Я раблю гэта не для задавальнення. Я раблю гэта таму, што ў краіны сур'ёзныя непрыемнасці», - заявіў Трамп.
Выбары прэзідэнта Злучаных Штатаў пройдуць у лістападзе 2016 года.