3 траўня 2024, Пятніца, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства аховы здароўя: Датэрмінова вызваляць з турмы праз сухоты нельга

24
Міністэрства аховы здароўя: Датэрмінова вызваляць з турмы праз сухоты нельга

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ініцыявала прапанову, каб сухоты не з'яўляліся падставай для датэрміновага вызвалення з пенітэнцыярнай сістэмы.

Пра гэта журналістам паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч, паведамляе карэспандэнт БелТА.

"На сённяшні дзень у зняволеных няма матывацыі пазбавіцца ад туберкулёзу. Гэта звязана з тым, што хворыя на туберкулёз маюць пэўныя льготы - даплаты, паслабленне ў плане рэжыму, магчымасць выйсці на свабоду раней заканчэння поўнага тэрміну адбыцця пакарання. Міністэрства аховы здароўя ўносіць прапанову, каб сухоты не з'яўляліся падставай для датэрміновага вызвалення з пенітэнцыярнай сістэмы. Мы мяркуем, што там створаныя ўсе ўмовы для аказання кваліфікаванай процітуберкулёзнай дапамогі", - сказаў Генадзь Гурэвіч.

Разам з тым ён адзначыў, што ўнёсак "пенітэнцыярных" сухотаў у агульную колькасць захворванняў на туберкулёз цягам апошніх гадоў істотна знізіўся. Калі 6-7 гадоў таму амаль 20% агульнага захворвання прыпадала на гэтую групу, то сёння - не больш за 3-4%. "Хоць праблема, безумоўна, ёсць. Захворванне на сухоты ў пенітэнцыярным сектары больш чым у 4 разы перавышае захворванне ў грамадзянскім", - падкрэсліў дырэктар РНПЦ.

Усяго ў Беларусі на дыспансерным уліку знаходзіцца 7,4 тысяч пацыентаў з туберкулёзам. Сярод іх 3,6 тысяч чалавек знаходзяцца на амбулаторным этапе лячэння.

Паводле ацэнак спецыялістаў, захворванне на туберкулёз у Беларусі ніжэйшае, чым у астатніх краінах СНД. За 2014 у параўнанні з папярэднім паказчык знізіўся амаль на 10%. Акрамя таго, упершыню за 10 гадоў колькасць хворых з мультырэзістэнтным туберкулёзам паменшылася на 600 пацыентаў.

Сухоты - інфекцыйнае захворванне, вядомае з глыбокай старажытнасці, якое працягвае заставацца праблемай як міжнароднай, так і нацыянальнай аховы здароўя для многіх краін, у тым ліку для Беларусі. Узбуджальнікам захворвання з'яўляюцца мікабактэрыі туберкулёзу (палачкі Коха), якія адрозніваюцца высокай устойлівасцю: у глебе, жылых памяшканнях, прадуктах харчавання яны захоўваюць жыццяздольнасць блізу года, у вулічным пылу - 8-12 дзён.

Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам адзначаецца 24 сакавіка (менавіта ў гэты дзень у 1882 годзе нямецкі вучоны Роберт Кох абвясціў аб адкрыцці ўзбуджальніка туберкулёзу). Агульная мэта гэтага дня - павысіць дасведчанасць насельніцтва аб глабальным цяжары туберкулёзу, сітуацыі ў вобласці яго прафілактыкі і пра высілкі ў прафілактыцы і барацьбе з гэтай хваробай.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках