Прэзідэнт Эстоніі: Еўразвязу патрэбен запасны план наконт Расеі
3- 22.03.2015, 21:05
- 7,276
У Еўропы павінен быць распрацаваны запасны план, які будзе прадугледжваць не толькі санкцыі супраць Расеі.
Пра гэта сказаў прэзідэнт Эстоніі Тоомас Гендрык Ільвэс на форуме ў Брусэлі, паведамляе Postimees.
"У выпадку з украінскім крызісам гаворка пра бяспеку ўсёй Еўропы, а не адной дзяржавы. Для гэтага Еўропа павінна прыняць дакладны пункт гледжання, паказаць сваю адвагу і моц. Цяпер мы абмяркоўваем, ці пастаўляць ва Украіну зброю або ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі. Калі будзе прынятая пастанова не рабіць ні таго, ні іншага, ці мае Еўропа запасны план?" - сказаў Ільвэс.
Кажучы аб бяспецы ў Прыбалтыцы, Ільвэс адзначыў, што краіны павінны аддаваць 2% УБП на абарону, як гэта робіць Эстонія, піша "Еўрапейская праўда".
Як паведамлялася, краіны ЕЗ у чацвер пастанавілі падоўжыць эканамічныя санкцыі супраць Расеі да канца 2015 года. Галоўнай умовай паслаблення санкцый з'яўляецца выкананне менскіх пагадненняў.