28 красавiка 2024, Нядзеля, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Цмокi-Менск» атрымалі другую перамогу запар у Адзінай лізе ВТБ

1
«Цмокi-Менск» атрымалі другую перамогу запар у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты «Цмокаў-Менска» атрымалі другую перамогу запар у матчах Адзінай лігі ВТБ.

Цяпер у беларусаў 5 вікторый у 23 матчах цяперашняга сезону, паведамляе БелТА.

Сённяшняя сустрэча з фінскім клубам «Байзонс» на пляцоўцы «Менск-Арэны» для гаспадароў спачатку не была ўдалай. Цягам амаль усяго гульнявога часу чэмпіёны Беларусі былі ў ролі даганяючых. Перад заключнай дзесяцімінуткай «драконы» саступалі «бізонам» з розніцай у 3 балы, але здолелі не толькі дагнаць спаборнікаў, але і выйсці наперад. За 2,4 секунды да заканчэння асноўнага часу гаспадары ўжо здабылі 3 балы. Здавалася, лёс матчу вызначаны, але Павел Ульянка, які толькі што паспяхова выканаў 2 штрафныя кідкі, умудрыўся парушыць правілы на палове поля гасцей, прычым падчас звышдалёкага кідка па кольцы менчукоў. Фіны атрымалі права на 3 штрафныя, якія стрымана рэалізаваў іх лідар Анты Нікарынен, зраўняўшы вынік - 76:76. У авертайме сілы пакінулі фінскіх гасцей, чым паспяхова скарысталіся падапечныя Ігара Грышчука, якія перамаглі ў выніку з лікам 93:82 (16:20, 19:21, 14:11, 27:24, 17: 6). Найлепшым у складзе пераможцаў стаў Іван Мараш, які набраў 25 балаў і які здзейсніў 11 падбораў пад шчытамі.

Да гэтага ў актыве беларускай дружыны было 4 перамогі: у сталіцы Казахстана над «Астаной» (85:84), у Краснаярску над «Енісеем» (94:88) і ў Менску над самарскімі «Чырвонымі крыламі» (74:66) і валгаградскім «Чырвоным кастрычнікам» (89:84).

Нягледзячы на дзве вікторыі запар «Цмокi» па-ранейшаму знаходзяцца на апошнім, 16-м, месцы ў турнірнай табліцы Адзінай лігі ВТБ. Усяго на адну перамогу больш у «Енісея» і «Чырвоных крылаў». Узначальваюць табліцу баскетбалісты маскоўскага ЦСКА, у якіх 22 перамогі ў 25 праведзеных сустрэчах, у падмаскоўных «Хімак» 20 выйгрышаў у 23 матчах, а «Ніжняга Ноўгарада» і краснадарскага «Лакаматыва-Кубані» па 17 вікторый.

Наступны матч у Адзінай лізе ВТБ «драконы» правядуць 31 сакавіка ў сталіцы Эстоніі супраць талінскага «Калева», які цяпер займае 8-е месца, атрымаўшы 10 перамог у 24 праведзеных сустрэчах. Гэта будзе першая ў гэтым сезоне сустрэча беларускага і эстонскага клубаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках